Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка адрэагаваў на заявы і агаворкі Беларусі на Рыскім саміце


Пятро Парашэнка

Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на прэсавай канфэрэнцыі па выніках Рыскага саміту «Ўсходняга партнэрства» стрымана адрэагаваў на пазыцыю Беларусі і Армэніі.

Абедзьве краіны, блізкія да Расеі, на саміце ў Рызе адмежаваліся ад выказанага ў Супольнай дэклярацыі асуджэньня незаконнай анэксіі Крыму Расеяй.

Тры журналісты запыталі Пятра Парашэнку пра гэты крок Беларусі і Армэніі на Рыскім саміце «Ўсходняга партнэрства». Журналіст украінскага сайта «Эўрапейская праўда» спытаў Парашэнку:

«Апошнім часам у нас было пацяпленьне ў адносінах зь Беларусьсю. Я ня вельмі сабе ўяўляю, як можна казаць пра пацяпленьне, калі не прызнаюцца такія падставовыя рэчы. Як вы бачыце разьвіцьцё нашых адносін зь Беларусьсю і Армэніяй у такой сытуацыі?»

Пятро Парашэнка адказаў:

«Калі любая краіна мае пэўную пазыцыю — гэта яе сувэрэннае права. Пытаньне адносна Крыму — калі ўвесь сьвет прызнаў незаконнай агрэсію ў Крыме, а адна краіна намагаецца не заўважаць, то гэта не праблема ўсяго сьвету, гэта праблема гэтай краіны. І матывацыя тут, якая прывяла да таго, што адна краіна імкнецца ігнараваць факт незаконнай акупацыі Крыму, ляжыць у палітычнай плоскасьці».

Карэспандэнт Wall Street Journal таксама запытаў Парашэнку пра Беларусь:

«Як вы адчуваеце сябе ў адной групе з такімі партнэрамі?»

Краіны ў расейскай сфэры ўплыву павінны рабіць тое, што дыктуецца з аднаго цэнтру

Прэзыдэнт Украіны і яму адказаў стрымана:

«Гэтая дыскусія дапамагае нам дайсьці да паразуменьня і рашэньня ў рамках „Усходняга партнэрства“. Кожная краіна мае ўласныя магчымасьці. І гэта адрозьнівае Эўразьвяз ад Расеі, бо краіны ў расейскай сфэры ўплыву павінны рабіць тое, што дыктуецца з аднаго цэнтру. Эўразьвяз мае зусім іншыя прынцыпы і асновы. І кожная краіна можа дэманстраваць незалежную пазыцыю. У тых умовах, калі ўвесь Эўразьвяз і большасьць нашых партнэраў дэманструе пазыцыю падтрымкі і адзінства з Украінай, гэта важней... Кожная краіна можа выбраць уласны шлях разьвіцьця».

Удакладніць стаўленьне да пазыцыі Беларусі і Армэніі Пятра Парашэнку папрасіла і карэспандэнтка кіеўскага тэлеканалу СТБ.

Пятро Парашэнка адказаў:

«Што тычыцца Армэніі і Беларусі, я магу сказаць, што яны не былі настолькі катэгарычна супраць або супярэчылі. Яны намагаліся зьвязаць згадваньне гэтых пазыцыяў у дэклярацыі зь іншымі пазыцыямі, якія мелі для іх супольны інтарэс. Учора падчас саміту Эўрапейскай народнай партыі я абгаварыў гэтае пытаньне з прэзыдэнтам Армэніі Саргсянам і атрымаў дакладнае запэўніваньне ў тым, што Армэнія дэманструе салідарнасьць з Украінай. Таму я не хацеў бы, каб мы цяпер рабілі з гэтай нагоды вялікія інтрыгі. Кожная сувэрэнная краіна мае права дэкляраваць і заяўляць тое, што мае патрэбным».

Пункт пра непрызнаньне незаконнай анэксіі Крыму ўвайшоў у выніковую дэклярацыю Рыскага саміту, нягледзячы на агаворкі, выказаныя ў сувязі з гэтым у спэцыяльнай заяве беларускага боку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG