Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь на заробкі: як «распранаюць» публіку расейскія «папсавікі-гастарбайтэры»


©Shutterstock.

©Shutterstock.

З надыходам вясны актывізаваліся прадстаўнікі расейскай поп-сцэны. Галоўныя канцэртныя пляцоўкі Беларусі заклікаюць наведаць выступы «зорак першай велічыні» маскоўскага шоў-бізу. Ці гатовыя беларусы аддаваць грошы на састарэлых артыстаў постсавецкага пэрыяду? І як культурную экспансію з усходу перажываюць мясцовыя артысты?

Сакавіцкія афішы стракацяць прозьвішчамі, знаёмымі са шматлікіх тэлешоў расейскіх каналаў — Алеграва, Баскаў, Кіркораў, Лаліта, Міхайлаў, гурты і выканаўцы меншага калібру. Зацяжны крызіс у эканоміцы Расеі прымусіў тамтэйшых гледачоў скараціць выдаткі на відовішчы — заплянаваныя канцэрты ў рэгіёнах касуюцца адзін за адным. Таму ўсё часьцей альтэрнатыўны шлях выпампоўваньня грошай шукаецца праз бліжэйшае замежжа.

Асабліва сьпяшаюцца прадусары падзяліць рынак пад 8 сакавіка. На гэты дзень галоўную канцэртную пляцоўку — «Менск-Арэну» — удалося «забіць» Ірыне Алегравай. Цана квіткоў — да 1 мільёна 100 тысяч рублёў. Нягледзячы на тое, што прыбыткі ў беларусаў яшчэ меншыя, чым у сярэднім па Расеі, квіткі амаль распрададзеныя. Праўда, не бяз дэмпінгу — днём раней у Палацы спорту выступае жаночы «сэрцаед» Стас Міхайлаў. Ягоная плянка нашмат вышэйшая — да 1 мільёна 525 тысяч. Да таго ж Міхайлаў паставіў за мэту «выкасіць» кашалькі па-буйному, выправіўшыся ў Беларусь з тыднёвым канцэртным турам — праз Горадню, Баранавічы, Магілёў, Гомель, Салігорск.

Неўзабаве пасьля Алегравай «Менск-Арэну» возьмуць у абарот Земфіра і Філіп Кіркораў. І калі Земфіра ацаніла сябе максымальна ў 1 мільён рублёў, то эпатажны Кіркораў сьціпласьцю традыцыйна не адзначаецца — квіток да 2 мільёнаў 500 тысяч. Крыху менш будзе каштаваць зборны «Веснавы канцэрт» на чале зь Мікалаем Баскавым — да 2 мільёнаў рублёў. На гэтым фоне заплянаваны ў тыя ж даты выступ іконы ўсясьветнай рэйв-музыкі, брытанскага калектыву The Prodigy, выглядае ледзь не дабрачыннасьцю — 800–900 тысяч.

Філіп Кіркораў

Філіп Кіркораў

І гэта ня лічачы папулярных дзесяцігодзьдзі таму майстроў размоўнага жанру ды тэатральных калектываў, якія «шабашнічаюць» па дамах прафсаюзаў, афіцэраў, вэтэранаў ды заводзкіх клюбах. Так, сталічны Дом афіцэраў у сакавіку запрашае на канцэрт ВІА «Лейся, песня», выступы гумарыстаў Яфіма Шыфрына і братоў Панамарэнкаў. Тут жа будуць прэзэнтаваныя шэраг тэатральных пастановак. Якраз напярэдадні гледачы дазналіся пра перанос з 28 лютага на 16 сакавіка монаспэктакля народнага артыста Расеі Сяргея Гармаша ў менскім Палацы прафсаюзаў.

Найбольш у расейскай экспансіі шчыруе канцэртная заля «Менск», якая знаходзіцца ў падпарадкаваньні Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. Цягам сакавіка канцэрты расейцаў — амаль штодня. І хоць выступаюць артысты сярэдняга зьвяна, цэньнік выстаўлены — як на ўсясьветных славутасьцяў.

Бард Алег Міцяеў — да 900 тысяч рублёў, выканаўца рамансаў Любоў Казарноўская — да 970 тысяч, колішні саліст гурту «Парк Горького» Мікалай Наскоў — да 1 мільёна 270 тысяч, экс-удзельніца кабарэ-дуэту «Академия» Лаліта — да 1 мільёна 720 тысяч.

Лаліта

Лаліта

Традыцыйна ў арганізатараў каціруюцца майстры шансону: Жэка, Артур, Аляксей Бранцаў ды іншыя. Абвешчана толькі пра адмену канцэрта Валерыя Кураса.

Пад канец месяца з Масквы прыедзе аж цэлы Вялікі дзіцячы хор імя Папова (некалі галоўны хор Цэнтральнага тэлебачаньня і Ўсесаюзнага радыё). У рэпэртуары — песьні шчасьлівага савецкага дзяцінства за 370 тысяч рублёў з носа.

На фоне шансанье ды артыстычных трупаў даволі даступным выглядае ўжо пры жыцьці легендарны сатырык Міхаіл Жванецкі: паслухаць ягоную новую праграму ў Палацы рэспублікі 12 сакавіка можна, пачынаючы ад 180 тысяч рублёў.

Расейскім вэктарам адзначаецца і пляцоўка Prime Hall, што ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Замак». Госьці бліжэйшага часу — экс-лідэр гурту «Дынамік» Уладзімер Кузьмін, пераможца праекту «Фабрыка зорак» Ірына Дубцова, фолк-рок-гурт «Мельница», тэлевядоўца Ксенія Сабчак.

У сваю чаргу, беларускія артысты ўсё часьцей вымушаныя задавальняцца сьціплымі пляцоўкамі, якія не вымагаюць дарагой арэнды — адпаведна, ёсьць магчымасьць выстаўляць даступныя цэньнікі. Нават Аляксандар Саладуха, які традыцыйна задаваў вялікі канцэрт на 8 сакавіка, сёлета абмяжуецца ўдзелам у «салянцы» разам з Уладзімерам Ухцінскім, Георгіем Калдуном, Аляксеем Хлястовым, Іванам Буслаем, Сашам Нэма. Канцэрт пройдзе ня ў самым прэстыжным Палацы культуры МАЗа. Там жа 10 сакавіка мае адбыцца выступ «залатых галасоў залатога складу ансамбля «Песьняры» Анатоля Кашапарава і Лявона Барткевіча. Цана збольшага сымбалічная — ад 150 тысяч рублёў.

Ці здольная мясцовая публіка «пераварыць» такую колькасьць прапаноў ад расейскага шоў-бізнэсу па зусім не малых цэнах? Экс-песьняровец Анатоль Кашапараў так ацэньвае наступствы расейскага культурніцкага перакосу, а таксама нэгатыўную ролю ў гэтым беларускіх чыноўнікаў:

Анатоль Кашапараў

Анатоль Кашапараў

«Ну які нармальны чалавек аддасьць апошняе на Кіркорава? Ён што, поўны ідыёт, каб за 100–200 даляраў глядзець, прабачце, дзярмо-шоў? Гэта ж не мастацтва, гэта проста выманьваньне грошай. Фінансавая піраміда з выцягваньнем сродкаў — дзе ад прадпрыемстваў, дзе ад установаў. Тэлефануе з гарвыканкаму чыноўнік: вы абавязаныя набыць столькі і столькі квіткоў. Дык ладна купіць, але ж само прадпрыемства абавязанае за гэта і заплаціць! Я таксама раней пра гэта ня ведаў, але яно так. Той жа Баскаў: ён мне, як кажуць, сто гадоў сьніўся і сустрэўся пазаўчора. Калі пусьціць квіткі проста ў продаж — ну, магчыма, нешта зь сямейнага бюджэту чалавек і адшкадуе, але наўрад ці болей за 50 даляраў. І тое выцягне з бацькоў.

Таму рабуюць людзей, якія і так ужо жабракі. А Менск увогуле з глузду зьехаў — такія піры падчас чумы. Гэта толькі пацьвярджае тэорыю, што мэтанакіравана ўкідваюцца бюджэтныя бабкі. Навошта? Я скажу: таму што атрымліваюць адкаты, пачынаючы, дапусьцім, ад „Менск-Арэны“ і заканчваючы выканкамаўскім чыноўнікам, які вядзе культуру. Ім напляваць на народ, на эканамічныя ўмовы. Раскладуць па кішэнях адкаты, адмытыя грошыкі, і добра. А ўвогуле пра гэта нават і гаварыць ня трэба, нармальны чалавек і так усё бачыць і разумее».

Варта адзначыць, што бальшыня маскоўскіх «папсавікоў» з-за публічнай падтрымкі акупацыйнай палітыкі Крамля страцілі прывабны колісь украінскі рынак, а таму навыперадкі кінуліся асвойваць беларускі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG