Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Беларусі запрасіла на вучэньні «Захад-2017» 80 міжнародных назіральнікаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

14–20 верасьня на тэрыторыі Расеі і Беларусі пройдуць маштабныя апэратыўна-стратэгічныя вучэньні «Захад-2017». Чакаецца, што ў іх будуць удзельнічаць каля 13 тысяч вайскоўцаў і да 680 адзінак баявой тэхнікі.

Мінабароны Беларусі паведаміла Свабодзе, што на вучэньні запрошана каля 80 міжнародных назіральнікаў:

«Для назіраньня за вучэньнямі запрошаныя прадстаўнікі міжнародных арганізацый: ААН, НАТО, АДКБ, СНД, Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Таксама прадстаўнікі вайскова-дыпляматычнага корпусу, акрэдытаванага пры Міністэрстве абароны, запрошаныя ў якасьці назіральнікаў за вучэньнямі „Захад-2017“.

У межах рэалізацыі рэгіянальных захадаў даверу і бясьпекі, а таксама двухбаковых дамоўленасьцяў на мерапрыемствы запрошаныя прадстаўнікі вайсковых ведамстваў Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Швэцыі, Нарвэгіі. Усяго чакаецца больш за 80 чалавек», — паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Міністэрства абароны Беларусі.

Вучэньні пройдуць на шасьці палігонах у Беларусі: Лепельскім, Барысаўскім, Лосьвідзе, Асіповіцкім, палігонах ВПС і войскаў СПА Ружанскім і Даманаўскім, а таксама паблізу вёскі Дрэтунь.

Да ўдзелу ў вучэньнях плянуецца прыцягнуць да 12 700 вайскоўцаў. На тэрыторыі Беларусі ўдзел у вучэньнях будуць браць 10 200 вайскоўцаў, у тым ліку каля 7200 ад Узброеных сіл Беларусі і каля 3000 — ад Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі. Усяго ў вучэньні будзе задзейнічана да 680 адзінак баявой тэхнікі.

Кіраўнік войскаў ЗША ў Эўропе генэрал Бэн Годжэс 20 ліпеня заявіў Reuters, што саюзьнікі Штатаў ва Ўсходняй Эўропе і Ўкраіне турбуюцца наконт беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017».

Паводле Годжэса, вучэньні могуць быць «траянскім канём», нацэленым на тое, каб пакінуць у Беларусі вайсковую тэхніку.

NATO таксама турбуецца таму, што папярэднія маштабныя вучэньні Расеі праходзілі з удзелам сілаў спэцыяльнага прызначэньня, ракетаў далёкага дзеяньня і бесьпілётнікаў — паводле тактыкі, падобнай да той, якую Расея пазьней ужывала пры анэксіі Крыму ў 2014 годзе, а таксама калі падтрымлівала баевікоў на ўсходзе Ўкраіны і ў час вайны ў Сырыі.

Раней прадстаўнікі ўсіх суседзяў Беларусі, акрамя Расеі, выказвалі занепакоенасьць наконт вучэньняў «Захад». У прыватнасьці, трывогу выклікала тое, што расейскія войскі могуць пасьля вучэньняў застацца ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG