Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст з Гомля Анатоль Паплаўны аспрэчвае ў судзе звальненьне з «Гомелькабеля»


Анатоль Паплаўны

«Трэцяга сакавіка я апошні дзень быў на заводзе — працоўны кантракт са мной не падоўжылі, — кажа Анатоль. — Літаральна праз два тыдні мне спаўняецца 59 гадоў, на працу з прычыны ўзросту мяне ўжо ніхто не бярэ. Дый незаконна мяне выпіхнулі за прахадную, бо ў кантракце сказана: калі мужчына дасягнуў 58-гадовага ўзросту, яму гарантавана праца на сваёй пасадзе да пэнсіі. Думаю, што спрацавала тэлефоннае права і ад мяне пазбаўляюцца найперш як ад грамадзкага актывіста».

Анатоль Паплаўны — сьлесар-інструмэнтальшчык найвышэйшай кваліфікацыі, на заводзе рабіў тры гады. Ні заўваг, ні спагнаньняў за гэты час ня меў.

Анатоль — рэгіянальны прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», раней ачольваў гарадзкую арганізацыю БНФ. За апазыцыйныя акцыі й пікеты атрымліваў штрафы і сядзеў на сутках. Вось і нядаўна атрымаў дзесяць сутак арышту за ўдзел у лютаўскім «Маршы недармаедаў».

На леташніх парлямэнцкіх выбарах Паплаўны быў доўгатэрміновым назіральнікам ад апазыцыі ў Гомельскай-Сяльмашаўскай акрузе, напісаў шэраг заўваг пра арганізацыю выбараў і падлік галасоў. Мяркуе, што з адміністрацыі Чыгуначнага раёну і паступіла на прадпрыемства «заданьне» разабрацца.

Адказчыкі па справе — намесьнік дырэктара па ідэалёгіі і кадрах «Гомелькабеля» і юрыст гэтага прадпрыемства — на папярэднім слуханьні ў судзе Чыгуначнага раёну наадрэз адмаўляюць палітычную матываванасьць звальненьня Паплаўнага. Непадаўжэньне кантракту тлумачыць эканамічнай неабходнасьцю.

Юрыст прадпрыемства наагул заявіў, што на эканамічную сытуацыю паўплываў «зьвярыны ашчэр капіталізму — скараціліся абʼёмы вытворчасьці, узьнікла неабходнасьць аптымізаваць колькасьць працаўнікоў на 15–20 адсоткаў».

Гэта ўжо трэцяе звальненьне Анатоля Паплаўнага. Раней з Анатолем раптоўна спынялі кантракты на заводзе пускавых рухавікоў і на прадпрыемстве «Віпра».

«Калі гэтым разам я атрымаў паведамленьне наконт непадаўжэньня кантракту, — дадае Паплаўны, — то адразу напісаў заяву на выхад з афіцыйнага прафсаюзу. Забараніў ужо са студзеня вылічваць з майго заробку прафсаюзныя складкі, бо прафсаюзная арганізацыя ня ў стане паўнавартасна абараняць інтарэсы сваіх чальцоў. Заяву ў афіцыйны прафсаюз давялося напісаць у свой час таму, што гэта было абумоўлена прыёмам на працу, якой на пачатку сакавіка мяне пазбавілі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG