Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дэпутаты расейскага паходжаньня думаюць пра беларускую мову


Дэпутатам у Беларусі можа быць толькі грамадзянін Беларусі, і аўтаматычна лічыцца, што ўсе парлямэнтары ў нас беларусы. Ды і графы «нацыянальнасьць» у пашпарце няма. Але па месцы нараджэньня можна спрабаваць вызначыць, якога паходжаньня той ці іншы «прадстаўнік народу».

Дэпутатаў Парлямэнту, якія нарадзіліся не ў Беларусі — 12 чалавек, гэта 11% ад агульнай колькасьці. Васьмёра нарадзіліся ў Расеі, і яшчэ чацьвёра — ва Ўкраіне.

Я вырашыў пацікавіцца, што яны думаюць аб неабходнасьці разьвіцьця беларускай мовы і культуры? Сёньня пагаворым аб пазыцыі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія нарадзіліся ў Расеі.

Ала Сопікава

Ала Сопікава

Дэпутат Ала Сопікава, якая нарадзілася на станцыі Салянка Нарымаўскага раёна Астраханскай вобласьці, дэпутат Сьвятлана Чэкан, якая нарадзілася ў г. Саратаве і дэпутат Уладзімір Краўцоў з г. Падпарожжа Ленінградскай вобласьці у адзін голас паўтараюць, што пашырэньне ўжываньня беларускай мовы толькі павялічыць дакумэнтаабарот:

Сьвятлана Чэкан у цэнтры

Сьвятлана Чэкан у цэнтры

«Выкладзеныя ў Вашым лісце прапановы аб унясенні змяненняў у Закон „Аб мовах“ прывядуць да значнага павелічэння аб’ёму дакументаабароту і ўскладнення парадку выкарыстання дзяржаўных моў, што, на мой погляд, з’яўляецца немэтазгодным». Відаць, яны таксама сталі часткай «калектыўнага розуму беларускага Парлямэнту». Зноў мы бачым, як у адны ладкі б’юць і аб немэтазгоднасьці і «сваім поглядзе» кажуць.

Уладзімір Краўцоў таксама лічыць, што «замацаванне для ўсіх удзельнікаў правазносінаў, у тым ліку грамадзян, арганізацый недзяржаўнай формы ўласнасці, абавязку на адначасовае выкарыстанне ва ўсіх выпадках беларускай і рускай мовы можа абмежаваць права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносінаў, што гарантавана часткай 3 артыкула 50 канстытуцыі».

Уладзімір Краўцоў - зьлева

Уладзімір Краўцоў - зьлева

Цікава, як гэта можа супярэчыць Канстытуцыі, калі ў ёй замацавана двухмоўе і роўны статус дзьвюх дзяржаўных моваў? Мабыць, дэпутату ня надта хочацца перавучвацца на беларускую. Дзьвюхмоўе дзьвюхмоўем, але лепш па-руску.

Натальля Гуйвік

Натальля Гуйвік

Дэпутат ад Полацкай гарадзкой акругі № 28 Натальля Гуйвік, ў мінулым судзьдзя Полацкага гарадзкога суду, якая нарадзілася ў г. Кіраве, паведаміла: «на мой погляд, Ваша прапанова на сённяшні дзень не з’яўляецца для краіны найбольш важнай і патрабуючай першачарговага вырашэння ў Палаце прадстаўнікоў, таму я лічу немэтазгодным у дадзены час выступаць з прапанаванай Вамі заканадаўчай ініцыятывай».

Натальля Гуйвік

Натальля Гуйвік

Прадстаўніца Полацка, горада, дзе зараджалася беларуская дзяржаўнасьць, і адкуль паходзіць першадрукар Скарына, ня лічыць пашырэньне беларускай мовы важным пытаньнем. Цікава, калі гэтае пытаньне стане важным? Тады, калі на мяжы апынуцца расейскія танкі, як гэта было ва Ўкраіне?

Дэпутатка Гуйвік мне прапануе зьбіраць подпісы: «Паводле часткі 1 артыкула 99 Канстытуцыі права заканадаўчай ініцыятывы належыць таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш як 50 тысяч чалавеук. Такім чынам, Вы маеце права выступіць з заканадаўчай ініцыятывай самастойна, калі Вас падтрымае ў гэтым 50 тысяч грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам».

Іншымі словамі: тое, што я магу зрабіць сама, зрабі ты, Ігар, сам, але яшчэ і 50 тысяч подпісаў зьбяры. Чаму тады ў Парлямэнце ня Ігар Случак, а Натальля Гуйвік, калі яна сваёй працай не жадае займацца?

Людміла Міхалькова

Людміла Міхалькова

Яшчэ адна дэпутатка-судзьдзя, Людміла Міхалькова, якая прадстаўляе Жыткавіцкую акругу № 39 і нарадзілася ў горадзе Савецкая Гавань Хабараўскага краю, піша, што «падрыхтоўка законапраекта па ўнясенню змяненняў і дапаўненняў у Закон „Аб мовах“ да разгляду Палаты прадстаўнікоў уваходзіць у кампетэнцыю Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Таксама паведамляю, што Вашы прапановы па Закону „Аб мовах“ будуць абмеркаваны пры ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у названы Закон, калі такі законапраект будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў».

Адказ двухсэнсоўны: не ў маёй кампэтэнцыі, але калі будзе праект, то буду разглядаць. Юрыстка з Савецкай Гавані забывае, што ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй кожны дэпутат Парлямэнту можна выступаць з заканадаўчай ініцыятывай па любым пытаньні, нягледзячы на тое, у склад якой Парлямэнцкай камісіі ён уваходзіць. Было б толькі жаданне.

Але Ала Сопікава, якая ўваходзіць ва ўзгаданую Камісію па адукацыі, таксама лічыць пашырэньне беларускай мовы немэтазгодным. Замкнёнае кола.

Уладзімір Базанаў

Уладзімір Базанаў

Дэпутат ад Берасьцейскай-Памежнай акругі № 4, палкоўнік Уладзімір Базанаў, намесьнік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бясьпецы, які нарадзіўся ў вёсцы Бардзінскае Бабаеўскага раёну Валагодзкай вобласьці, даў разгорнуты адказ зь вялікай колькасьцю граматычных памылак на тэму, чаму нельга зараз унесьці зьмены на падставе розных нарматворчых працэдураў, і падсумаваў: «ўнясенне змяненняў у Закон як адзін з спосабаў дасягнення мэты папулярызацыі і развіцця беларускай мовы не ўяўляецца абгрунтаваным, паколькі дзеючай рэдакцыяй Закона мачымасць ужываць ужывання беларускай і рускай моў у праадносінах, урэгуляваных абранымі Вамі асобнымі палажэннямі Закона не абмежавана».

Нездарма ж столькі граматаў з Расеі, калі меркаваць па фота, атрымлівае. Ня ведаю, як вы, а мне неспакойна за беларускую нацыянальную бясьпеку. Зноў украінскія паралелі просяцца.

Яшчэ два дэпутаты, якія нарадзіліся ў Расеі, пакуль не адказалі.

Да гэтага яшчэ вернемся, а ў бліжэйшых запісах вы даведаецеся, што беларускія дэпутаты ўкраінскага паходжаньня думаюць пра пашырэньне беларускай мовы і культуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG