Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім паветрам мы дыхаем? Кожная шостая заўчасная сьмерць у сьвеце зьвязаная з забруджваньнем паветра і вады


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле прафэсара зь Нью-Ёрку Філіпа Ландрыгана, 6,5 мільёна заўчасных сьмерцяў у сьвеце ў 2015 годзе была зьвязаная з брудным паветрам, прычына 1,8 мільёна заўчасных сыходаў з жыцьця — забруджаная вада, яшчэ 800 тысяч сьмерцяў зьвязаныя з забруджанымі працоўнымі месцамі. Артыкул пра дасьледаваньне, у якім браў удзел прафэсар Філіп Ландрыган, зьявіўся ў часопісе Lancet.

Паводле дасьледчыкаў, усяго 9 мільёнаў заўчасных сьмерцяў, альбо кожная шостая, былі зьвязаныя з дрэннай экалёгіяй. Найгоршае ў сьвеце становішча з паветрам і вадой, паводле аўтараў артыкула, — у Банглядэш, Судане і Рэспубліцы Чад.

А якім паветрам дыхаюць беларусы?

Багдана Казярук
Багдана Казярук

Пра якасьць паветра ў Беларусі расказала карэспандэнту Свабоды начальнік аддзелу маніторынгу атмасфэрнага паветра Белгідрамэту Багдана Казярук.

— Вось сёньня ў мяне неспакойны дзень. Неспрыяльныя мэтэаралягічныя ўмовы — стаіць бязьветранае надвор’е — і мы накіравалі ўсім буйным прадпрыемствам папярэджаньне, каб яны рэгулявалі свае выкіды. На кожным заводзе распрацаваны комплекс мерапрыемстваў на такі выпадак — робяць захады ў залежнасьці ад спэцыфікі вытворчасьці, ад ступені неспрыяльнага надвор’я. Ёсьць яшчэ скрайняя ступень неспрыяльнасьці — гэта калі туман, калі слабыя вятры нізка над зямлёй.

— А як складалася сытуацыя з надвор’ем цягам году?

— Грашыць асабліва на надвор’е не выпадае. Год быў дажджлівы, зь перавагай моцных вятроў. То бок умовы надвор’я, якія складаліся сёлета, былі дастаткова спрыяльныя для забесьпячэньня нармальнай якасьці паветра. Так, былі пэўныя пэрыяды, калі ўзровень забруджваньня паветра павялічваўся.

Прыкладам, сёньня такі пэрыяд — клясычны, калі на зыходзе бабінага лета няма ападкаў, няма ветру нават на вышыні 500 мэтраў. У такіх умовах адбываецца назапашваньне забруджваньня, але гэта не доўгатэрміновае забруджваньне.

У ранейшыя гады, у 2014, 2015, у нас былі смогавыя сытуацыі працяглыя і складаныя. Вось як у першай палове жніўня ў 2015, раней — у кастрычніку 2014 году. Апошнія два гады характарызаваліся адсутнасьцю такіх сытуацый. Хоць асобныя складаныя пэрыяды, працягласьцю 2-3 дні, усё ж фіксуюцца. Але нейкага хранічнага забруджваньня няма. У нас усё ж добрыя ўмовы, частая зьмена кліматычных працэсаў.

— Якія рэгіёны Беларусі найбольш неспрыяльныя паводле якасьці паветра?

— Такіх суцэльных рэгіёнаў няма, але ёсьць больш праблемныя гарады з праблемнымі гарадзкімі тэрыторыямі. Напрыклад, заходняя частка Гомля з вуліцай Барыкіна.

У Наваполацку ёсьць вуліца Маладзёжная. Часам пры неспрыяльным кірунку ветру туды даходзяць выкіды ў атмасфэру з нафтаперапрацоўчага заводу.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сталіцы такі раён — дзе трактарны завод, або раён заводу ацяпляльнага абсталяваньня. У гэтым годзе там больш-менш стабільна, хоць на мінулым тыдні былі кароткачасовыя перавышэньні па аксыдзе вугляроду ў раёне МТЗ.

У Жлобіне ў пэрыяд без ападкаў узьнікае праблема забруджваньня паветра пылам — цьвёрдымі часьцінкамі. Гэта пры паўднёва-заходнім ветры ў горад прабіваюцца паветраныя масы ад мэталюргічнага заводу, хоць той і на значнай адлегласьці ад гораду.

У Магілёве бывае складаная сытуацыя, але вось трэці квартал быў спакойны надзіва. Там увесь горад акальцаваны прамзонамі, і пры любым кірунку ветру сытуацыя неспрыяльная.

Бываюць значныя праблемы з фэнолам, як і ва ўсіх вялікіх гарадах эўрапейскай часткі СНД — узровень фармальдэгіду падымаецца, калі назіраюцца рэкордна высокія тэмпэратуры паветра. Фармальдэгіду ў чыстым выглядзе выкідваецца мала, гэта другаснае рэчыва забруджваньня, ён утвараецца ў выніку фотахімічных рэакцый. То бок ніхто нібыта і не вінаваты, найперш вінавата надвор’е і прамысловая дзейнасьць чалавека.

— А наколькі фармальдэгід небясьпечны?

— Ды ўсе рэчывы небясьпечныя, за якімі мы сочым — мы вызначаем іх чатыры групы. Гэта можна прасачыць на сайце Белгідрамету. А небясьпека залежыць ад рознага, у тым ліку і ад таго, колькі часу чалавек знаходзіцца ў зоне гэтага паветра.

— І які ваш прагноз на сытуацыю зь якасьцю паветра па выніках году?

— Ведаеце, такога, каб сказаць, што ў нас усё палепшылася, ня будзе. Але і горш ня стала. Былі складаныя пэрыяды.

Памятаецца — у канцы першай дэкады студзеня рэзка панізілася тэмпэратура паветра, моцныя маразы стаялі амаль тыдзень. У такіх умовах паветра павінна быць чысьцейшае, мы гэтак і прагназавалі. Але ў нас 9-10 студзеня людзі на ўскраінах гораду скардзіліся на дрэннае паветра.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Больш за тое — гэтае забруджваньне ўцягвалася ў цэнтар гораду. Хоць вецер быў з поўначы, дзе няма прадпрыемстваў. Магчыма, гэта адбылося таму, што ў прыватным сэктары людзі больш палілі, ацяпляючы дамы, а паліва можа быць рознае.

Тое самае было ў канцы лютага: чакалі аднаго, а здарылася зусім іншае.

Яшчэ цягам году былі скачкі забруджваньня ў канцы ліпеня — першай палове жніўня, калі нарэшце прыйшло сапраўднае лета. Гэтыя некалькі дзён сапраўднага лета сапсавалі нам усю карціну — інакш бы рапартавалі, што ў нас стала лепей з паветрам.

Таму, пакуль год ня скончыўся, падводзіць вынікі рана.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG