Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзе ты, мая Анечка?»: выйшаў «самы інтымны кліп» Лявона Вольскага


Лявон і Ганна Вольскія. Фота зь сямейнага архіву Вольскіх, выкарыстанае ў кліпе на песьню «Цёплае мінулае»
Лявон і Ганна Вольскія. Фота зь сямейнага архіву Вольскіх, выкарыстанае ў кліпе на песьню «Цёплае мінулае»

Сямейны архіў Лявона Вольскага з мноствам раней не публікаваных здымкаў выкарыстаны ў відэа на песьню «Цёплае мінулае». Рэжысэр кліпа — Мацей Сабураў.

«Для мяне гэта не характэрная настальгічная песьня, — распавядае Вольскі пра песьню з новага альбому „Псыхасаматыка“. — Напісаў яе на пачатку году. Быў сумнаваты зімовы настрой. А два апошнія радкі запісаў ужо пазьней».

Ідэя кліпу прыйшла супольна, абмяркоўвалі яе разам з прэс-аташэ музыкі Зьмітром Безкаравайным і рэжысэрам Мацеем Сабуравым.

«Песьня ня толькі пра мяне, — кажа Вольскі. — Песьня пра цэлае пакаленьне. Мне ўвогуле падавалася, што яна фрагмэнтарная, зьлёгку ілюстратыўная. Але па колькасьці спампаваньняў на Soundcloud відаць, што людзі неабыякава ставяцца да яе».

Раней не публікаваныя архіўныя здымкі, распавядае музыка, проста ляжалі ў кампутары ў старой тэчцы.

«Некаторыя адсканаваныя з плёнак, некаторых ужо няма нават фізычна, — кажа ён. — Давялося напружыцца дзеля кліпа, пашукаць».

«„Цёплае мінулае“ — гэта песьня, якая складаецца з фрагмэнтаў, з кадраў. Вось перада мною двор на вуліцы Адоеўскага: бабулі і цёткі сядзяць на лаўках пры пад’ездах, нешта ці некага жвава абмяркоўваюць, дзеці гуляюць у пікара ці цюхі, мужчыны гуляюць у шахматы ці даміно за негабляваным дваровым сталом... Вось я еду на 23-м тралейбусе ў мастацкую школу. Вось я граю першыя канцэрты на электрааргане „Юность-75“... А вось кадры з мноства розных выступаў, кожны зь якіх быў асаблівы і кожны па-свойму запомніўся... Вось мы з Ганнай абмяркоўваем канцэпцыю канцэрту ў пераходзе... Паміж напісаньнем гэтай песьні і запісам голасу на студыі мінула некалькі месяцаў. І ўжо той час, калі я ствараў гэтую песьню, зрабіўся „цёплым мінулым“, бо цягам гэтых месяцаў жыцьцё кардынальна зьмянілася. Зьмяніўся я, зьмяніўся сьвет вакол мяне. І тое, што здавалася трывалым і непахісным, зрабілася цёплым настальгічным успамінам», — прадставіў гэтае відэа Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Facebook.

Новы альбом Лявона Вольскага «Псыхасаматыка» быў выкладзены ў сеціва 15 лістапада.

«Людзі мне вельмі дзякуюць за яго, — апісвае Лявон свае ўражаньні ад таго, як альбом быў успрыняты слухачамі. — Можа таму, што ён больш шчыры, там больш душы».

«Пра будучыню казаць цяжка, — разважае Лявон у адказ на пытаньне, што можа сказаць пра будучыню. — Нават калі нейкія паездкі плянуеш, то жыцьцё ўносіць бязьлітасныя карэктывы. Я гляджу па грамадзка-палітычных падзеях, і бачу, што я не зусім кампэтэнэтны прадказваць будучыню. Асабіста мне хацелася б, каб усё было цёпла, сьветла, зіхотка і для нашай краіны, і для нас усіх. Каб усё было добра, камфортна, каб усе жылі ў радасьці. Спадзяюся, мы да гэтага ідзём, толькі вельмі няпростым шляхам. Але ж мы і не казалі, што будзем выбіраць лёгкія шляхі».

Канцэртная прэзэнтацыя дыска адбудзецца 3 сьнежня ў Вільні і будзе складацца з двух аддзяленьняў. Першае будзе прысьвечана лірычным песьням, другое — дынамічным рок-кампазыцыям. Прагучыць новы альбом «Псыхасаматыка», а таксама лепшыя песьні з «Грамадазнаўства» (2014), іншых альбомаў і праектаў музыкі. Бясплатныя візы можна атрымаць пры падачы дакумэнтаў не пазьней за 24 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG