Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля шасьцігадовага перапынку адкрыўся «Менскі форум»


Пэтэра Дэтмар, Райнэра Лінднэр, Mатыяс Тумпэль, Яўген Прэйгерман

Пэтэра Дэтмар, Райнэра Лінднэр, Mатыяс Тумпэль, Яўген Прэйгерман

24 лістапада палітыкі, дыпляматы, экспэрты і грамадзкія актывісты зь Беларусі, Нямеччыны і іншых эўрапейскіх краін зноў сустрэліся на «Менскім форуме». Канфэрэнцыя, якая праводзіцца з 1997 года Нямецка-беларускім таварыствам, сёлета прысьвечана тэме «Беларуь — Нямеччына — ЭЗ. Пэрспэктывы эўрапейскага суседзтва і бясьпекі».

Форум пачаўся з прэсавай канфэрэнцыі амбасадара Нямеччыны ў Беларусі Пэтэра Дэтмара, старшыні «Менскага форуму» і Нямецка-беларускага таварыства Райнэра Лінднэра, старшыні Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра (IBB) Маціяса Цюмпэля і Яўгена Прэйгермана, старшыні дыскусійна-аналітычнай супольнасьці «Лібэральны клюб».

Райнэр Лінднэр у сваім выступе адзначыў:

«У „Менскім форуме“ возьмуць удзел каля 200 удзельнікаў, бальшыня зь іх зь Беларусі. Заплянаваная праца трох сэкцый: зьнешняя палітыка; эканамічныя рэформы; грамадзянская супольнасьць і рэгіянальнае разьвіцьцё. Шматлікія прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу ўдзельнічаюць у форуме.

Што зьмянілася за 6 гадоў пасьля апошняга форуму ў Беларусі? — вось што важна менавіта для мяне. Мы правялі два мерапрыемствы за межамі Беларусі, каб не забывацца на форум. Мы наўмысна працуем паводле прынцыпу: ніякіх закрытых абмеркаваньняў, спадзяемся, так будзе і на гэтым форуме».

Пэтэр Дэтмар

Пэтэр Дэтмар

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар сказаў, што папярэдні форум праходзіў у 2010 годзе. Але ў апошні час прайшло збліжэньне Беларусі з Эўразьвязам, стасункі палепшыліся.

«Назва сёлетняга форума — „Пэрспэктывы ЭЗ і пэрспэктывы суседзтва з ЭЗ“. Вельмі важна, каб мы ня толькі абмеркавалі праблемы, а знайшлі імпульсы, каб мы потым разам працавалі і разам жылі ў гэтай прасторы. Мы павінны вызначыць вэктар добрага, плённага супрацоўніцтва».

На пытаньне журналістаў, ці лічыць амбасадар Нямеччыны, што сытуацыя з дэмакратыяй за 6 гадоў, калі форум не праводзіўся, палепшылася, спадар Дэтмар адказаў так:

«Рытарычнае пытаньне. І адна з прычын, чаму форум прыпыніў працу, была сытуацыя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, парушэньні правоў чалавека, калі былі арыштаваныя вядучыя палітыкі, калі зьявіліся палітзьняволеныя. І мы са свайго боку не маглі на гэта не адрэагаваць. Было важна зрабіць пэўны знак.

За апошнія 15 месяцаў адбылася станоўчая дынаміка. Былі вызвалены палітзьняволеныя, гаворка ідзе і пра іншыя крытэры, якія былі вызначаны з боку Эўрапейскага зьвязу. Таму, безумоўна, тут ёсьць зрухі. Чаго я не сказаў, што ёсьць фундамэнтальныя зьмены ва ўнутрыпалітычных умовах. Безумоўна, канечне, збліжэньне ў адносінах паміж Менскам і Брусэлем — гэта відавочная падстава для таго, каб форум аднавіў сваю працу».

На адкрыцьці форуму намесьніца міністра замежных спраў Алена Купчына адзначыла, што за апошнія 6 гадоў, калі форум не зьбіраўся, многае зьмянілася, і ў Беларусі, і ў сьвеце:

«Форум — гэта плошча ў Рыме, дзе традыцыйна адбывалася грамадзкае, эканамічнае, палітычнае жыцьцё. „Менскі форум“ — гэта адкрытая дыскусія. Няма лепшай формы зносінаў, чым дыялёг».

У працы форуму бяруць удзел нядаўна прызначаны амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Дзяніс Сідарэнка, кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын, дыпляматы, палітыкі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, экспэрты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG