Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пандэміі сьвінога грыпу сёлета не чакаецца. Эпідэміі ў Беларусі пакуль няма


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У некалькіх абласьцях Украіны абвешчана эпідэмія сьвінога грыпу H1N1 (падтып віруса грыпу А). Шмат у якіх школах у сувязі з павышаным узроўнем захворваньня на вострыя рэсьпіраторна-вірусныя інфэкцыі з 18 студзеня абвешчаны карантын — закрытыя 7500 навучальных устаноў, каля паловы ад агульнай колькасьці.

Пазаштатны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны Ірына Калесьнікава паведаміла, што за эпідэміялягічны сэзон ва Ўкраіне ад грыпу памерлі 60 чалавек.

Найбольшая сьмяротнасьць ад грыпу зафіксаваная ў Адэскай вобласьці. У Віньніцкай вобласьці — 7 сьмерцяў, Валынскай — 1, Данецкай — 5, Жытомірскай — 1, Запароскай — 1, Кіраваградзкай — 1, Мікалаеўскай — 1, Адэскай — 22, Ровенскай — 2, Сумскай — 2, Харкаўскай — 5, Хмяльніцкай — 1, Чаркаскай — 5, Чарнавіцкай — 1, у Кіеве — 5.

У Расеі ў 13 рэгіёнах узровень заражэньня сьвіным грыпам ужо перавысіў эпідэмічны парог. 22 студзеня ў Санкт-Пецярбургу абвешчана эпідэмія грыпу, 15 чалавек памерлі ад розных яго відаў. Таксама ёсьць ужо зьвесткі пра ахвяраў ад віруса H1N1, паведамляе ТАСС.

Ці пагражае сёлета грып Беларусі? Ці не паўторыцца пандэмія сьвінога грыпу, якая ахапіла сьвет у 2009 годзе, сур’ёзна прайшоўшыся і па Беларусі?

Дацэнт катэдры інфэкцыйных хваробаў і дзіцячых інфэкцыяў Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, кандыдат мэдычных навук Мікола Галабародзька кажа, што цяперашняя сытуацыя яму не нагадвае 2009 год:

«Па-першае, таму, што ўсе гэтыя выпадкі адбыліся на дастаткова лякальнай тэрыторыі — ва Ўкраіне. У ніводнай з эўрапейскіх краінаў павышэньня сьмяротнасьці вышэй за звычайную няма. Па-другое, кантынгент людзей, якія зараз памерлі ва Ўкраіне, гэта зусім ня той кантынгент, які памірае звычайна пры пандэмічным грыпе. Калі вы ўзгадаеце 2009 год, рызыка памерці была ў людзей зь вялікай вагой, у цяжарных, у маладых людзей з цукровым дыябэтам. Тыя выпадкі, якія ёсьць цяпер ва Ўкраіне, — гэта збольшага пажылыя людзі, якім за 65. Сярод гэтай катэгорыі насельніцтва паміраюць людзі ад звычайнага, непандэмічнага грыпу».

Другая прычына, чаму не чакаецца сёлета пандэмія ці эпідэмія сьвінога грыпу, — гэта тое, што вялікая колькасьць людзей зрабіла прышчэпкі ад грыпу, перакананы Мікалай Галабародзька:

«Нават калі ўявіць, што рэальная колькасьць крыху ніжэйшая за тую, пра якую адрапартавалі, гэта ўсё адно вельмі вялікая колькасьць людзей, якія прышчэпленыя ад грыпу. І летась, і сёлета гэта 40%. Гэта колькасьць, дастатковая, каб спыніць масавыя захворваньні. І апошнім часам захворвальнасьць на грып падае ў той прапорцыі, у якой павышаецца працэнт ахопу прышчэпкамі. Трэба сказаць, што вось гэтыя пандэміі, калі шмат людзей хварэюць, і хварэюць цяжка, і ёсьць сьмяротнасьць, не ўзьнікаюць так часта. Яны маюць сваю цыклічнасьць.

Пандэмія ўзьнікае раз на 20 год ці болей».

Да таго ж пасьля 2009 году беларускія мэдыкі ўжо больш падрыхтаваныя. Аднавілася абсталяваньне, ёсьць адмысловыя пратаколы, адмысловыя альгарытмы дзеяньняў, зьяўляюцца новыя прэпараты.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала прэс-рэліз пра захворваньні на вострыя рэсьпіраторныя вірусныя інфэкцыі па стане на 12 студзеня. Зь яго вынікае, што ў Беларусі адзначаецца нізкі ўзровень актыўнасьці вострых рэсьпіраторных інфэкцыяў:

«Хварэюць у асноўным з-за негрыпозных вірусаў (адэнавірусы, рынавірусы, рэсьпіраторна-сынцытыяльныя вірусы, парагрып). Рэгіструюцца спарадычныя выпадкі грыпу А (H1N1) pdm09 (таго, што называюць сьвіным), што характэрна для дадзенага пэрыяду эпідэмічнага сэзону па грыпе».

Рэспубліканская рэвэрэнс-лябараторыя па грыпе штодня робіць маніторынгі, аналізуе сытуацыю па ўсёй краіне, кажа дацэнт катэдры эпідэміялёгіі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Мікалай Галабародзька:

«На сёньняшні момант, кажучы пра ўзровень захворвальнасьці на грып, усё як звычайна, і нават крыху спакайней, чым звычайна. Палохацца ня трэба, праўда».

Дасьведчаныя крыніцы ў сталічных клініках паведамілі, што пакуль рэзкай хвалі хворых на грып ці запаленьне лёгкіх не назіраецца, аддзяленьні пульманалёгіі спраўляюцца. Прынамсі, як было ў 2009–2010 гадах, калі іншыя аддзяленьні клінік перапрафілявалі пад пульманалёгіі, — такога цяпер няма.

Ва Ўкраіне прышчапляюць ад грыпу толькі 0,3% насельніцтва.

У Беларусі ў сувязі з распаўсюджваньнем грыпу ва Ўкраіне ўзмоцнены кантроль на мяжы.

«Пры ажыцьцяўленьні пагранічнага кантролю ў дачыненьні да грамадзян, якія маюць прыкметы інфэкцыйных захворваньняў, у мэтах выключэньня ўвозу і распаўсюджваньня інфэкцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь мы неадкладна апавяшчаем санітарныя службы, якія знаходзяцца ў пунктах пропуску», — адзначыў у камэнтары СТВ начальнік прэс-службы Берасьцейскай памежнай групы Аляксандар Кіслоў.

У Нацыянальным аэрапорце «Менск» скануюць усіх пасажыраў,якія сюды прыбываюць. За паказчыкамі прыбора сочыць лекар-эпідэміёляг. Калі цеплавізар дасьць сыгнал, пасажыра з падвышанай тэмпэратурай запросяць на прыём да доктара. Пры выяўленьні сымптомаў віруснага захворваньня будзе прапанаваная шпіталізацыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG