Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрэбная ратацыя прэзыдэнта, — магілёўцы пра дэвальвацыю


У суседніх Літве, Польшчы, Латвіі нацыянальныя валюты стабільныя апошнія дваццаць гадоў, а ў Беларусі кожныя тры-чатыры гады — дэвальвацыя. Як вы лічыце, чаму? Што трэба зрабіць, каб гэтага не было?. Адказваюць жыхары Магілёва.

Спадар сталага веку: «Ня ўмеюць нашы вышэйшыя ўлады эканоміку па-сапраўднаму разьвіваць. Кепска працуюць. Няма разумных людзей, каб па-сапраўднаму гэта ўсё рабілі. Наш прэзыдэнт — пастаянна за ратацыю кадраў штогод. Мо гэта і слушна. Але, можа, ратацыя патрэбная і прэзыдэнта».

Спадар: «Калі Расея пасунулася, супраць яе санкцыі ўвялі — вось і вынік такі. А калі б мы свае рынкі накіравалі ў Эўропу, тады і абстаноўка, відаць, была б іншая. Трэба працаваць лепей. Выпускаць якасную прадукцыю, якая адпавядае ўсясьветным стандартам, і выходзіць на іншыя рынкі. Ня толькі зьвязвацца з Расеяй. Там жа бачыце якая сытуацыя».

Спадарыня: «Тут якраз усё зразумела — мы ж зьвязаныя з Расеяй і з Украінай. Усе гэтыя падзеі не маглі не адбіцца на нас. Я мяркую, што неабходна рабіць, хай думаюць палітыкі. Я далёкая ад гэтага».

Спадар: «Сам верыў. Летась жа абяцаў урад, што даляр будзе 11 300. Праўду тады трэба было гаварыць. Падманваюць людзей. Тут жа ўсё разам, і палітыка, і эканоміка. Кепска ўсё. Людзі незадаволеныя. Я ня ведаю, што рабіць. Выбары хутка будуць».

Спадар: «Мы ж канкрэтна прывязаныя да эканомікі Расеі. Украіна тая ж. Тут жа многае залежыць ад зьнешніх фактараў. На кожным прадпрыемстве беларускім мае быць нармальны кіраўнік, які дбае пра мадэрнізацыю і падымае прадпрыемства. Яшчэ нармальная каманда мэнэджэраў. Тых, хто збывае прадукцыю. Прадукцыя ж беларуская карыстаецца попытам, але зь яе рэалізацыяй узьнікаюць пытаньні».

Спадарыня: «Я ў палітыку ня лезу. І не магу нічога вам пра гэта ўсё расказаць. Так, сапраўды і эканоміка, але я ж не эканаміст. Я толькі мэдработнік».

Вы не адчуваеце сябе жыхаром Расеі? Тады я з вамі гаварыць ня буду

Спадар сталага веку: «Мы ж прывязаныя да Расеі з вамі. Вы не адчуваеце сябе жыхаром Расеі? Не адчуваеце! Тады я з вамі гаварыць ня буду».

Малады спадар: «Шчыра кажучы, я ня ведаю. Праблема ёсьць, вядома ж. Але каб сказаць, што мы вінаватыя, то я таксама не магу сказаць. Я ня ведаю».

Спадарыня: «Нестабільнасьць, напэўна, у эканоміцы. Якая яшчэ можа быць прычына? Людзі баяцца гэтых дэвальвацыяў. У Савецкім жа Саюзе была аднойчы такая дэвальвацыя. І людзі засталіся жабракамі. Але што я магу зьмяніць? У нас што, права голасу нехта мае? Мы самі і вінаватыя! Хто яшчэ вінаваты? Вочы бачылі, што бралі, а цяпер ежце — хоць падавіцеся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG