Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Павал Белавус: Праз вышымайку людзі пачалі цягнуцца і да сапраўднай вышыванкі


Павал Белавус

Павал Белавус

У першыя дні Новага году Радыё Свабода працягвае апавядаць пра самыя пасьпяховыя беларускія праекты году мінулага.

«Дні вышыванкі», вечарыны «Беларусам быць модна», акцыі «Пазнач сябе беларусам» па раздачы беларускіх стужак; стварэньне ўнікальнай пляцоўкі symbal.by, якая займаецца папулярызацыяй і пашырэннем рэчаў і зьяў, прысвечаных беларускай мове, культуры і гісторыі; курсы беларускай мовы, шматлікія лекцыі, канцэрты — вось няпоўны пералік адметных спраў грамадзкага агенцтва «Арт-сядзіба».

З кіраўніком «Артсядзібы» Паўлам Белавусам пагутарыла Іна Студзінская.

— На пачатку мінулага 2014 году «Арт-сядзібу» ў пяты па ліку раз за 5 гадоў існаваньня выселілі. Арэндадаўца — Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў — патлумачыў, што ў адрамантаваным «Арт-сядзібай» памяшканьні па Інструмэнтальным завулку, 5 будзе цяпер швачны цэх, ужо закуплена абсталяваньне, матэрыялы. Насамрэч увосень там адкрыўся сэкс-шоп.

Але, вяртаючыся да вашых ініцыятыў, як вам удалося, апынуўшыся, так бы мовіць, бяздомнымі, пазбаўленымі свайго кута, разьвіць такую кіпучую дзейнасьць? Як удалося зь беларускіх вышыванак і так званых «вышымаек» зрабіць такі модны трэнд?

— Звычайна такія анлайнавыя кампаніі, прома-кампаніі мы пачынаем, калі ў нас няма памяшканьня. Напрыклад, калі ў нас мінулы раз не было памяшканьня, мы стварылі свой сайт, культурніцкі партал і пачалі разьвіваць сацыяльныя сеткі і розныя журналісцкія праекты. Калі ў нас гэтым разам ня стала памяшканьня, зьявілася ідэя, што трэба разьвіваць іншыя рэчы. І тады сумесна з «Радыё Свабода» мы выпусьцілі першую партыю маечак. «Арт-сядзіба» і «Радыё Свабода» праводзілі першую сумесную кампанію «Свабода-арт», якая заключалася ў розных конкурсах, цікавых акцыях для сацыяльных сетак. І ў якасьці падарункаў мы зрабілі 200 гэтых маек. Але пасьля таго, як зьявіліся фотаздымкі з майкамі, першыя пераможцы пачалі іх апранаць, пасыпалася проста неверагодная колькасьць замоў, пытаньняў, дзе ўзяць, дзе купіць, — мы падумалі: а чаму за свае грошы ня выпусьціць, акрамя прома-акцыі, нейкі наклад і прадаваць людзям?

«Міс Беларусь-2004» Вольга Антропова і «Міс Беларусь-2008» Вольга Хіжынкава ў вышымайках.

«Міс Беларусь-2004» Вольга Антропова і «Міс Беларусь-2008» Вольга Хіжынкава ў вышымайках.

— То бок нарадзілася ідэя зрабіць камэрцыйны праект?

— Так. Тым больш, мы заўсёды з «Арт-сядзібай» думалі, як распачаць нейкія камэрцыйныя праекты, бо зразумела, што ў грамадзкім сэктары ты грошай не заробіш. Каб існавала грамадзкая арганізацыя, каб рабіць нейкія грамадзкія ініцыятывы, трэба мець на гэта грошы. Таму і зьявіўся ў нас камэрцыйны праект «Сымбаль бай» (http://symbal.by). Ідэя яго ў тым і заключалася, каб прапаноўваць ствараць сувэнірную прадукцыю, нейкія цікавыя рэчы, якія былі б зьвязаныя зь беларускай культурай, мовай, гісторыяй, зь беларускімі сымбалямі. Гэта і арнамэнты, і калюмны, і Пагоня, і бел-чырвона-белы сьцяг. Ну і, адпаведна, вышымайкі.

— А адкуль зьявілася назва, гэты наватвор — «вышымайка»? Хто прыдумаў гэта слова?

— Гэтае слова ня мы прыдумалі. Мы прапанавалі людзям прыдумаць, як назваць майку з арнамэнтам, але ня вышытую, а з прынтам, стылізаваную пад вышыванку. І хтосьці з інтэрнэт-карыстальнікаў прапанаваў «вышымайка». Атрымаўся наватвор, але наватвор, які вельмі хутка прыжыўся.

Павал Белавус падчас раздачы беларускіх стужак

Павал Белавус падчас раздачы беларускіх стужак

— Але symbal.by хоць і ўнікальная пляцоўка, але не адзіная. І, дарэчы, ня першая такога кшталту. На якую аўдыторыю вы разьлічваеце?

— Так, паралельна, ужо больш за год, існуе цудоўны брэнд Honar, ёсьць маладыя брэнды LSTR, «Кут», «Важны гусь», якія таксама робяць ў тым ліку і вопратку, паштоўкі, торбы з арнамэнтам, ёсьць «лічбавыя вышыванкі». Усё гэта робіць моладзь, усё гэта зьявілася паралельна, у тым ліку і symbal.by. І, што цікава, гэтыя зьявы пачалі прасоўвацца не этнографамі, не этнаграфічнымі таварыствамі. Яны як працавалі ў сваёй маленькай купцы людзей, як рабілі для вузкага кола, так і працуюць. А ў нас ад самага пачатку была ідэя выйсьці на папсовую аўдыторыю, на незаангажаваную аўдыторыю. А каб выйсьці на яе, трэба рабіць лёгкі, просты, даступны і масавы прадукт, якім і стала тая ж вышымайка. А празь яе людзі пачалі цягнуцца і да сапраўднай вышыванкі, даведвацца пра яе гісторыю, ісьці да сапраўдных майстроў, адмыслова замаўляць, шукаць у сувэнірных крамах. Я думаю, што мы вельмі добрую справу робім у папулярызацыі ня толькі стылізацый, але і сапраўдных беларускіх рамёстваў.

— А ці працягваеце вы свае адукацыйныя, культурніцкія праекты? Застаецца час на іх?

— Пасьля таго, як мы ў кастрычніку пераехалі ў новае памяшканьне (дарэчы, самае файнае з усіх, што ў нас былі), мы захавалі той фармат, які заўжды мела «Арт-сядзіба». Гэта культурная пляцоўка, моладзевая пляцоўка, дзе можна правесьці свае мерапрыемствы, імпрэзы пазнаёміцца зь цікавымі людзьмі, і мы гэта і далей робім. Традыцыйна кожную сераду, яшчэ калі «Мова нанова» і «Мова ці кава» не існавалі, Вінцук Вячорка і Пятро Садоўскі ў нас зьбіралі моладзь і паводзілі моўны курсы такога не шырокага фармату, а для больш прасунутай аўдыторыі, філёлягаў, для людзей, якія ня проста цікавяцца мовай ці хочуць пачаць гаварыць, а якія гавораць, хочуць даведацца пэўныя адметнасьці, асаблівасьці беларускай мовы ў больш навуковым, філялягічным кірунку. А зараз, са студзеня да нас пераяжджаюць яшчэ і іншыя моўныя курсы — «Моваведа» называюцца, будуць праходзіць кожны чацьвер. Ня так даўно ў «Арт-сядзібе» было некалькі прэм’ер «Свабоднага тэатру». У нас адбываюцца розныя лекцыі, канфэрэнцыі, творчыя сустрэчы, дыскусіі, круглыя сталы. Таму «Арт-сядзіба» жыве паўнавартасным жыцьцём як самастойная пляцоўка.

Калектыў «Арт-сядзібы»

Калектыў «Арт-сядзібы»

— Апошняе традыцыйнае пытаньне: якія пляны на будучыню ў «Арт-сядзібы»?

«Адна з ідэй на наступны год (гэта я вам па сакрэце скажу) — мы хочам запусьціць новы трэнд. Назавём яго ці «выцімайкі» ці проста майкі-выцінанкі. Мы хочам на новы ўзровень у новым выглядзе падняць мастацтва выцінанкі. Яшчэ адна ідэя — слуцкі пояс, арнамэнты і малюнкі слуцкага пояса выкарыстоўваць у сувэнірнай прадукцыі. Ідэй вельмі шмат, і мы будзем кожную зь іх паціху разьвіваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG