Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Андрэй Хадановіч абяцае разабрацца з «дыскрымінацыяй». Юлія Чарняўская кажа, што расейскамоўныя ня хочуць друкавацца ў Расеі. Пісьменьнік Сяргей Дубавец заявіў пра выхад зь Беларускага ПЭН-цэнтру. Ён заявіў, што ніякай дыскрымінацыі рускамоўных у Беларусі не існуе, насуперак прэс-рэлізу ПЭН-цэнтру пасьля чарговага агульнага сходу аб’яднаньня. Сваё рашэньне Дубавец патлумачыў тым, што ня хоча «падмяняць рэальныя праблемы прыдуманымі і падкідаць „аргумэнты“ расейскай партыі вайны».

На сваёй старонцы ў фэйсбуку Сяргей Дубавец разьмясьціў такую заяву:

«Прачытаў прэс-рэліз з апошняга сходу ПЭНа і адчуў сябе ідыётам. Людзі мне тэлефануюць, пішуць, пытаюцца, а мне няма чаго ім сказаць. Ні пра якую дыскрымінацыю рускамоўных пісьменьнікаў гаворкі на сходзе не было. Ніякай дыскрымінацыі рускамоўных у Беларусі не існуе. Прынамсі яна ня большая за „дыскрымінацыю“ польскамоўных ці ўкраінамоўных, пра што рэліз чамусьці маўчыць. Я зь вялікай павагай стаўлюся да таленавітых рускамоўных калег і ніколі не вылучаў іх паводле мовы. Я і сам шмат пісаў і друкаваўся па-расейску, таму і сябе лічу ў тым ліку рускамоўным літаратарам. Не жадаючы падмяняць рэальныя праблемы прыдуманымі, ня хочучы падкідаць „аргумэнты“ расейскай партыі вайны, ня могучы ўплываць на рэлізы пра ў тым ліку і маю дзейнасьць, заяўляю пра свой выхад з ПЭН-цэнтру».

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч ня стаў камэнтаваць заяву Сяргея Дубаўца, якога любіць і шануе. Але ён лічыць, што журналісты «разьдзьмулі шмат шуму зь нічога». Паводле Хадановіча, у межах літаратурнай сытуацыі рускамоўным калегам цяжэй, і ім хацелася крышачку дапамагчы.

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

«Думаю, што мае калегі, якія рыхтавалі для ПЭНаўскага сайту інфармацыю пра прэмію «Кніга году», ужылі рэзкае слова, якое выклікала цэлы шлейф моцных асацыяцый. Гэта слова «дыскрымінацыя», якое насамрэч цягне за сабою моцную эмацыйную ацэнку. Я гэтага слова пазьбегнуў бы. Але разам з тым выбух эмоцый навокал гаворыць пра тое, што ў моўнай справе, у кантактах паміж рускамоўнымі і беларускамоўнымі грамадзянамі далёка ня ўсё ў парадку, камфортна, карэктна і як належыць. Безумоўна, Беларускі ПЭН-цэнтар падзяляе (і бачыць у гэтым адну са сваіх задачаў) занепакоенасьць агульнай моўнай сытуацыяй у Беларусі. Безумоўна, у межах усёй краіны дыскрымінуецца беларуская мова. Але як бывае з чалавекам, якога пакрыўдзяць на працы, ён прыходзіць дадому і зрывае свае эмоцыі на блізкіх людзях. Вось менавіта таму, што ў маштабе ўсёй дзяржаўнай палітыкі дыскрымінуецца беларуская мова, у літаратурным полі, у літаратурнай супольнасьці я не адчуваю рэальнага раўнапраўя людзей, якія пішуць па беларуску, і тых, хто піша па расейску. Сапраўды, з чаго пачаўся ўвесь сыр-бор?! Беларускі ПЭН-цэнтар выступіў з ініцыятывай адной незалежнай літаратурнай узнагароды, сымбалічнай, без усялякага грашовага напаўненьня, проста для ўсіх беларускіх пісьменьнікаў незалежна ад мовы. На сёньня беларускі літаратар, калі ён незалежны, калі ён не халуй прарэжымны, ён мае цяжэйшую сытуацыю ў пляне публікацыі. Чаму б не стварыць поле, дзе сапраўды маглі разам знаходзіцца, канкураваць, абменьвацца досьведам беларускамоўныя і рускамоўныя літаратары? Вось гэта выклікала шквал зваротнай рэакцыі. Гэта гаворыць і пра закаплексаванасьць, і пра балючую нявырашансьць праблемаў. Мне вельмі шкада, што прагучала рэзкае слова «дыскрымінацыя», якое выклікала такую неадэкватную рэакцыю. Мы мелі на ўвазе канкрэтную літаратурную сытуацыю, калі на сёньня незалежным, непрарэжымным рускамоўным пісьменьнікам цяжэй, чым нам. Гэтая літаратурная прэмія дапаможа ім інтэгравацца ў беларускую літаратурную супольнасьць. Хто з маіх калегаў ужыў слова «дыскрымінацыя», мы ў таварыскім коле разьбярэмся. Гэта, безумоўна, сур’ёзнае слова і абвінавачаньне. Але мне здаецца, што вашым калегам-журналістам яно ўчора было вырванае з кантэксту, і інфармацыйны націск быў зроблены на ім. І таму людзі за словам «дыскрымінацыя» банальна не пабачылі сутнасьці праблемы«.

