Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля ператрусу ў Чарнавусаў забралі аргтэхніку


Мікалай Чарнавус старэйшы, архіўнае фота

Некалькі міліцыянтаў 5 красавіка ладзілі ператрус у доме баранавіцкіх актывістаў бацькі і сына Мікалаяў Чарнавусаў. У выніку з дому вынесьлі кампутары і пляншэт.

Ператрус у Чарнавусаў цягнуўся некалькі гадзін. У сувязі зь якой справай ён ладзіўся, гаспадарам так і не патлумачылі, сказаў Мікалай Чарнавус — малодшы:

«Ужо зьехалі. Забралі аргтэхніку — два сыстэмныя блёкі, ноўтбук і пляншэт. Нічым яны не патлумачылі, чаму іх зацікавіла менавіта наша аргтэхніка. Калі яны прарываліся ў дом, то казалі, што ім патрэбныя „ўлікі па дадзенай справе“. А якой менавіта справе, у пратаколе агляду не было ўказана».

Чарнавус-малодшы выказаў дзьве вэрсіі:

«Па-першае, бацька неяк пайшоў у райвыканкам. У працоўны час усе кабінэты адказных асобаў былі зачыненыя. А за дзьвярыма аднаго з кабінэтаў — шум, звон келіхаў. Бацька выклікаў з гэтай нагоды міліцыю, многіх супрацоўнікаў райвыканкаму завезьлі на мэдычны агляд. Паказала, зразумела, нуль праміле. Адмыслова зрабілі, што нуль, алькаголю быццам не было ў іх крыві. І цяпер тыя супрацоўнікі падалі на бацьку заяву і спрабуюць яго прыцягнуць па крымінальным артыкуле за паклёп.

А другі момант — гэта тое, што бацька падаў заяўку на правядзеньне мерапрыемства ў Баранавічах 9 траўня. Мы мяркуем, што, хутчэй за ўсё, каб ізаляваць яго ад грамадзтва, будуць зараз праводзіцца нейкія дзеяньні».

Мікалай Чарнавус — старэйшы (Партыя БНФ) і Мікалай Чарнавус — малодшы (АГП) — лідэры пратэстаў «недармаедаў» у Баранавічах. Абодвух аштрафавалі на значныя сумы за несанкцыянаваныя акцыі, а Мікалай Чарнавус — малодшы яшчэ і адседзеў 12 сутак арышту.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG