Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памідораў і Кулінковіч абмеркавалі, чаму іх крытыкуюць за Sputnik і «Советскую Белоруссию»


Аляксандар Памідораў, архіўнае фота
Аляксандар Памідораў, архіўнае фота

Музыкі не разважалі пра палітыку ці рэпутацыю выданьняў — толькі пра тое, чаму іх як музыкаў крытыкуюць за ўласны выбар.

З нагоды таго, што «падвысіўся градус» абмеркаваньня «тых ці іншых людзей і тых ці іншых учынкаў», Аляксандар Крывашэеў (у якасьці сьпевака вядомы як Аляксандар Памідораў) зь лідэрам Neuro Dubel Аляксандрам Кулінковічам абмеркаваў у эфіры радыё Sputnik сваё працаўладкаваньне на кісялёўскі Sputnik і працу Кулінковіча на «Советскую Белоруссию».

Крытыкі забываюць, што музыка — гэта таксама праца

Кулінковіч распавядае Крывашэеву, што як калумніст «Советской Белоруссии» ён «адзін зь першых сутыкнуўся з гэтай праблемай», бо, нібыта, «калі артыст ідзе на працу, то гэта само па сабе кепска».

Вядоўца з госьцем разважаюць, што людзі несурʼёзна ставяцца да дзейнасьці артыстаў. Мяркуюць, што артыст падчас дзьвюхгадзіннага канцэрту адпачывае, а рэпэтыцыяў, пісаньня песень і куплі інструмэнтаў ня бачаць. Таму калі артыст, як кажа Крывашэеў, ідзе працаваць у «нейкае цікавае дзяржаўнае ці калядзяржаўнае месца», то пачынаюць зьвяртаць увагу, ці ідзе артыст «туды альбо не туды».

Кулінковіч мяркуе, што сярод тых, хто зьвяртае на гэта ўвагу, «людзі пераважна маладыя, якія ня нюхалі пораху», якія «ведаюць, што чорнае, а што белае» і «ведаюць усяго патрошачку, але нічога ў прыватнасьці». На заўвагу Крывашэева, што гэта людзі ня толькі маладыя, Кулінковіч дадае: «Маладыя душой».

Аляксандар Кулінковіч, архіўнае фота
Аляксандар Кулінковіч, архіўнае фота

Працу музыкаў абмяркоўваюць, бо не працуе частка мазгоў

Кулінковіч кажа, што раней лічыў такія абмеркаваньні ідыятызмам, але цяпер прачытаў дасьледаваньне «брытанскіх навукоўцаў» пра тое, што падчас спрэчкі ў чалавека адключаецца тая частка мазгоў, якая адказвае за ўспрыманьне новай інфармацыі (магчыма, маецца на ўвазе нядаўняе дасьледаваньне аўстралійскіх навукоўцаў — з зусім іншымі высновамі). А ў «зацятых супярэчнікаў», якія крытыкуюць працу ці музыку сьпевака, мяркуе Кулінковіч, гэтая частка мазгоў адключаная заўсёды.

«Мы становімся іх уласнасьцю, ня маем права на сваё рашэньне і на сваё прыватнае жыцьцё», — заўважае Крывашэеў.

Кулінковіч з гэтым пагаджаецца і дадае, што адносна тых, хто так лічыць, потым выяўляецца, што «ні фіга цябе не любілі». Ён згадвае, што ў Расеі пасьля «апошніх падзеяў» зьявіліся музыкі, якія стаяць ад яго па іншы бок барыкадаў, але ад гэтага ён ня стаў іх меней любіць: ад таго, што нехта зь іх стаў казаць «Крым наш», нічога адносна іхняй музыкі ў Кулінковіча не зьмянілася, бо як прыватная асоба музыка можа казаць што заўгодна.

Абмяркоўваюць у інтэрнэце, бо ня звыклі казаць у твар

Вядоўца і госьць разважаюць, ці ў інтэрнэце «цкуюць» жартам, ці сурʼёзна. Кулінковіч згадвае прыпавесьць пра бяздомнага з сабакамі, які перасьледаваў чалавека, пакуль чалавек не зразумеў, што яго перасьледуюць жартам. Але госьць пагаджаецца зь вядоўцам: людзі ня звыклі выказваць сваю незадаволенасьць іншаму ў твар, таму незадаволенасьць назапашваецца і выплёскваецца ў інтэрнэце.

Кулінковіч таксама згадвае, што галоўны рэдактар «Советской Белоруссии», «страшна паважаны ім чалавек Павал Якубовіч» прапаноўваў друкавацца ў газэце пад псэўданімам, але Кулінковіч настаяў, каб артыкулы падпісваліся ягоным імем. І за свае артыкулы ў «Советской Белоруссии» апраўдвацца — проста дурасьць.

Адны вяшчаюць «з браневіка», іншыя «з кучы гною»

Аляксандар Кулінковіч разважае:

«Мяне зьдзіўляе падыход людзей, якія нібы апазыцыйна ставяцца да ўсяго, дэмакраты там... Плюс да таго, што гэта недэмакратычна — паліваць людзей сваім меркаваньнем, гэта даволі дзіўна. Па ідэі, дэмакрат павінен быць гатовы да таго, што існуюць паралельныя меркаваньні, да плюралізму. Ён, па вялікім рахунку, за тое і змагаецца, каб былі паралельныя меркаваньні, каб усё было свабодна, па-дэмакратычнаму. Але ні ў якім разе... Прыклад „Хартыі“ — гэта наогул... Больш цэнзураванае выданьне цяжка прыдумаць! Але не дагаварыў. Мяне заўжды цікавіла, як гэтыя людзі, якія нібыта дэмакраты, зьбіраюцца жыць зь беларускім народам, калі 500 тысяч падпісантаў „Советской Белоруссии“, ну, хай частка зь іх ведамасная, але „Советскую Белоруссию“ абсалютна шчыра выпісваюць вельмі шматлікія людзі. Ня памятаю, які там наклад, мо каля 500 тысяч. [Крывашэеў дадае: „І абсалютна шчыра купляюць за ўласныя грошы“. — РС] Чаму гэтыя людзі для іх быдла? Гэтыя людзі для іх не існуюць. Чаму яны ня радуюцца, што Саша Кулінковіч, які зь імі нібы стаіць па адзін бок, уладкаваўся туды на працу і выказвае там свае думкі?

Ня самыя кепскія думкі! Я не пішу там, як каласяцца палі ці яшчэ нешта, я не пішу пра палітыку [Крывашэеў дадае: „І чаго кепскага, што каласяцца палі?“], пра палітыку праўладную нейкую. Мае артыкулы зусім не праўладныя. Мае артыкулы звычайныя: пра людзей, пра мараль, пра чалавека і яшчэ нешта. Чаму яны ня радуюцца таму, што гэты чалавек стаў вяшчаць на такую вялікую аўдыторыю? Чаму яны лічаць гэтую самую аўдыторыю быдлам, кончаным матэрыялам? Яны абстрагуюцца ад гэтага. Яны ж зьбіраюцца працаваць для гэтай Беларусі!»

Кулінковіч заўважае, што стаіць з гэтымі людзьмі на адных пазыцыях, толькі адны агучваюць гэтую пазыцыю «з браневіка», іншыя — «з кучы гною», але ўсе глядзяць не на тое, што пішуць, а на тое, дзе пішуць.

Паважаць выбар чалавека, нават калі ён зрабіў татуіроўку ў выглядзе свастыкі

Кулінковіч запэўнівае:

«Я ні ў якім разе сябе не запляміў, ні сваімі словамі ў інтэрнэце, ні ў „Советской Белоруссии“, ні яшчэ дзе. Я не пайшоў супраць сябе. Калі кагосьці цікавіць маё меркаваньне, маё меркаваньне заўжды такое, дзе б я ні пісаў. Калі я празь нейкі час вырашу падацца ў „Хартыю“ — значыць, я вырашыў падацца ў „Хартыю“, калі ласка, не абвінавачвайце мяне ніхто, гэта маё меркаваньне. Ізноў жа, людзі, якія мяне любяць і паважаюць, скажуць...

І калі я вырашу зрабіць сабе татуіроўку ў выглядзе свастыкі, частка людзей ад мяне адвернецца, бо гэта вельмі такая цяжкая штука, пакруцяць пальцам каля скроні, скажуць: „Ну, Саня, ты сам сабе гаспадар, ніхто не прымушаў цябе гэта рабіць“. Яны, напэўна, перастануць мяне паважаць як асобу, але працягнуць паважаць мяне як чалавека, які зрабіў выбар».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG