Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парэшткі ахвяраў сталінізму зь «віцебскіх Курапатаў» пахавалі як «ахвяраў вайны»


Два гады таму, у лістападзе 2014 году, віцебскі актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і ягоныя аднадумцы распавялі грамадзкасьці пра невядомае пахаваньне каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну.

Тое, што яны паказалі, выглядала жахліва: у раскапаных ямінах ляжалі чалавечыя косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі.

Спадар Дзяржаўцаў правёў вялікую працу, запісваючы ўспаміны мясцовых жыхароў. Больш як 25 чалавек згадалі ці сваё маленства, ці аповеды старэйшых пра тое, што напрыканцы 1930-х гадоў тут адбываліся масавыя расстрэлы мірнага насельніцтва.

Віцебскія актывісты вырашылі дамагчыся ўшанаваньня памяці невядомых ахвяраў. Яны стварылі ініцыятыву «Хайсы», а таксама падалі заявы ў міліцыю, пракуратуру і да мясцовых уладаў — каб адказныя структуры правялі адпаведнае расьсьледаваньне. Бо паўстала яшчэ адно пытаньне: ці не гаспадараць у гэтым лесе «чорныя капальнікі», калі масавае пахаваньне выглядае раскапаным, а чалавечыя парэшткі апынуліся на паверхні.

Заявы актывістаў перасылаліся з адной інстанцыі ў другую, частку парэшткаў забралі сьледчыя і аддалі дзеля перапахаваньня работнікам ЖКГ. Зразумеўшы, што лёс парэшткаў і трагічная гісторыя ў Хайсах могуць так і застацца невядомымі і грамадзкасьці, і ім самім, актывісты на чале зь Янам Дзяржаўцавым пачалі настойваць на грунтоўным дасьледаваньні. Яны запрасілі ў Хайсы навукоўцаў, якія пацьвердзілі, што масавае пахаваньне ў Хайсах дужа нагадвае менскія Курапаты.

Тым часам саміх удзельнікаў групы «Хайсы» раённая газэта «Жыцьцё Прыдзьвіньня» пасьпела абвінаваціць у «чорным капальніцтве», а мясцовыя ўлады з Мазалаўскага сельсавету заявілі, што ў іх «грошай на мэмарыялы няма».

Пасьля шматлікіх публікацыяў у незалежных СМІ старшыня сельсавету Леанід Дубіна ўсё-ткі выклікаў у Хайсы пошукавы батальён. З высновамі, якія зрабілі пашукавікі, актывістаў так і не пазнаёмілі ў поўным абʼёме — паказалі толькі некалькі аркушаў са справаздачы. Там гаворыцца, што фрагмэнты мужчынскага і жаночага адзеньня ды абутку, колькі манэт, датаваных 1930-мі гадамі, ды іншыя знаходкі сьведчаць пра час загубы людзей падчас Вялікай Айчыннай вайны. Сярод высноваў, зь якімі пазнаёмілі актывістаў, было й сьцьверджаньне, што час і прычыну сьмерці людзей, чые парэшткі знайшлі пад Хайсамі, вызначыць немагчыма.

Адтуліны ў чарапах нібыта не зьяўляюцца тлумачэньнем прычынаў сьмерці, як і тое, што ў раскопах было знойдзена шмат гільзаў ад зброі, якой звычайна карысталіся супрацоўнікі НКВД у часы сталінскіх рэпрэсіяў.

Улады стварылі аргкамітэт, які павінен быў вызначыць лёс парэшткаў. Ні Яна Дзяржаўцава, ні іншых актывістаў туды не ўключылі. Не была выканана таксама й просьба актывістаў — паведаміць ім пра час і месца пахаваньня парэшткаў, калі яно адбудзецца.

Ян Дзяржаўцаў на месцы масавага пахаваньня каля Віцебску

Ян Дзяржаўцаў на месцы масавага пахаваньня каля Віцебску

Пахавалі парэшткі, знойдзеныя ў лесе пад Хайсамі, як парэшткі ахвяраў вайны, пра што паведаміла ўчора мясцовая раёнка.

«Пра імпрэзу, якая адбылася на тэрыторыі вайсковага пахаваньня на станцыі Лосьвіда, нам нават не паведамілі. І ў артыкуле з раёнкі няма нават згадкі пра абставіны, у якіх былі знойдзеныя парэшткі! Я перадаў аргкамітэту, які займаўся гэтай справай, адрасы ўсіх апытаных мной людзей, якія сьведчылі пра тое, што ў лесе пад Хайсамі адбываліся „сталінскія“ расстрэлы. Ніводнага зь іх ніхто так і не апытаў! Відавочна, што скарысталіся самай зручнай для іх вэрсіяй — усё сьпісаць на вайну і чарговы раз замаўчаць злачынствы НКВД у Беларусі», — кажа Ян Дзяржаўцаў.

На ягоную думку, загубленыя тут людзі не атрымалі належнага ўшанаваньня за сваю пакутніцкую сьмерць. Таму актывісты хочуць ушаноўваць гэтае месца, як і раней, — прыбіраць тут, усталёўваць мэмарыяльныя крыжы. Тым болей што парэшткі далёка ня ўсіх ахвяраў на сёньняшні дзень эксгумаваныя, і лес пад вёскай Хайсы па-ранейшаму хавае сьляды даўняй трагедыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG