Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўгода на справу Захаранкі: ААН абавязала завяршыць расьсьледаваньне гучнай справы і перадаць яе ў суд


Ульяна Захаранка каля партрэта сына, архіўнае фота

Як стала вядома праваабаронцам, у сакавіку Камітэт правоў чалавека ААН разгледзеў скаргу маці зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі на беларускія ўлады. Ульяна Захаранка зьвярнулася ў ААН яшчэ ў 2014 годзе. Маці зьніклага апазыцыянэра даводзіла, што ўлады Беларусі наўмысна зацягваюць расьсьледаваньне справы яе сына, у тым ліку не інфармуюць пра захады, каб знайсьці тых хто яго выкраў, і пакараць іх паводле закону. Ліст з інфармацыяй пра разгляд скаргі праваабаронцы атрымалі 11 сакавіка.

Дырэктарка Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская сказала карэспандэнту Свабоды:

«Нас афіцыйна з ААН праінфармавалі, што скарга Ўльяны Захаранкі разгледжаная. Вы ведаеце, там складаная і працяглая працэдура разгляду, яна забірае некалькі гадоў. Але нарэшце працэдура завершаная, чым мы вельмі задаволеныя. КПЧ ААН прызнаў: Беларусь парушыла правы Юрыя Захаранкі, што, верагодна, ён стаў ахвярай пазасудовага забойства, якое зрабілі службовыя асобы, і дзяржава мусіць правесьці расьсьледаваньне ды пакараць вінаватых. Таксама сярод рашэньняў КПЧ па скарзе Ўльяны Захаранкі — прызнаньне таго, што беларуская дзяржава мусіць цалкам кампэнсаваць страты, якія былі нанесеныя выкраданьнем і магчымым забойствам Юрыя Захаранкі ягоным сваякам», — сказала Міхайлоўская.

Паводле праваабаронцы, рашэньне аб завяршэньні расьсьледаваньня і перадачы справы ў суд Беларусь мусіць выканаць цягам 180 дзён — так пастанавіла КПЧ ААН. Таксама Беларусь павінна надрукаваць рашэньне КПЧ ААН у дзяржаўных мэдыях, хоць пакуль ніколі гэтага не рабіла:

«Дагэтуль урад Беларусі ніводнага разу не выконваў рашэньні КПЧ ААН, прынятыя па скаргах грамадзян Беларусі, у тым ліку не інфармаваў пра тое, якія гэта былі рашэньні. У нас мала спадзяваньняў, што цяпер нешта зьменіцца, але яны застаюцца. Калі пройдзе паўгода і зноў нічога ня будзе зроблена, мы будзем дамагацца выкананьня рашэньня КПЧ ААН, бо Беларусь абавязвалася выконваць усе рашэньні гэтай структуры. У тым ліку будзем ад імя Ўльяны Захаранкі падаваць на дзяржаўныя органы Беларусі ў суд», — паведаміла Раіса Міхайлоўская.

Юры Захаранка

Юры Захаранка

Былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак, якога сямʼя Юрыя Захаранкі ўпаўнаважыла прадстаўляць іхныя інтарэсы, мяркуе, што беларускія ўлады наўмысна зацягваюць расьсьледаваньне справы Юрыя Захаранкі:

«Як і ў справе аб зьнікненьні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, тут таксама збольшага ўсё зроблена: адпрацаваныя вэрсіі, ёсьць пэўныя сьведкі і доказы, ёсьць паказаньні былых сьледчых Случака і Петрушкевіча, былога начальніка СІЗА на Валадарскага Алега Алкаева, якія выводзяць на пэўных службовых асобаў, вінаватых у гэтых палітычных забойствах. Гэтыя дзеяньні па расьсьледаваньні справы былі праведзеныя яшчэ да 2001 году, а потым дзяржава справу фактычна спыніла. Цяперашняе рашэньне КПЧ ААН гэта прызнала і абавязала справу нарэшце скончыць. Ясна, што беларускія ўлады гэтага рабіць ня будуць. Але добра, што такое патрабаваньне да іх выказанае. Цяпер ёсьць гарантыя, што санкцыі супраць Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова, Уладзімера Навумава і Дзьмітрыя Паўлічэнкі, якім быў забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША, застануцца і будуць дзейнічаць, а гэтая справа ня зьнікне і свайго часу дачакаецца», — кажа Алег Воўчак.

Былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка быў выкрадзены невядомымі 9 траўня 1999 году, і ад таго часу пра ягоны лёс нічога не вядома. Праваабаронцы і шмат хто ў Беларусі мяркуюць, што вышэйшыя ўлады Беларусі расквіталіся з адным з тагачасных лідэраў апазыцыі за ягоную палітычную дзейнасьць.

Пракуратура Беларусі нядаўна паведаміла маці Юрыя Захаранкі, што расьсьледаваньне справы аб яго зьнікненьні працягнутае на чарговыя тры месяцы — да 24 чэрвеня 2017 году.

Ульяна Захаранка, якой ужо 93 гады, працягвае спадзявацца, што праўда пра лёс сына стане вядомая яшчэ пры яе жыцьці.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG