Сам апазыцыянэр заявіў, што не супраціўляўся пры затрыманьні, не знаёмы з матэрыяламі справы і не падпісваў пратакол.
Раней у панядзелак Навальнага аштрафавалі на 20 тысяч рублёў па справе аб арганізацыі акцыі ў цэнтры Масквы. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка апазыцыянэра Кіра Ярмыш.
Адвакат Аляксея Навальнага Вольга Міхайлава назвала абвінавачваньні неправамернымі і патрабавала вызваліць яе падабароннага ў залі суду.
Сам апазыцыянэр папрасіў суд дапытаць кіраўніка ўраду Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, якога ФБК абвінаваціў у карупцыі і якога Навальны назваў «сапраўдным арганізатарам шэсьця». Судзьдзя адхіліла ўсе хадайніцтвы абароны.
Навальны быў затрыманы напярэдадні ў цэнтры Масквы незадоўга да пачатку няўзгодненай з уладамі антыкарупцыйнай акцыі на Цьвярской вуліцы. У той жа дзень былі затрыманыя супрацоўнікі ФБК, а ў офісе арганізацыі прайшоў ператрус.
У нядзелю пратэстныя мерапрыемствы прайшлі ў дзесятках гарадоў Расеі. У іх удзельнічалі ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх тысяч людзей. У Маскве няўзгодненая акцыя праходзіла ў фармаце шпацыру па Цвярской вуліцы. Паводле розных зьвестак, у ёй узялі ўдзел ад 20 да 8 тысяч чалавек. Больш за тысячу зь іх былі затрыманыя.
Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК) у пачатку сакавіка апублікаваў расьсьледаваньне аб незадэкляраванай нерухомасьці кіраўніка ўраду Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева і яго магчымай датычнасьці да карупцыі. Пасьля таго як ні сам Мядзьведзеў, ні ягоныя прадстаўнікі не адказалі на выстаўленыя абвінавачаньні, Навальны заклікаў правесьці акцыі пратэсту па ўсёй краіне 26 сакавіка.