Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і дармаеды


Кадр зь фільму "Апэрацыя Ы і іншыя прыгоды Шурыка"
Кадр зь фільму "Апэрацыя Ы і іншыя прыгоды Шурыка"

Радыё Свабода дае Аляксандру Лукашэнку і чыноўнікам магчымасьць пачуць гісторыі людзей, якіх яны называюць «дармаедамі». Адзін зь беларусаў нават выразіў свае эмоцыі ў вершы.

Згадаўшы савецкія часы, калі «дармаедзтва» лічылася злачынствам, Аляксандр Лукашэнка прапануе караць вінаватых «імем рэвалюцыі».

Савецкае заканадаўства называла дармаедамі тых, хто доўгі час жыў на «непрацоўныя даходы і ўхіляўся ад грамадзка-карыснай працы». Мяркуючы па рыторыцы кіраўніка Беларусі, адказныя органы, якім ужо даручана распраацаваць адпаведныя заканадаўчыя нормы, могуць узяць за аснову менавіта савецкі досьвед.

Хто яны — беларускія дармаеды?

«Дармаед» Сяргей: «На карку ў дзяржавы не сяджу і ад яе нічога ня маю»

Жыхар Магілёва Сяргей — якраз той «дармаед» і «утрыманец», супраць каго ўлады зьбіраюцца разгарнуць барацьбу — прымусова працаўладкаваць або прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Ён у працаздольным веку, афіцыйнага месца працы ня мае, а да таго ж у яго вялізарная запазычанасьць па квартплаце. Тым ня менш, Сяргей ня лічыць сябе ні дармаедам, ні ўтрыманцам:

Дармаед Сяргей
Дармаед Сяргей

«Так, я афіцыйна не працую, але ж зарабляю сумленным шляхам, — даводзіць ён. — На карку ў дзяржавы не сяджу. Ад дзяржавы нічога ня маю. У тую ж паліклініку я забыўся, калі апошні раз хадзіў. На ежу, на свае патрэбы я зарабляю. Ёсьць у мяне пяцьдзясят тысяч у кішэні — добра, калі ж няма, то нічога страшнага. Мне людзі давяраюць, перапазычаюць. Вось так міласьцю Божай і жыву».

Невясёлыя карцінкі
Невясёлыя карцінкі

Сяргей жыве з часовых прыработкаў. Сёньняшні ранак ён прысьвяціў пошуку напарніка, каб разам вывезьці з дому, які рамантуецца, будаўнічы друз. Кажа, што ёсьць замова на такую працу. Словы прэзыдэнта пра дармаедаў і барацьбу зь імі Сяргей чуў і імі абураны. Заяўляе, што ён не дармаед.

Сяргей заяўляе, што людзей такіх, як ён, прымусіць працаваць можна — вось толькі плёну ад такой працы, на ягоную думку, ня будзе.

«Пастаў тады побач яшчэ двух міліцыянтаў. І ім жа трэба плаціць, каб яны таго дармаеда кантралявалі. Але як ён будзе працаваць? Ну, дадуць дадатковую працу ўчастковым міліцыянтам. Хто ня пойдзе на працу, тых пасадзяць у лягер працоўнай прафіляктыкі. Участковыя, дарэчы, свой плян маюць. Чалавек не ўчыніў злачынства, але ён за нешта п’е, а калі за нешта п’е, то трэба пасадзіць у лягер. Дык гэта што мы, у камунізм вяртаемся?»

На пытаньне, што ён будзе рабіць, калі да яго прыйдзе ўчастковы, Сяргей прызнаецца, што давядзецца і яму шукаць афіцыйна працы. У яго вышэйшая адукацыя, ён шмат дзе пасьпеў папрацаваць, але адусюль звальняўся:

«Я і інжынэрам-энэргетыкам працаваў, і тэхнікам-электрыкам. Быў кантралёрам-ахоўнікам. Кіраўніцтва заўжды патрабавала звыш таго, што ты робіш. Напрыклад, кантралёр-ахоўнік меўся яшчэ прыбіраць тэрыторыю. Чаму я мушу рамантаваць дзьверы, замкі ўстаўляць, каналізацыю чысьціць? Я хачу рабіць тую справу, якую раблю».

На пытаньне, як утварылася шматмільённая запазычанасьць за кватэру — Сяргей адказвае, што не хапае грошай, і запэўнівае, што некалі ўсё сплаціць. Як жа ён сам характарызуе лад свайго жыцьця?

«Прадпрымальнік па дапамозе людзям — можна так сказаць. Ці мэблю сабраць, ці занесьці нешта. Вось я зараз іду друз цягаць. Мне пазваніў знаёмец. Капейчына мне лішняя не зашкодзіць. Ён добра плаціць».

Ужо разьвітваючыся, Сяргей паказаў свае зьбітыя, як ён кажа, ад цяжкой працы рукі. Запытаўся: «А як міліцыя будзе вяртаць тыя тысячы людзей, якія працуюць нелегальна ў Расеі?»

Плякат, які асуджае дармаедаў
Плякат, які асуджае дармаедаў

«Дармаед» Аляксандр: «Той, хто называе нас дармаедамі, сам дармаед»

Кіроўца-дальнабойшчык з пасёлку Рудзенск Аляксандар ужо 15 гадоў круціць «баранку» у Расеі.

«Магчыма, што і больш, але пятнаццаць дакладна. Чаму я там працую? Я раней працаваў у Беларусі і ня думаў нікуды зьяжджаць. Я працаваў кіроўцам у дарожным упраўленьні, а таксама ў аўтатранспартным прадпрыемстве ў Калядзічах каля Менску. Наша прадпрыемства напачатку квітнела, а пасьля ўсё цішэй і цішэй рабілася, працы станавілася ўсё менш, і ў выніку мы падпалі пад скарачэньне. З напарнікамі пачалі шукаць новай працы ў Беларусі, бо не хацелі нікуды ехаць і нават думаць пра гэта. Але неўзабаве зразумелі, што ў Беларусі працы такой няма, каб можна было за заробак неяк нармальна жыць і ўтрымліваць свае сем’і. І вось цяпер мы працуем у Расеі вахтавым мэтадам: адпрацоўваем там пэўны час і дадому вяртаемся адпачываць. Бо ў нашай роднай Беларусі за заробак не пражыць, а ў Расеі аплата нашмат большая, таму мы там і працуем.

Да прыкладу, вось зусім нядаўна было 1 верасьня. Мае дзеці вырасьлі, а ў сяброў — жах суцэльны, колькі трэба грошай, каб сабраць дзіця ў школу. Вось як чалавеку сядзець дома і атрымліваць мізэрныя заробкі, ці як таму дзіцяці пайсьці ў школу? А ў мяне сын, 24 гады, зьбіраецца жаніцца. Значыць, дзесьці трэба маладой сям’і жыць, патрэбна думаць пра кватэру. А за што набыць? З такімі нашымі заробкамі і коштамі, калі кошты на кватэру да столі, а заробкі каля падлогі? І дзе яму жыць? Вось ён зараз разам са мной езьдзіць таксама ў Расею на заробкі, такім жа вахтавым мэтадам. Працуем, буду яму дапамагаць набыць кватэру, бо ў нас не заробіш».

Аляксандр кажа, што беларусаў, якія працуюць у Расеі, вельмі шмат:

«Вельмі, вельмі, вельмі шмат людзей. І на Поўначы працуюць, і ў Маскве, і ў Санкт-Пецярбургу. Шмат ёсьць і ў мяне асабістых знаёмых, якія працуюць у Расеі і будаўнікамі, і кіроўцамі. На МАЗах, на КАМАЗах працуем, будуем дарогі ў Расеі, дамы, возім грузы — працуем».

Плякат, які асуджае дармаедаў
Плякат, які асуджае дармаедаў

Аляксандр быў бы і рады працаваць на радзіме і быць з сям’ёй, але годнага заробку тут ня мае.

«Чаму б я не працаваў у сваёй Беларусі? Вядома, працаваў бы — пытаньняў няма. Але калі б быў годны заробак, каб магла пражыць мая сям’я на гэты заробак. Чаму б я не хацеў заставацца дома? З задавальненьнем. Але ж такіх умоваў няма, а ёсьць толькі падвышэньне коштаў. Як толькі падвысілі пражытковы мінімум ці крыху дабавілі пэнсіі нашым старым, то адразу ж вырастаюць кошты: і на камунальныя паслугі, і на электрычнасьць, і на паліва. І што гэта за падман такі людзей? Гэта ж суцэльны падман. Нельга жыць і працаваць у Беларусі, калі хтосьці ўверсе атрымлівае 15–20 мільёнаў, а хтосьці два мільёны, і ў сярэднім выходзіць дзесяць. Але ніхто на гэта нават не зважае. Толькі шмат словаў па тэлевізары і па радыё, усё распавядаюць, што ўсё так добра. А людзі, якія застаюцца працаваць тут, у Беларусі, — у іх няма магчымасьці ехаць на заробкі. Бо ў кагосьці нехта хворы ёсьць, у кагосьці сям’я вялікая, ці якія яшчэ абставіны — тыя перабіваюцца з капейкі на капейку і ўсё».

Ці дармаед Аляксандр?

«Дармаед — гэта той, хто нідзе не працуе — гэта па-першае. А па-другое — той, хто вымавіў такія словы, хто кажа, што мы дармаеды, бо не працуем у Беларусі, той сам дармаед — толькі сядзіць і прыдумляе свае заклікі і воклічы. А я не лічу сябе дармаедам, бо я працую ад і да. Мы ўтрымліваем нашы сем’і за нашы заробкі, і за гэта мы яшчэ і дармаеды? Каб прывезьці дадому грошы, мы па 2–3 месяцы „пашам“. Дармаед — гэта той, хто пад плотам валяецца і гарэлку жлукціць. А той, хто працуе, — ён працаўнік».

Калі за афіцыйнае беспрацоўе пачнуць пачнуць прыцягваць да адказнасьці праз штрафы ці будуць прымушаць працаўладкоўвацца, то «будзе як ва Ўкраіне» — папярэджвае Аляксандр.

«Ну, калі яны хочуць, каб было гэтак, як і ва Ўкраіне, то яны, пэўна, да гэтага і даслужацца, бо ўсё гэта будзе ня вытрымаць. Мяне, да прыкладу, прымусіць нельга, бо я працую. Я ніякі не злачынца і не які іншы крымінальнік, каб мяне да чагосьці змушаць. Дачакаюцца, што будзе як ва Ўкраіне».

«Дармаеды»-гарадзенцы

У малых гарадках на Гарадзеншчыне людзі гадамі ня маюць сталай працы, жывуць з сэзонных падработкаў, са сваіх гародаў або з паездак за мяжу. І папросту не ўяўляюць, як іх могуць прыцягнуць да адказнасьці за дармаедзтва.

У раённым цэнтры Вялікая Бераставіца з вытворчых прадпрыемстваў толькі малочны цэх, які належыць Гарадзенскаму малочнаму заводу, і служба ЖКГ. Некалькі крамаў, служба быту, ПМК, ДЭУ ды «Белтэлекам».

Мясцовы жыхар Алег распавядае, што сталае працы ня мае з 2002 году — пасьля таго як паўдзельнічаў у выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы бяз згоды ўлады. У яго двое дзетак, жонка, ён мае вышэйшую адукацыю — спэцыяліст па ахове працы. Але, пабадзяўшыся, як сам кажа, па розных арганізацыях, нічога не знайшоў — усюды адмаўлялі. Спрабаваў, як іншыя, езьдзіць у Польшчу, але гэта асаблівага прыбытку не прынесла, і таму заняўся сваім гародам:

«Ёсьць гаспадарка, гарод, нават не адзін. Трымаем дробную жыўнасьць, і з гэтага, у прынцыпе, кормімся. Бо шмат чаго ня трэба купляць ужо, а да ўсяго яшчэ прадаём гародніну. Але, папраўдзе, гэта проста выжываньне. Улады кажуць, што ў Бераставіцы працы хапае, ідзіце працуйце. Але заробак 2.5 мільёна — 3, а ёсьць і паўтара».

Алег лічыць, што прыцягваць такіх, як ён, да адказнасьці за «дармаедзтва» несправядліва:

«Дзяржава не стварыла нам ніякіх умоў. Мала што яны кажуць, што працы хапае. Працу можна знайсьці і бязь іх. Але дзе вартыя заробкі, каб утрымаць сям’ю? Восем гадзін хадзіць, каб проста атрымліваць капейкі — гэта трата свайго жыцьця. Дзеля чаго? І каго я павінен утрымліваць? І за гэта яны яшчэ хочуць прыцягнуць мяне да адказнасьці? Як казаў мой знаёмы: каб у ЗША было лёгка адкрыць візу, то туды зьехала б палова Беларусі».

Дэматыватар з Лукашэнкам, які асуджае дармаедаў
Дэматыватар з Лукашэнкам, які асуджае дармаедаў

Яшчэ адзін жыхар Вялікай Бераставіцы Іван распавядае, што нядаўна звольніўся. Рабіў на асфальтаўкладчыку з 8 да 23 гадзіны, а атрымаў толькі 2 мільёны 700 тысяч. Абурыўся і сышоў. Кажа, што ў камунальнай службе прапаноўваюць наагул мільён 700 тысяч. А таму вырашыў з школьнымі сябрамі ехаць на заробкі ў Расею.

«Палова нашых працаздольных людзей зь Бераставіцы — ці ў Расеі, ці ў Менску на заробках. Тут няма чаго рабіць, асабліва маладым і тым, у каго маладая сям’я. Трэба дзіця адзець, абуць, у школу выправіць... А ў Расеі чаму ня лепей? Там працуем вахтамі: два тыдні там, два дома — тысяча даляраў, калі ўсё нармальна. Асабліва калі брыгада падбіраецца нармальная, не ўжываюць алькаголю. Па нашых мерках гэта добрыя грошы».

На ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі прыцягваць за «дармаедзтва» да адказнасьці Іван рэагуе вершам, аўтар якога, дарэчы, сам зь Вялікай Бераставіцы:

«Жыцьцё ў нас цяжкае настала —

о, продкі, каб вам гэта знаць.

І яйкі нібы ёсьць, і сала,

гарэлкі — хоць залі хлябала,

стаіш, разявіўшы ліцо,

і думаеш, дзе грошы ўзяць.

Дзе ж адшукаць панчоху тую,

што з грашыскамі была,

ці хоць шкарпэтачку благую,

ці хоць хусьцінку насавую?

І сам сабе ў адказ — а чорта з два.

Зарплату вынь і сунь яе ў тое месца,

але ня купіш нават і трусы.

Што там ікра, што тыя ракі —

пад’есьці б толькі кілбасы.

Марнеюць крамы год ад года,

фігеюць цэны на вачах,

і над вялікім над народам навіс Лука і мараў крах...»

Вялікая Бераставіца
Вялікая Бераставіца

Ці шмат хочуць людзі зарабляць у Вялікай Бераставіцы?

«Думаю, што мільёнаў 5 хапіла б, пры ўмове, што даляр расьці ня будзе», — кажа Іван.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG