Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ФБР расьсьледуе сувязі экс-кіраўніка перадвыбарчага штабу Трампа зь Віктарам Януковічам


Пол Манафорт

Пол Манафорт

ФБР і Мінʼюст ЗША пачалі расьсьледаваньне магчымых сувязяў амэрыканскіх кампаній зь меркаванымі карупцыйнымі схемамі былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Пра гэта паведамляе CNN.

У прыватнасьці, гаворка ідзе пра фірму Пола Манафорта. Пры гэтым, паводле зьвестак крыніц, сам Манафорт ня ёсьць абʼектам увагі сьледчых. 19 жніўня Манафорт падаў у адстаўку з пасады кіраўніка перадвыбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа.

15 жніўня прадстаўнік Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны Арцём Сітнік заявіў, што імя Манафорта значыцца ў сьпісах людзей, якія атрымлівалі грошы ад «Партыі рэгіёнаў». Гаворка пра 12,7 мільёна даляраў, якія нібыта былі выплачаны канфідэнцыйна (расьпісак пра атрыманьне грошай, аднак, няма). Манафорт гэтую інфармацыю назваў бязглуздай. Аднак праз пару дзён агенцтва Associated Press заявіла, што атрымала доступ да электроннай пошты фірмы Манафорта і знайшла сьведчаньні, што яго кампанія лабіявала інтарэсы Віктара Януковіча.

Як перадае Бі-бі-сі, Пол Манафорт быў досыць цесна зьвязаны з украінскай палітыкай часоў першага Майдану. Пасьля паразы Віктара Януковіча на прэзыдэнцкіх выбарах 2004 году ён стаў паліттэхнолягам самога Януковіча, а таксама яго Партыі рэгіёнаў. Верагодна, у абавязкі Пола Манафорта таксама ўваходзіла праца над паляпшэньнем іміджу Віктара Януковіча ў ЗША.

Як паведамляе DW , у рамках расьсьледаваньня ФБР вывучаюцца магчымыя сувязі некаторых амэрыканскіх фірмаў з былымі ўладамі Ўкраіны. Сярод іншага гаворка ідзе пра Podesta Group. Гэтая кампанія спэцыялізуецца на лабіяваньні і піяры, а ўзначальвае яе брат Джона Падэста, кіраўніка выбарчай кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан.

XS
SM
MD
LG