Юлія Чарняўская

Юлія Чарняўская

Расейскамоўная пісьменьніца Юлія Чарняўская пасьля публікацыі на Радыё Свабода «Беларускі ПЭН-цэнтар будзе змагацца з „дыскрымінацыяй“ рускамоўных пісьменьнікаў» напісала ў фэйсбуку: «Дзякую Андрэю Хадановічу і яго аднадумцам». Яна так патлумачыла сваю пазыцыю карэспандэнту Свабоды:

«Гэта такое балючае пытаньне, і я ня маю намеру некага абразіць. Я маю толькі намер падзякаваць Андрэю Хадановічу. Пазыцыю Сяргея Дубаўца я ведаю і разумею яе. Бо гэта пазыцыя людзей, шмат якія зь іх мне сымпатычныя, а шмат якія не сымпатычныя. Бо ёсьць людзі, для якіх мова — нейкае жывое полымя, якое цалкам атаясамліваецца з культурай, народам, незалежнасьцю. Гэты пункт гледжаньня ёсьць прымардыялізмам, які шырока існаваў у 19-м — пачатку 20-га стагодзьдзя. Але ёсьць іншыя пазыцыі — канструктывізму ці інструмэнталізму. Я канструктывістка. Я лічу, што калі, напрыклад, шмат мільёнаў людзей размаўляюць па ангельску, гэта не азначае, што ўсе яны ангельцы. Я разумею досьвед тых, хто змагаўся за мову, ім гэта, можа, крыўдна, непрыемна і балюча.

«Дыскрымінацыя» — гэта вельмі моцнае слова. Але калі мы жылі ў СССР, размаўлялі па расейску, думалі, што так і трэба, і гэта было часткай сьвядомасьці савецкага беларуса. А ў гарадзкіх школах, асабліва ў Менску, не навучалі беларускай мове, мова была толькі адной з дысцыплін. Але ў той жа час у Беларускі саюз пісьменьнікаў патрапіць і надрукавацца было прасьцей не рускамоўнаму, а беларускамоўнаму пісьменьніку. Маё асяродзьдзе ніколі не лічыла беларускую мову нейкай калгаснай. Наадварот, у нас, у рускамоўных, было прынята чытаць Караткевіча, Быкава выключна па беларуску. Але сытуацыя зьмянілася, пачалося адраджэньне мовы, і гэты працэс набыў моцныя формы. Сёньняшняя беларускамоўная паэзія ў Беларусі цікавейшая за рускамоўную. Але чалавек рускамоўны лепш сябе адчувае ў агульнай сацыяльнай прасторы, і так не павінна быць. Але ў прасторы сёньняшняй айчыннай літаратуры ён ня мае выхадаў, таму што яго проста ня будуць друкаваць і прымаць да ўвагі. Ён мае магчымасьць друкавацца ў Расеі. Але калі ён ня хоча друкавацца ў Расеі і асабліва цяпер?! Гэта такая дылема. Таму я ня бачу нічога страшнага ў тым, што нарэшце беларускімі пачнуць называць і лічыць ня толькі беларускамоўных, але і рускамоўных пісьменьнікаў, якія пішуць у беларускім кантэксьце і дыхаюць ім.

Наколькі я разумею, Хадановіч не казаў, што павінна быць вялікая колькасьць рускамоўных, якая будзе «забіваць» беларускамоўных. А такога і ня будзе. Бо беларускамоўныя — вельмі моцная плынь у літаратуры. Яна адзіна моцная на гэты момант".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG