Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адчувай» беларускую лірыку Pauline


Каманда Pauline
Каманда Pauline

Удзельнікі музычнага праекту Pauline сьпявачкі Паўліны Цімохінай запісалі дэбютны альбом пад назвай «Адчувай», яго прэзэнтацыя адбудзецца 22 студзеня ў сталічным TNT Rock Club.

Першы самотнік «Пачакай» ад маладой выканаўцы зьявіўся ў 2014 годзе і адразу выклікаў інтарэс з боку крытыкаў — рамантычныя кампазыцыі прыемна ўражвалі зьместавай глыбінёй, музычнай густоўнасьцю, запамінальным вакалам.

Празь нейкі час былі прэзэнтаваныя «Цябе» і «Палон», якія надоўга замацаваліся на верхніх радках чартаў парталу Tuzin.fm. Сапраўдным гітом стала песьня «Маё мора». Неўзабаве прыйшло прызнаньне — група Pauline стала пераможцай «Dream Fest ArtRock», выйшла ў фінал конкурсу «Засьпявай 2.0», фэсту «Revolution Music Fest Belarus».

«Мой сум добры, сьветлы, прыгожы і малады»

Праз два гады поўнафарматнай дзейнасьці Pauline выносіць на суд публікі дэбютны альбом «Адчувай». На кружэлцы восем кампазыцыяў, усе беларускамоўныя. Гэта рыса, якая падсумуе адзін творчы этап і запачаткуе новы, магчыма, прынцыпова іншы, — кажа 25-гадовая аўтарка песень і вакалістка гурту:

«Ня ўсе песьні ў альбоме новыя, туды таксама ўвайшлі „Цябе“ і „Пачакай“, зь якіх, уласна кажучы, і пачыналася гісторыя паўнавартаснага калектыву — менавіта пасьля гэтых дзьвюх кампазыцыяў я пачала зьбіраць музыкаў. Астатнія рэчы, што называецца, „сьвежыя“, напісаныя ў мінулым годзе, хоць сам альбом датаваны 2017-м. Усе гэтыя песьні скампанаваныя такім чынам, што яны маюць агульную тэму, агульнае гучаньне, агульны настрой. Таму ў альбоме „Адчувай“ гучаць цалкам гарманічна».

Вакалістка і аўтарка тэкстаў Паўліна Цімохіна
Вакалістка і аўтарка тэкстаў Паўліна Цімохіна

Альбом «Адчувай» працягвае лірычны настрой першых экспэрымэнтаў, як відаць ужо з назваў песень — «Выбачай», «На жаль», «Навошта», «Не маё жыцьцё». Як удакладняе Паўліна, у кампазыцыях знаходзяць сваё адлюстраваньне нязьменныя спадарожнікі любога чалавека, незалежна ад узросту — каханьне і здрада, жорсткасьць і пяшчота, рэальнасьць і мары.

Асабліва эмацыйнай аказалася кампазыцыя «Людзі, дзе вы?» на словы паэткі Ірыны Багдановіч. Песьня ўжо стала пераможцай конкурсу «Засьпявай 3.0» на Tuzin.fm у намінацыі «Сьпяваная паэзія».

«Матэрыял для песень зьбіраўся даволі доўга, і ўсе яны напісаныя ў розны час. Але іх яднае стан, уласьцівы ўсім людзям, і найперш маладым — мэлянхолія, рамантычнасьць. Гэты настрой адчуваецца, праходзіць скразной лініяй праз увесь альбом. Магчыма, камусьці падасца занадта сумна, але, зь іншага боку, гэты сум добры, сьветлы, прыгожы і малады. Прынамсі, мне падаецца так».

Дыскі аформленыя ў чорна-белай гаме
Дыскі аформленыя ў чорна-белай гаме

У склад Pauline, апроч самой Паўліны Цімохінай, уваходзяць Андрэй Анісімаў — бас-гітарыст, вэтэран калектыву, які першым адгукнуўся на заклік аб супрацы; Аляксандар Трухан — дасьведчаны бубнач, зноў вярнуўся на сцэну пасьля 20-гадовай музычнай паўзы; Вераніка Крупіца — маладая віртуозная клявішніца. Не шанцуе хіба з гітарай — усе гады перасьледуе цякучка кадраў.

«Ад любімай справы стомленасьць прыемная і не напружвае»

Мінулы год музыкі пражылі ў новым статусе — як-ніяк, званьне «Адкрыцьця году» дадае аўтарытэту і пазнавальнасьці. Цікаўлюся ў суразмоўніцы: ці прыйшла разам з вопытам і большая адказнасьць перад сваімі слухачамі?

«Вядома, калі атрымліваеш такі досьвед выступаў, досьвед запісаў, становісься больш упэўненым у сабе, у сваіх сілах. Але пры гэтым не магу сказаць, што мне стала лягчэй ці прасьцей. Наадварот, такое адчуваньне, што стала цяжэй. Перадусім таму, што ты павінен трымаць тую плянку, якую калісьці задаў, і людзі ўжо чакаюць адпаведнага ўзроўню. Адпаведна, ты мусіш ім гэта даць. А дзеля гэтага патрабуюцца і сілы, і час, і грошы. Таму, я лічу, стала складаней. Тым ня меней гэта не азначае, што мне стала дрэнна — не, ні ў якім разе. Усё вельмі крута, таму што я займаюся любімай справай і гэтая стомленасьць прыемная, яна не напружвае».

Фрагмэнт рэпэтыцыі Pauline
Фрагмэнт рэпэтыцыі Pauline

Паўліна ўжо адзначыла, што дзеля добрага выніку даводзіцца ўкладацца ня толькі эмацыйна, але і фінансава. Выходзіць, у Беларусі дагэтуль немагчыма жыць толькі ад творчай дзейнасьці? Даводзіцца больш укладацца, чым атрымліваць на выхадзе?

«Я ня ведаю, як там у іншых, але пра сябе магу сказаць, што пакуль мы сапраўды больш укладаем, чым маем. Прычым прапорцыі непараўнальныя. Трохі атрымліваем, але гэта такая кропля, якая ніяк не пакрывае спадарожныя выдаткі. Збольшага ўсё трымаецца на энтузіязьме, на ўнутраным жаданьні займацца любімай справай. Задавальненьне ад творчасьці, а не ад заробку».

Бальшыня беларускіх музыкаў стараецца зарабляць на сьвяточных карпаратывах, але каманда Pauline ня ўдзельнічае ў падзеле гэтага «пірага». Чаму?

Ударнік Аляксандар Трухан
Ударнік Аляксандар Трухан

«Па-першае, мы ня граем кавэры — некалькі адаптаваных рэчаў у нас ёсьць, але паўнавартаснай праграмы няма. Другі аспэкт — сродкі кампаніяў на гэтыя мэты. Зразумела, што тыя фірмы, якія маюць грошы, хутчэй запросяць на вечарынку штатны кавэр-бэнд, а ў каго іх у абрэз, наагул нікога зваць ня будуць, уключаць магнітафон ды паскачуць пад фанаграму. Да таго ж мы, відаць, не падыходзім сваім фарматам, на карпаратывах запатрабаваны рэпэртуар крыху іншы...»

«Топчамся на месцы праз абсалютную разьяднанасьць»

Летась Паўліна Цімохіна зь сябрамі паспрабаваліся ў нацыянальным адборы на конкурс «Эўрабачаньне». Якое ўражаньне пакінула закулісьсе? Наколькі абʼектыўным паказала сябе прафэсійнае журы?

«Так, бралі ўдзел у адборы. І асадак, шчыра кажучы, ня вельмі прыемны. Чаму? Калі ты ідзеш у месца, дзе зьбіраецца ледзь ня ўсе беларуская музычная супольнасьць, хочацца адчуць дружны настрой, агульную салідарнасьць, шчырую падтрымку. На жаль, нічога гэтага няма, у нас кожны сам па сабе і кожны сам за сябе. З майго гледзішча, гэта дрэнна, бо праз такую разьяднанасьць мы як музычная краіна топчамся на месцы. Людзі не заахвочаныя ня толькі супрацоўнічаць, а проста сябраваць. Тым ня меней паўдзельнічаць было карысна, добры досьвед на будучыню».

Клявішніца Вераніка Крупіца
Клявішніца Вераніка Крупіца

А якое стаўленьне ў арганізатараў да беларускамоўных прэтэндэнтаў? І ці ёсьць шанец у дуэта NAVI ўпершыню прадставіць Беларусь на эўрапейскім сьпеўным конкурсе з нумарам не па-ангельску ці расейску, а на роднай мове?

«Я б не сказала, што стаўленьне да беларускамоўных выканаўцаў апрыёры дрэннае — усіх нібыта ўспрымаюць нармальна. Сёлета, як падалося, было ня так і мала канкурсантаў зь беларускімі песьнямі, што само па сабе вельмі ўхвальна. Людзі пачынаюць рэальна нешта рабіць для папулярызацыі роднай мовы. Што тычыцца NAVI, то ў гэтым годзе іхнія шанцы з шэрагу высокіх, прынамсі, было б выдатна, каб яны паехалі ад Беларусі — песьня цалкам фарматная і вартая як мінімум выхаду ў фінал «Эўрабачаньня». Дарэчы, песьня, зь якой мы ўдзельнічалі ў адборы, ёсьць у нашым новым альбоме, называецца «Не маё жыцьцё».

«Бачу сябе ў ролі сьпявачкі, але не журналісткі»

Сама Паўліна прызнаецца, што ня мае іншай альтэрнатывы, як і надалей трымаць беларускую лінію ў сваёй творчасьці — на нейкія іншыя мовы ўнутраныя адчуваньні не кладуцца:

«Безумоўна, усё застаецца ў некалі абраным рэчышчы, і ў пэрспэктыўных плянах ніякіх зьменаў ня значыцца. Шчыра кажучы, адносна наступнага альбома пакуль нічога не загадваем, бо трэба паглядзець, як усё атрымаецца з гэтым. Для пачатку адыграем прэзэнтацыю, і тады будзем рабіць нейкія высновы, будаваць пляны на будучыню. Шчыра кажучы, ня вельмі люблю моцна зазіраць наперад, бо потым атрымліваецца ня так, як казаў. Прынамсі, бліжэйшым часам нічога фарсіраваць ня будзем».

Паўліна з артыстычнай сямʼі, яе мама — Сьвятлана Цімохіна, вядучы майстар сцэны Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек. Ад тынэйджарства падавала надзеі ў музычнай галіне — дасканала асвоіла фартэпіяна, мела выдатныя вакальныя дадзеныя. Але пасьля заканчэньня школы паступіла на факультэт журналістыкі БДУ, што постфактум ацэньвае як «неабачлівы крок».

Пасьля навучальнай установы непрацяглы час працавала па спэцыяльнасьці, пісала пра культурныя падзеі, але так і не адчула «асалоды ад прафэсіі». Зрэшты, цяперашняя праца спэцыяліста аддзелу маркетынгу (капірайтэра) у камэрцыйнай кампаніі таксама вымагае добрага валоданьня словам і стылем. Піша для тэлебачаньня, для радыё, для друкаваных выданьняў. А паміж абавязковымі працоўнымі функцыямі нараджаюцца лірычныя песьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG