Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Далей ад супольнай з Расеяй гісторыі: Украіна рыхтуецца адзначыць 100-годзьдзе сваёй рэвалюцыі


Будынак Украінскай Цэнтральнай Рады. Цяпер Дом настаўніка.
Будынак Украінскай Цэнтральнай Рады. Цяпер Дом настаўніка.

Кабінэт Міністраў Украіны сёньня, паводле ініцыятывы Міністэрства культуры, аднагалосна зацьвердзіў плян мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годзьдзя падзей украінскай рэвалюцыі 1917-1921 гадоў ды ўшанаваньня памяці яе ўдзельнікаў.

«Гэтым дакумэнтам прадугледжваецца будаўніцтва ў Кіеве манумэнту Саборнасьці, помніка Сымону Пятлюры, мэмарыялаў і помнікаў у рэгіёнах, а таксама памятных знакаў, мэмарыяльных дошак, упарадкаваньня пахаваньняў удзельнікаў украінскай рэвалюцыі 1917-1921 гадоў ва Ўкраіне і за мяжой», — паведаміў міністар культуры Ўкраіны Яўген Нышчук, прадстаўляючы праект адпаведнага рашэньня сёньня на пасяджэньні ўраду.

Паводле яго, ад 2017 да 2021 году ва Ўкраіне будуць праводзіцца тэматычныя, інфармацыйныя, вучэбна-выхаваўчыя і культурна-мастацкія мерапрыемствы. «Нашы прапановы падтрымалі без заўваг усе датычныя ведамствы краіны», — дадаў міністар культуры.

Яўген Нышчук таксама паведаміў, што для ўдзелу ў афіцыйных мерапрыемствах з гэтай нагоды будуць запрошаныя і прадстаўнікі замежных дзяржаў.

Украінскія гісторыкі называюць рэвалюцыю 1917-1921 гадоў пачаткам нацыянальна-вызваленчай барацьбы ўкраінскага народу за сваю дзяржаўнасьць, але штуршком да яе аднадушна прызнаюць лютаўскую рэвалюцыю 1917 году ў Расейскай імпэрыі, калі цар быў адхілены ад улады. Тады ж ва Ўкраіне ўтварыўся альтэрнатыўны цэнтар улады — Украінская Цэнтральная Рада (УЦР), якая стала прадстаўнічым органам украінскіх дэмакратычных сіл і ўзначаліла нацыянальна-дэмакратычную рэвалюцыю ва Ўкраіне. Кіраўніком рады стаў Міхаіл Грушэўскі, якога лічаць першым прэзыдэнтам Украіны.

У пэрыяд 1917-1921 гадоў Украіна перажыла розныя формы нацыянальнай дзяржаўнасьці — Украінская народная рэспубліка, Украінская дзяржава, Заходняя ўкраінская народная рэспубліка, але дзяржаўную незалежнасьць утрымаць не змагла. Украінскія этнічныя тэрыторыі былі падзеленыя паміж СССР, Польскай Рэспублікай, Каралеўствам Румынія і Чэхаславацкай Рэспублікай. Такім чынам, Украінская нацыянальна-дэмакратычная рэвалюцыя пацярпела паразу, але запачаткавала працэс фарміраваньня сучаснай палітычнай нацыі і адрадзіла традыцыю ўкраінскай дзяржаўнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG