Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І гэтыя людзі, бессаромна гледзячы нам у вочы, яшчэ за дзень да краху запэўнівалі, што ніякай дэвальвацыі ня будзе...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Набліжаюцца Каляды, а ўсьлед за імі — Новы год. Звычайна ў гэты час у нашай пошце шмат лістоў сьвяточных, віншавальных падсумавальных. Але сёлета якраз перад самымі Калядамі ўлада падрыхтавала беларусам такі падарунак, ад якога многія, здаецца, ледзь увогуле не забылі пра сьвята.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з водгукаў на апошнія фінансавыя ўзрушэньні, што напаткалі беларускіх грамадзянаў за некалькі дзён да сьвятаў. Наш слухач Дзьмітры Калечыц зь Менску піша:

«Замест таго, каб пайсьці ў касьцёл ці царкву, апошні тыдзень перад сьвятам людзі бегалі, як шалёныя, па банках і крамах, каб укласьці свае абясцэненыя рублі хоць у што-небудзь надзейнае. Цяжка іх за гэта дакараць. Але як не дакараць уладу? І гэтыя людзі, бессаромна гледзячы нам у вочы з экрана тэлевізара, яшчэ за дзень да фінансавага краху запэўнівалі, што ніякай дэвальвацыі ня будзе ... Ну як жа так? Хоць калі-небудзь яны панясуць адказнасьць за свае хлусьню, падман, зьдзек зь людзей? Колькі ж можна зьдзекавацца з простага чалавека?

Лукашэнка цынічна абяцае: нічога, праз паўгоду як-небудзь усё ўтрасецца, стабілізуецца. Маўляў, „вэртыкаль“ у яго моцная, дужая — ёй любая справа па плячы. Хочацца спытаць: а навошта нам такая „здольная“ вэртыкаль, якая ня здольная была прадбачыць і прадухіліць гэты крызіс? Ладна б, гэта было ўпершыню. Дык жа ў нас кожныя тры ці чатыры гады адно і тое ж. Калі вы ня здольныя як сьлед арганізаваць працу, плянаваць і ажыцьцяўляць фінансава-эканамічную палітыку, прадбачыць і прадухіляць крызісы — навошта ж ухапіліся мёртвай хваткай за гэту ўладу? Колькі нам яшчэ цярпець гэта невуцтва і бяздарнасьць пры ўладзе?»

Пытаньні Вашы, спадар Дзьмітры, збольшага рытарычныя. Усе шматлікія папярэднія абвалы, дэвальвацыі ды іншыя эканамічныя катаклізмы, якіх нямала было ў Беларусі за апошнюю чвэрць стагодзьдзя, доказна паказалі: дзейная беларуская ўлада ніколі не пакутавала ад згрызотаў сумленьня з гэтай нагоды, і ніхто з высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў не пацярпеў за такую палітыку. Колішні старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч, які ў 2011 годзе перад самай трохразовай дэвальвацыяй патасна запэўніваў, што ніякай дэвальвацыі ня будзе, пару месяцаў пасьля падману пабыў у пэнсіянэрах, але неўзабаве зноў усплыў — на яшчэ больш высокай пасадзе. Сёлета ён зноў паўтараў свае мантры пра тое, што дэвальвацыі не дапусьціць — літаральна за некалькі гадзінаў да таго, як беларусы даведаліся, што валюта для іх падаражэе прынамсі на траціну.

✉ ✉ ✉

Наступны ліст даслаў нам Ігар Сімашковіч з пасёлка Ула Бешанковіцкага раёна. І ён, і многія ягоныя землякі ўстрывожаны расейскай экспансіяй, якая набывае новыя формы і стала заўважнай нават у аддаленых беларускіх мясьцінах:

«Назіраю, як Расея пакрысе бязь лішняй шуміхі падграбае пад сябе нашы нацыянальныя каштоўнасьці. Пачыналася ўсё зь дзяржаўных прадпрыемстваў і аб’ектаў інфраструктуры. А цяпер дайшла чарга да зямлі, лясоў, азёр — нашых прыродных багацьцяў.

Вось і да нашага мястэчка дацягнулася сквапная рука чужынцаў. А гісторыя вось якая. Ёсьць каля нас у маляўнічым лясным кутку возера Каранёва — надзвычайнай чысьціні і прыгажосьці. Улетку мясцовыя жыхары спрадвеку езьдзілі туды адпачываць — купацца, лавіць рыбу. Навакольныя лясы багатыя на грыбы ды ягады.

Возера Каранёва
Возера Каранёва

І вось агледзеў гэту прыгажосьць расейскі „Газпром“. Што ён робіць? Будуе праз раку Улу мост — дыхтоўны, прыгожы, з парэнчамі ды ліхтарамі — ну, нібы вядзе ён не да глухой занядбанай вёсачкі, а да Парыжу... Спачатку ніхто нават і ня ведаў, хто будуе і дзеля чаго. Усе толькі зьдзіўляліся. Хоць і разумелі: не дзеля трох бабулек гэта будаўніцтва распачата — тут і вожыку ясна.

Ну, а калі даведаліся, што гэта „Газпром“, дык ужо многія здагадаліся: новы мост — дзеля таго, каб на „Мэрсэдэсах“ і „Лексусах“ было зручна дабірацца да нашага возера. І тут ужо мы ўстрывожыліся. Ці не атрымаецца так, што абнясуць наша возера высокім плотам з калючым дротам, а на ўваходзе паставяць шлягбаўм зь відэакамэрамі? Досьвед ужо ёсьць — у іншым маляўнічым месцы каля азярца пры дарозе Ула — Бешанковічы так ужо адбылося. І зрабіў гэта той жа „Газпром“. Увогуле, пранырлівыя расейцы вельмі спрытныя: скупляюць за бесцань і дамы ў вёсках, і зямельныя ўчасткі, і маёмасьць, і мясцовых людзей у якасьці халопаў... А Лукашэнка гэтага нібыта і не заўважае. А можа, ён адмыслова патурае гэтаму?»

Ну, да куплі мясцовых жыхароў у якасьці халопаў справа ўсё ж пакуль не дайшла, спадар Ігар, тут вы яўна перабольшваеце. Хоць, калі меркаваць па выказваньнях некаторых высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў, яны зусім ня супраць атрымаць ва ўласнасьць сотню-другую прыгонных сялян. Маю на ўвазе меркаваньне старшыні расейскага Канстытуцыйнага суду Валерыя Зоркіна, выказанае ім 26 верасьня ў афіцыйнай «Российской газете». Зоркін назваў прыгоньніцтва «галоўнай скрэпай, якая ўтрымлівала ўнутранае адзінства нацыі». Куды ўжо далей...

Мяркую, што ў бліжэйшы час расейскім алігархам усё ж давядзецца значна ўтаймаваць свае ранейшыя апэтыты: сытыя, «тлустыя» гады для іх скончыліся — за абясцэненыя ўдвая расейскія рублі наўрад ці захочуць прадаваць уласнасьць нават прастадушныя беларусы зь віцебскай «глыбінкі».

✉ ✉ ✉

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў свой новы ліст на Свабоду напісаў пасьля таго, як паслухаў бліц-аналіз Віталя Цыганкова з удзелам эканаміста Барыса Жалібы на тэму «Ці прывядзе танны газ да эканамічных рэформаў». З нагоды пачутага слухач піша:

«Па-першае, цалкам відавочна тое, што Расея актыўна выкарыстоўвае цану на газ у палітычных мэтах. Будзеш рахманым і паслухмяным — табе адна цана, зробіш нешта насуперак «старэйшаму брату» — атрымаеш цэнавай дубінай па галаве. Для Беларусі цана на газ вызначана ў 155 даляраў за 1000 кубамэтраў, для Ўкраіны на лістапад-сьнежань — ці то 378 даляраў, ці то нават 385.

Але ці спрыяе нізкая цана на газ наогул якім-небудзь рэформам, эканамічным ці тэхналягічным? Як можа ўплываць на тэхнічны прагрэс у цэлым таннасьць і даступнасьць прыродных рэсурсаў?

І далёкая, і нядаўняя гісторыя даюць даволі відавочны адказ на гэтыя пытаньні. Зусім не багацьце прыродных рэсурсаў зьяўляецца крыніцай навукова-тэхнічнага і эканамічнага прагрэсу, хутчэй наадварот. Пра гэта пісаў яшчэ Адам Сьміт у сваёй працы „Дасьледаваньне пра прыроду і прычыны багацьця народаў“, пра гэта сьведчыць досьвед многіх разьвітых краінаў, хоць бы той самай Японіі. Такім чынам, танны і даступны газ зусім не спрыяе эканамічным рэформам, тут паважаны спадар Жаліба цалкам мае рацыю. Мы, беларусы, сядзім на расейскай трубе з танным газам, як на наркатычнай ігле. У блізкай пэрспэктыве быццам выглядае, што гэта добра, але гэта толькі тактычны, кароткатэрміновы выйгрыш. Паглядзіце лічбы нашых энэргазатратаў на адзінку прадукцыі, параўнайце іх зь лепшымі ўзорамі — і вы задумаецеся. Падумайце аб тым, што нафтагазавая „халява“ ў любы момант можа скончыцца, і вы спачатку адчуеце сябе няўтульна, а потым вас ахопіць жах.

Мы, беларусы, сядзім на расейскай трубе з танным газам, як на наркатычнай ігле

Асабіста я зьведаў такія пачуцьці недзе год 10 таму, калі Расея сярод зімы адключыла нам газ. Я працаваў на Вушацкай цэнтральнай кацельні, „кіраваў“, так бы мовіць, кантрольна-вымяральнымі прыборамі і аўтаматыкай. Газ загадалі перакрыць і перайсьці на рэзэрвовае паліва — мазут. Мазут на кацельню не завозілі ўжо шмат год, рэшткі складалі нешта каля 70 тон — на трое сутак працы кацельні. Хто з гэтым сутыкаўся, той можа ўявіць, які там, на дне ёмістасьцяў, мог быць той мазут — паводле кансыстэнцыі ён больш нагадваў вельмі густую сьмятану, да таго ж у ім утрымлівалася шмат вады. Што мы толькі не рабілі, але запаліць яго хоць бы ў адным катле нам так толкам і не ўдалося, хоць патрацілі мы на гэта ўсю ноч. Я ўяўляў, што будзе з нашым мястэчкам дні праз тры, калі замерзьне вада ў трубах і батарэях, я ўжо абдумваў плян эвакуацыі сям’і да сваякоў у вёску...

...Але на досьвітку далі „дабро“ на адкрыцьцё газавай засланкі. Мы ўздыхнулі з палёгкай, але агіднае пачуцьцё бездапаможнасьці і надыходзячага армагедону засталося дагэтуль».

Сапраўды, спадар Кастусь, сусьветны досьвед паказвае: каб быць заможнай і пасьпяховай краінай, зусім не абавязкова мець багатыя радовішчы карысных выкапняў ці іншых прыродных рэсурсаў. Давайце зірнем на сьпіс самых багатых дзяржаў сьвету, дзе штогадовы валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва вымяраецца многімі дзясяткамі тысяч даляраў. Нідэрлянды, Швайцарыя, Люксэмбург, Ганконг... Усё гэта — краіны, якія дасягнулі высокага дабрабыту галоўным чынам дзякуючы інтэлекту сваіх грамадзянаў і мудрасьці дзяржаўных кіраўнікоў: ніякіх значных прыродных багацьцяў яны ня маюць.

Што праўда, у сьпісе самых заможных — і тыя дзяржавы, якія Бог шчодра надзяліў газам і нафтай: Катар, Нарвэгія, Брунэй, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

XS
SM
MD
LG