Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі былога міліцыянта будуць судзіць за абразу беларускай мовы


Васіль Варушчанка, фота з асабістай старонкі «ЎКантакце»
Васіль Варушчанка, фота з асабістай старонкі «ЎКантакце»

Навабеліцкі раённы суд Гомелю разгледзіць адміністрацыйную справу ў дачыненьні да былога супрацоўніка дэпартамэнту аховы МУС Васіля Варушчанкі паводле артыкулу 9.22 КаАП — публічная абраза, ганьбаваньне дзяржаўных ды іншых нацыянальных моваў, стварэньне перашкодаў і абмежаваньняў у карыстаньні імі, пропаведзь варожасьці на моўнай глебе.

Васіль Варушчанка пакінуў камэнтар у суполцы парталу «Моцныя навіны» ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» наступнага зьместу: «Беларуская мова — гэта труп, што сапрэў і загнівае, які ўжо даўно трэба закапаць глыбей!». Цяпер яму пагражае штраф ад 4 да 10 базавых велічыняў.

Ініцыятарам прыцягненьня экс-міліцыянта да адміністрацыйнай адказнасьці стаў гомельскі грамадзкі актывіст, каардынатар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак.

«У суд я не зьвяртаўся, — кажа Ігар Случак. — Я зьвярнуўся ў Гомельскі гарвыканкам, каб прыцягнуць да адказнасьці гараджаніна, які абразіў нашу беларускую мову. А ўжо гарвыканкам распарадзіўся, каб на мой ліст рэагавала адміністрацыя Навабеліцкага раёну. Тыя падключылі міліцыю, арганізавалі лінгвістычную экспэртызу. І калі экспэрты зрабілі выснову, што ў камэнтары Варушчанкі ўтрымліваецца абраза беларускай мовы, то склалі адміністрацыйны пратакол і накіравалі ў суд».

Ігар Случак
Ігар Случак

Летась у верасьні Случак дамогся пакараньня штрафам у 4 базавыя велічыні жыхара Мазыра Дзьмітрыя Шчарбатых. Той таксама абразьліва выказаўся на адрас беларускай мовы ў сацыяльнай сетцы.

Адстойваньне нацыянальных каштоўнасьцяў, юрыдычныя адметнасьці канфлікту актывісту Случаку цікавыя і з гледзішча падрыхтоўкі магістарскай дысэртацыі на тэму «Праўныя асновы дзяржаўнай моўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусі».

Атрымаў Случак таксама станоўчы адказ і з гомельскага ААТ «Мілкавіта» на прапанову не ўжываць пры маркаваньні малочнай прадукцыі надпіс «из Белоруссии». Такой краіны «Белоруссия» няма, ёсьць «Беларусь». Тым ня менш да апошняга часу на пакетах малака пад гандлёвай маркай «Свитлогорье» акурат і пісалі «из Белоруссии».

Начальнік упраўленьня якасьці Аляксандар Каваленка пісьмова паведаміў Случаку, што дызайн будзе зьменены. Прадукцыя ў Расею будзе адпраўляцца з пазнакай «Белорусские традиции».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG