Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Памёр кароль Саудаўскай Арабіі, надзейны саюзьнік ЗША


Кароль Саудаўскай Арабіі Абдала ібн Абдэль Азыз ас-Сауд, архіўнае фота

Кароль Саудаўскай Арабіі Абдала ібн Абдэль Азыз ас-Сауд, архіўнае фота

Нафтавы рынак адрэагаваў на сьмерць кіраўніка адной з самых багатых на нафту краін нязначным ростам цэн.

Кароль Саудаўскай Арабіі Абдала ібн Абдэль Азыз ас-Сауд памёр на 91-м годзе жыцьця. Пра гэта на досьвітку пятніцы паведаміла дзяржаўнае тэлебачаньне Саудаўскай Арабіі.

У паведамленьні гаворыцца, што кароль памёр роўна а гадзіне ночы з чацьвярга на пятніцу. Прычыну сьмерці не паведамляюць, але вядома, што ў канцы мінулага году манарх быў шпіталізаваны ў сталіцы краіны Эр-Рыядзе, і ў яго выявілі лёгачную інфэкцыю.

Трон у Саудаўскай Арабіі заняў 76-гадовы насьледны прынц Сальман ібн Абдэль Азыз Аль Сауд.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што Злучаныя Штаты страцілі аднаго мужнага партнэра ў барацьбе з крайнім экстрэмізмам, уплывовага прыхільніка мірнага працэсу на Блізкім Усходзе.

Кароль Абдала ўзышоў на пасад у 2006 годзе, але ён фактычна правіў Саудаўскай Арабіяй з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, бо яго папярэднік, кароль Фадха, быў цяжка хворы. Абдула быў прыхільнікам умераных рэформаў, уключна з частковым пашырэньнем правоў жанчын і паслабленьнем дзяржаўнага рэгуляваньня ў сфэры эканомікі, аднак, прыкметных дэмакратычных пераўтварэньняў у Саудаўскай Арабіі пры ім не адбылося. У зьнешняй палітыцы ён прытрымліваўся жорсткага курсу ў адносінах да Ірана і стараўся падтрымліваць добрыя адносіны з заходнімі краінамі. Кароль Абдала падтрымліваў традыцыйныя для яго краіны блізкія адносіны са Злучанымі Штатамі.

На думку аналітыкаў, чые словы прыводзяць амэрыканскія СМІ, чакаецца, што пры новым манарху ніякіх істотных зьменаў у зьнешняй і ўнутранай палітыцы Саудаўскай Арабіі ў агляднай будучыні не адбудзецца.

Саудаўская Арабія — адзін з ключавых гульцоў сусьветнага нафтавага рынку. Экспэрты не чакаюць значнай зьмены нафтавай палітыкі арабійскай дзяржавы са зьменай караля. Новы кіраўнік, хутчэй за ўсё, будзе прытрымлівацца тактыкі свайго папярэдніка: падтрымліваць узровень вытворчасьці для захаваньня долі рынку нават коштам зьніжэньня цаны на нафту, адзначае агенцтва Bloomberg. Не выключаецца варыянт, што нейкі час можа працягнуцца пэрыяд нявызначанасьці.

Зь лета мінулага году нафта стала таньнейшай амаль на 50% пасьля рашэньня Арганізацыі краін-экспартэраў нафты захаваць узровень здабычы ва ўмовах росту вытворчасьці ў ЗША.

XS
SM
MD
LG