Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрскі хакей: Лукашэнка зьбірае вэтэранаў


Архіўнае фота

Архіўнае фота

У менскай «Чыжоўка-Арэне» стартаваў Калядны міжнародны турнір аматараў хакею. Афіцыйнымі СМІ падзея падаецца як галоўная ў першыя дні новага году і адкрывае навінныя выпускі ўсіх дзяржаўных тэлеканалаў.

За прыз прэзыдэнта Беларусі змагаюцца восем зборных, укамплектаваных гульцамі ў ладным веку. Некаторыя ў розныя часы станавіліся прызэрамі Алімпійскіх гульняў, першынстваў сьвету, здабывалі Кубак Стэнлі НХЛ. Але зорныя часы мінулі, і цяпер яны пагаджаюцца на шоў лякальнага ўзроўню.

Зрэшты, інтарэс да імпрэзы паступова астывае — ад ранейшага тузіна ўдзельнікаў засталося восем. Пры тым, што агучваліся амбітныя пляны дацягнуць да фармату чэмпіянату сьвету — 16-ці зборных. Сёлетнія госьці — эўрапейскія каманды, адзіным выключэньнем сталі хакеісты з экзатычных Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. У 2014-м Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі гасьцявалі ў гэтай краіне і далі хакейны майстар-кляс тамтэйшым аматарам (на той час 10-гадовы Коля закінуў дарослым дзядзькам дзьве шайбы). Пасьля гэтага другі раз запар арабскія хакеісты прыяжджаюць у ня меней экзатычны для іх Менск.

За 11 папярэдніх Калядных турніраў іх выйгравалі толькі дзьве каманды: восем разоў Беларусь і тройчы Расея. Беларуская прапаганда называе каманду Лукашэнкі «наймацнейшай аматарскай камандай сьвету» — зборная пад яго кіраўніцтвам не пакідае супернікам практычна ніякіх шанцаў. Вось і ўчора ў матчы са швайцарцамі 61-гадовы Лукашэнка, які выступае пад № 1, адзначыўся ажно чатырма галявымі перадачамі. Гэта дазволіла яму ўвайсьці ў дзясятку найлепшых бамбардыраў гэтых спаборніцтваў.

Падчас цырымоніі адкрыцьця беларускі капітан заявіў, што ні ў якім разе не разглядае турнір як «несур’ёзны» і заўсёды чакае ад партнэраў самага высокага выніку:

«Адметнай рысай беларускага турніру зьяўляецца сур’ёзны спартовы складнік, дух сапраўднай барацьбы і, самае важнае, пераемнасьць прафэсійнага і масавага спорту. Усіх нас аб’ядноўваюць шчырая любоў да гэтага віду спорту, імкненьне разьвіваць у сабе лепшыя якасьці, уласьцівыя яму — мужнасьць, стойкасьць, мэтанакіраванасьць. І нездарма гавораць у народзе: трус у хакей не гуляе. Яшчэ адно адрозьненьне нашага турніру — у ім не бывае тых, хто прайграе. Выйграюць і ўдзельнікі, і нашы заўзятары».

Запрошаныя замежныя хакеісты, бальшыня якіх даўно сьпісаныя ў тыраж, сапраўды выйграюць — мала хто адмовіцца тыдзень на шырокую нагу адпачыць за кошт прымаючага боку. Што тычыцца заўзятараў, то трыбуны звыкла запаўняюцца паводле разнарадкі — збольшага школьнікамі ды вайскоўцамі. А яшчэ ў абавязковым парадку туды мабілізуюцца найвышэйшыя чыноўнікі — на трыбунах плячо ў плячо сядзяць і ўрадоўцы, і супрацоўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Чаму матчам «пэнсіянэрскага турніру» аддаецца столькі ўвагі? Які каштоўны досьвед спорту і маладым хакеістам могуць даць мужчыны ў добрым веку, многія зь якіх ужо зь цяжкасьцю стаяць на каньках? Меркаваньне выказвае спартовы аналітык Уладзімер Хільмановіч:

«Гэта больш паказушная акцыя, натуральнасьці ў ёй вельмі мала. Сам факт таго, што вышэйшыя дзяржаўныя асобы гуляюць у хакей ці іншы від спорту, пазытыўны, але ўсё ж гэта элемэнт прапаганды і перасьледуе адну мэту — паказаць, што дзяржава робіць усё дзеля здаровага ладу жыцьця грамадзянаў. Хоць насамрэч гэта ня так: каб было іначай, у нас разьвіваўся б дзіцячы і юнацкі спорт, а ён у страшэнным заняпадзе. Кіраўнікі Беларусі любяць гаварыць, што ўзялі ўсё лепшае з савецкай сыстэмы. Але нават масавую фізкультуру, якая сапраўды была ў СССР, не перанесьлі: спаборніцтваў мізэр, матэрыяльная база слабая, тых жа каткоў заліваецца вельмі мала. Так што спорт у Беларусі ня масавы — амаль няма месцаў, дзе па-сапраўднаму можна адчуць сябе фізкультурнікам. Таму прыгожая карцінка ніяк не адпавядае рэчаіснасьці».

Карэспандэнт: «І выглядае, што выдаткі на турнір зусім немалыя, і на патрачаныя грошы пару сэзонаў можна было б утрымліваць дзіцячую спартовую школу».

Было б нашмат лепш патраціць гэтыя грошы на падтрымку дзіцячага хакею ці іншага віду спорту

«Безумоўна. Я дакладна ня ведаю, як сёлета, а ў мінулыя гады на мерапрыемства запрашаліся спартоўцы з розных заходніх краінаў, гэта ўсё аплочвалася з кішэні дзяржавы — і пражываньне, і харчаваньне, і ўсё іншае. Сапраўды, было б нашмат лепш патраціць гэтыя грошы на падтрымку дзіцячага хакею ці іншага віду спорту».

Арганізацыя Калядных турніраў, якія абмяжоўваюцца спробай зарабіць іміджавыя ачкі і не перасьледуюць камэрцыйных мэтаў, — рэч надзвычай затратная. Удзельнікаў селяць у высаказоркавыя гатэлі, забясьпечваюць харчаваньнем, транспартам і экскурсіямі. Калі ўлічыць, што аднамесцавы нумар у клясным менскім гатэлі каштуе ў сярэднім 150 даляраў за суткі, а мінімальны склад каманды — 26 чалавек плюс трэнэры і мэдыкі, амаль за тыдзень чальцы камандаў-удзельніц пражывуць, праядуць і прап’юць блізу 200 тысяч даляраў. І гэта ня лічачы банкетаў і дарагіх падарункаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG