Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму рэлігіі ня месца ў дзяржаўнай школе 


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

О шматпакутная беларуская сыстэма адукацыі! У ёй так шмат другаснага — піянэры, БРСМ, паходы ў кіно ці паездкі «на бульбу» замест урокаў — што навучаньне рызыкуе стаць пабочным эфэктам. Але пэрыядычна зьяўляюцца прапановы дадаць у школу яшчэ адзін другасны элемэнт — рэлігію.

Наста Дашкевіч піша ў блогу «Чаму Бог мае вучыць у школах», што было б добра ўвесьці рэлігійныя заняткі ў беларускіх школах, і што на гэтых уроках вучыць павінны не гісторыі рэлігій, а ўласна рэлігійным догмам. Дзеці павінны вучыцца клопату пра навакольных, шанаваньню і самаахвярнасьці, і таму іх трэба вучыць хрысьціянству. У мяне, як у хрысьціянскай верніцы і грамадзянкі Беларусі ёсьць сур'ёзныя пытаньні па тэме.

А як жа Канстытуцыя?

У галоўным законе Рэспублікі Беларусь рэлігійны аспэкт функцыянаваньня краіны прапісаны досыць дакладна. Артыкул 16 сьцьвярджае, што ўсе рэлігіі і веравызнаньні роўныя перад законам, артыкул 31 — што кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, а артыкул 4 — што ідэалёгія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, сацыяльных груп ня можа ўстанаўлівацца ў якасьці абавязковай для грамадзян.

Чамусьці з аўтарскага пляну чароўным чынам зьніклі дзеці, чые бацькі спавядаюць усе астатнія рэлігіі.

Дзеля справядлівасьці адзначу, што Наста Дашкевіч гатовая пагадзіцца на тое, каб хрысьціянства ў школах выкладалі на ўзроўні факультатыву. Гэта значыць, што калі школьная сыстэма зьменіцца і факультатывы будуць сапраўды дабравольнымі, дзеці зь нерэлігійных сем’яў змогуць не наведваць гэтыя заняткі. Але чамусьці з аўтарскага пляну чароўным чынам зьніклі дзеці, чые бацькі спавядаюць усе астатнія рэлігіі. Я ўпэўненая, што Наста ведае і пра існаваньне безьлічы рэлігій акрамя хрысьціянства, і пра тое, што ў Беларусі жывуць ня толькі хрысьціяне.

Мы жывем у сьвецкай дзяржаве, і цэрквы ніякім чынам не павінны ўплываць на заканадаўчую дзейнасьць дзяржаўных органаў. Гэтаксама цэрквы не павінны ўплываць і на працэс навучаньня ў дзяржаўных школах — для рэлігійных урокаў ёсьць адмысловыя ўстановы.

Да чаго тут увогуле хрысьціянства?

Тое, пра што кажа Наста Дашкевіч, па сутнасьці — навучаньне пэўным этычным нормам. Так, гэтыя нормы ўласьцівыя хрысьціянскаму вучэньню, але ж ня толькі яму. Па вялікім рахунку, размова ідзе пра агульныя прынцыпы гуманнага стаўленьня да навакольных, і значна лягічней было б рабіць акцэнт менавіта на каштоўнасьцях, а не на рэлігіі. Сьвятары ў гэтай карціне — лішні элемэнт.

Задача школы — даваць дзецям актуальныя веды ў цыклях прыродазнаўчых і гуманітарных навук. Рэлігійныя вучэньні, на жаль, нярэдка ідуць уразрэз з афіцыйнай навукай, і гэта праблема. Абапіраючыся на Сьвятое Пісьмо, сьвятары могуць даваць непраўдзівую інфармацыю ў галіне, напрыклад, біялёгіі. І замест таго, каб даведацца пра якасную кантрацэпцыю, падлеткі даведаюцца пра «мэтад распазнаваньня плоднасьці» і недапушчальнасьць дашлюбных сэксуальных стасункаў.

Ці раскажа сьвятар пра адстойваньне ўласных межаў?

Ці раскажа сьвятар пра адстойваньне ўласных межаў, альбо будзе распавядаць пра вялікую ахвяру Хрыста, падаючы яго ў прыклад дзецям і падлеткам? Ці стане ён вучыць таму, што дарослыя (і нават бацькі) таксама памыляюцца, і што варта ня толькі праяўляць павагу да навакольных, але таксама і патрабаваць паважлівага стаўленьня да сябе саміх? Ці будзе ён упэўніваць дзяцей у тым, што яны маюць свабоду выбару, што маюць права казаць «не», што павінны клапаціцца пра сябе і сваю бясьпеку?

Менавіта гэтага не хапае большасьці беларускіх дзяцей — каб ім сыстэматычна казалі, што яны таксама важныя. І што для саміх сябе яны — найгалоўнейшыя асобы ў жыцьці. А з Богам і самаахвярнасьцю яны разьбяруцца самастойна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG