Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка даручыў пакараць Каламойскага за абразу журналіста


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка даручыў вызначыць спагнаньне для кіраўніка Днепрапятроўскай аблдзяржадміністрацыі Ігара Каламойскага за інцыдэнт з журналістам Радыё Свабода Сяргеем Андрушкам.

«Раніцай даручыў адміністрацыі прэзыдэнта атрымаць адпаведныя тлумачэньні, для таго каб вызначыць спагнаньне, якое будзе вынесена кіраўніку адміністрацыі», — адзначыў Парашэнка на прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.

Раней парлямэнцкі камітэт па пытаньнях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі папрасіў Парашэнку даць ацэнку словам Каламойскага на адрас журналіста Радыё Свабода.

Старшыня Днепрапятроўскай аблдзяржадміністрацыі Ігар Каламойскі 20 сакавіка ў грубай форме пагутарыў з журналістам Радыё Свабода Сяргеем Андрушкам. Інцыдэнт здарыўся апоўначы каля офіса кампаніі «Укртранснафта», вакол якой разгарэўся канфлікт, зьвязаны са зьменай кіраўніка прадпрыемства.

Калі Каламойскі выйшаў з офіса «Укртранснафты», прабыўшы там шэсьць гадзін, журналіст спытаў яго, што чыноўнік робіць ноччу ў офісе дзяржаўнага прадпрыемства. У адказ на гэта Ігар Каламойскі абмацюкаў журналіста і спытаўся, чаму той не цікавіцца, як у кампанію трапілі расейскія дывэрсанты.

XS
SM
MD
LG