Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У парлямэнцкім сьпісе Тацьцяны Караткевіч — 30 прэтэндэнтаў


Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

Але былая кандыдатка на прэзыдэнта кажа, што «Гавары праўду» ня гоніцца за колькасьцю.

У сьпіс «ТаК» патэнцыйных кандыдатаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў ад грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» на сёньня ўваходзяць тры дзясяткі чалавек — паведаміла 2 лютага Свабодзе былая кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі Тацяна Караткевіч:

«Гэта людзі і сталыя, і маладыя. Яны ўсе маюць свае асаблівасьці, у іх розныя прафэсіі. Даволі шмат бізнэсоўцаў, мэнэджэраў. Бальшыня ў сьпісе — мужчыны. І дастаткова новых, пакуль мала вядомых у палітыцы людзей. Ужо сёньня магу сказаць: сьпіс „ТаК“ будзе цікавы.

Прэтэндэнты ўжо падбіраюць сабе каманды, вызначаюць кіраўнікоў сваіх штабоў. У лютым у нас будзе шэсьць паездак па рэгіёнах спэцыяльна для сустрэч з патэнцыйнымі кандыдатамі. Мы вызначымся са стратэгіяй выбарчай кампаніі, мабілізуем прэтэндэнтаў на актыўны ўдзел у ёй.

„Гавары праўду“ ня ставіць перад сабой мэту закрыць усе 110 акругаў. Для нас галоўнае — ня колькасьць, а якасьць. Таму арыентуемся толькі на тых людзей, якія могуць пераканаць выбарцаў аддаць ім свае галасы. І бачым сваю задачу ў тым, каб добра падрыхтаваць іх да кампаніі. Хочам, каб нашы прэтэндэнты правялі па-сапраўднаму канкурэнтныя кампаніі з праўладнымі вылучэнцамі. Яны ня будуць „адбываць нумар“, а пачнуць змаганьне за падтрымку выбарцаў. Я мяркую па сабе. Калі для мяне гэта магчыма, то чаму гэта немагчыма для іншых?».

Тацяна Караткевіч спадзяецца, што сёлетнія выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць ня так, як іншыя:

«Мы правялі сустрэчы і ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, і з прадстаўнікамі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). І там, і там наша пазыцыя была аднолькавая — нельга патапіць у бясконцых гаворках неабходнасьць новага падыходу да выбараў. Таму мы адмаўляемся ад мноства прапаноў па зьмене выбарчага заканадаўства і выбарчай практыкі.

Фактычна нашы патрабаваньні зьвяліся да двух асноўных — адкрыты падлік бюлетэняў і плюралістычны склад выбарчых камісіяў.

Калі зможам гэтага дамагчыся, то і нашы кандыдаты стануць дэпутатамі».

На пытаньне Свабоды, ці гатовая кампанія «Гавары праўду» ўступіць у кааліцыю зь іншымі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў, Тацяна Караткевіч адказала так:

«Я думаю, галоўнае — вылучыць як мага болей прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў у выбарчыя камісіі. А пытаньне пра кансалідацыю ўзьнікне само сабою на этапе агітацыі. І тады будзем прымаць рашэньне. Калі гэта карысна, то мы не адмаўляемся ад супрацы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG