Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіты міліцыяй журналіст Дабравольскі атрымаў штраф на падставе паказаньняў міліцыі


Павал Дабравольскі

Павал Дабравольскі

Журналіст tut.by атрымаў матывацыйную частку пастановы суду, дзе тлумачыцца, чаму ён мусіць сплаціць 9 450 000 рублёў за нанесеныя яму пабоі.

Партал tut.by апублікаваў матывацыйную частку пастановы суду адносна справы свайго журналіста. Павал Дабравольскі аштрафаваны на 9,45 млн рублёў за лаянку матам і «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы». Адзіныя доказы — словы міліцыянтаў.

«Нягледзячы на непрызнаньне віны Дабравольскім П.П., судзьдзя прыйшоў да высновы аб яго вінаватасьці ў зьдзяйсьненьні адміністрацыйнага правапарушэньня», — гаворыцца ў пастанове. Непрызнаньне віны расцэньваецца як «абраны ім спосаб абароны з мэтай пазьбегнуць вызначанай законам адказнасьці за зьдзейсьненае».

Супрацоўнік міліцыі і сьведка Шышко А. А., у прыватнасьці, сьцьвярджае наступнае:

«Дабравольскага П.П. убачыў, калі [ён] аказваў дапамогу супрацоўніку міліцыі Каваленку С.В., які выводзіў з залі двух затрыманых. Дабравольскі П.П. пабег за імі ў калідор і пачаў навальвацца на Кавальчука С.І., хапацца за каўнер яго курткі і цягнуць на сябе, таксама выказваў нецэнзурную лаянку ў адрас дзеючай улады і супрацоўнікаў міліцыі».

Супрацоўнік міліцыі і сьведка Кавальчук С. І. заяўляе:

«У холе стаяў Дабравольскі П.П., які выбег з хола за намі ў ізаляваны калідор і наваліўся на яго [Каваленку С. В.] ззаду, схапіў за каўнер і пачаў цягнуць у адваротны бок. Пры гэтым Дабравольскі П. П. выражаўся нецэнзурнай лаянкай на адрас дзеючай улады і міліцыі».

Тым часам сам Дабравольскі выказваў Свабодзе іншую вэрсію, якой прытрымліваецца і цяпер:

«Амаль адразу з залі паседжаньняў вырваліся людзі, якія выцягнулі адтуль тых, што трымалі плякаты. Я адразу ўключыў відэа на мабільным тэлефоне, стаў здымаць. Калі іх заштурхалі ў калідор, я пабег туды і атрымалася, што трапіў у пастку — сьпераду быў АМАП, а ззаду дзьверы зачыніў нейкі чалавек. Мяне заштурхалі ў пакой 5 на 5 мэтраў, гэта быў суседні кабінэт з заляй суду. 20 хвілін нас зьбівалі, вырвалі ў мяне з рук журналісцкае пасьведчаньне. Я ня бачыў, што адбывалася пазьней, бо мяне паклалі тварам на падлогу, моцна білі па галаве нагамі. Усё гэта суправаджалася хамскімі пагрозамі».

Павал зьбіраецца абскарджваць рашэньне. У яго зафіксаваныя лёгкія цялесныя пашкоджаньні.

Міністар інфармацыі Лілія Ананіч адмовілася прыняць зварот журналістаў аб зьбіцьці Дабравольскага, а старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давдыдзька абвінаваціў зьбітага журналіста ў правакацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG