Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найміце мне нармальнага адваката» або Пра тое, як мяняе чалавека турма


Сёньня мы будзем гаварыць пра тое, як мяняе чалавека турма. Для каго яна стала кляймом на ўсё жыцьцё, а для каго — магчыма, тым досьведам, які ўдалося перажыць і жыць пасьля вызваленьня далей, ужо адрынуўшы ад сябе нейкія турэмныя навыкі... Вы даведаецеся пра гісторыі вядомых і невядомых людзей, якія правялі пэўны час за кратамі, і пра тое, наколькі відавочныя зьмены — вонкавыя ды ўнутраныя — адбыліся праз гэта зь імі ды іхнімі блізкімі. Пазнаёміцеся з вынікамі традыцыйнага апытаньня «Свабоды ў турмах» на тэму: як ставіцца частка грамадзкасьці, якая не сядзела, даведаўшыся, што той ці іншы чалавек пэўны час правёў у мясьцінах «ня так аддаленых».

Дыскусія на форуме — толькі для сябраў ФБ. Астатнія могуць тэлефанаваць або пісаць лісты ў рэдакцыю.

Пра зваротную сувязь. Як зазначаюць некаторыя слухачы ды чытачы праграмы, яны не ў захапленьні ад таго, што новыя правілы дыскусіі на форуме «Свабоды» дазваляюць пакідаць водгукі і камэнтары на перадачы толькі праз рэгістрацыю ў Фэйсбуку. Далёка ня ўсё хочуць ствараць уласныя акаўнты ў гэтай сетцы.

Як піша адна з чытачак, цяперашняя палітыка «Свабоды» нясе дыскрымінацыю тых, хто не далучаны да гэтай сацыяльнай сеткі, і прымушае рэгістравацца ў Фэйсбуку:

«Шкада, бо пад сваім імем я як жонка асуджанага на вялікі тэрмін ніколі не раскажу нейкую ўласную гісторыю і шчыра не паспрачаюся з кімсьці з наведнікаў форуму па тым або іншым пытаньні».

Дадам, аднак, што акрамя таго каб пакідаць водгукі і камэнты на «Свабоду ў турмах» з аўтарызацыяй праз Фэйсбук, ёсьць і іншыя формы зваротнай сувязі. Гэта традыцыйныя званкі на аўтаадказьнік «Свабоды», лісты на электронны і паштовы адрасы нашага радыё. Усе гэтыя каардынаты зьмешчаныя на нашым сайце: svaboda. org.

Спачатку тэлефанаваньні. Вось думка чалавека, якому, як выглядае, абрыдла турэмная тэматыка, аднак ён, тым ня менш, усё ж стала нас слухае — і раіць журналістам «перабудавацца».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:53 0:00
Наўпроставы лінк

Яшчэ адзін званок, аўтар якога, паводле ягоных словаў, даўно марыў патэлефанаваць у перадачу і расказаць пра свой турэмны досьвед. Гэты чалавек быў асуджаны на шэсьць гадоў за эканамічнае злачынства. Паводле ягоных словаў, людзі, зь якімі ён сядзеў — вельмі розныя, «у асноўным кантынгент вельмі малады — ад 18 гадоў пасьля малалеткі і прыкладна да 30...»

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:41 0:00
Наўпроставы лінк

«Калі выносіць нешта з гэтага вопыту, — дзеліцца былы сядзелец-„эканаміст“, — дык гэта дакладнае разуменьне таго, як цябе могуць перамалоць дзяржаўныя жорны, як цябе можа элемэнтарна зжэрці сыстэма. Зразумела, шмат што залежыць ад асобы. Калі ты схільны да злачыннай дзейнасьці і нейкіх паняцьцяў і гэтак далей, то, вядома, ты там яшчэ больш акунесься ў тое асяродзьдзе. І хлопцы, асабліва маладыя, яны пад гэтую ідыёцкую „рамантыку“ становяцца элемэнтарнымі адкідамі. Гэта жахліва, калі ўявіць, колькі сярод гэтай публікі гультаёў, утрыманцаў, якія прызвычаіліся жыць, ані дня не працуючы, але з прэтэнзіямі, што ім за іх паламанае жыцьцё абавязаныя дапамагаць усе».

Ліст, які ў велікодныя дні прыйшоў у рэдакцыю з так званай «Валадаркі» — СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску — напісаў наш сталы «турэмны карэспандэнт» І.М. Як і ў ранейшых сваіх турэмных лістах, ён не забываецца павіншаваць журналістаў Свабоды са сьвятамі. (Дзякуй!). Яшчэ гады тры таму І.М. сядзеў у Івацэвіцкай калёніі. Аднак у канцы мінулага году, нядоўга пабыўшы на волі, быў ізноў арыштаваны. Сёньня ён падсьледны, якога абвінавачваюць паводле артыкула 328-1, пад пытаньнем 328-3 (ужываньне наркотыкаў і іх распаўсюд). Сам І.М. у сваім лісьце падае ўласную вэрсію арышту:

«Я лічу, што гэта помста за маё блогерства. Ці не маглі б вы наняць мне нармальнага адваката? Бо мае родныя аплаціць гэта ня змогуць. А з-за адсутнасьці адваката мае скаргі безвыніковыя».

І.М. — 40. Чалавек не бяз таленту, цікава і з гумарам расказвае пра свае турэмныя пэрыпэтыі. Магчыма, яго лёс склаўся б інакш, каб не трапіў за краты непаўналетнім. Больш як палова жыцьця прайшла ў турмах ды калёніях. Прафэсіі няма, спэцыяльнасьці таксама. Падчас папярэдняй адседкі на пытаньне, што будзе рабіць пасьля вызваленьня — казаў, што «будзе біць словам», маючы на ўвазе журналістыку. Пра тое, што гэтаму, як і любой іншай прафэсіі, трэба было б павучыцца, размовы не ішло.

Бацькі Арцёма Пракапенкі: «Ці пражывем мы яшчэ гэтыя тры гады...»

Арцём Пракапенка
Арцём Пракапенка

Асуджанаму на сем гадоў пазбаўленьня волі Арцёму Пракапенку, якому нядаўна адмовілі ў памілаваньні, у ліпені споўніцца 25. За кратамі — пяты год. Калі яго, як Міколу Дзядка, не асудзяць паводле 411-й, то на волю ён выйдзе ў 27. Без спэцыяльнасьці, без прафэсіі. Бо з працай у калёніі — вялікія праблемы. Як і многія іншыя бацькі, Віялета і Анатоль Пракапенкі хвалююцца, што турма можа сацыяльна дэфармаваць іхняга сына. І баяцца, што могуць і не дажыць да дня вызваленьня Арцёма, бо хворыя. Па сутнасьці, калі б ня стан іх здароўя, лічаць яны, Арцём ніколі б не напісаў таго прашэньня аб памілаваньні, пра якое зь ім неаднойчы вяла размову адміністрацыя калёніі. Калі ж сын атрымаў адмову на сваё прашэньне, гэта было для іх зусім нечакана.

Наш карэспандэнт сустрэўся з бацькамі Арцёма Пракапенкі ў Горадні, дзе тыя жывуць ды займаюцца індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Віялета і Анатоль расказалі «Свабодзе ў турмах» пра свае няспраўджаныя надзеі.

Віялета Пракапенка: «Мы зь ім увесь час вялі гутаркі, каб ён неяк падумаў пра прашэньне. Бо дома склалася сытуацыя: бацьку Арцёма паставілі дрэнны дыягназ, я хворая. (Муж Анатоль дадае: „Нам абаім паставілі“.) У нас дрэнна са здароўем у аднаго і ў другога, і мы на такім сьвеце, што невядома, ці дажывём (кажуць яны ў адзін голас), калі ён выйдзе. А апроч нас, дапамагчы яму ня будзе каму, калі ён выйдзе. І вось Арцём абмысьліў усё і вырашыў напісаць (просьбу аб памілаваньні. — РС). Ён нам сказаў пра гэта ў канцы лютага. 23 лютага гэтая папера пайшла ўжо туды, наверх. Да яго прыяжджалі, ня ведаю зь якой арганізацыі (бацька: „З КДБ прыяжджалі“), размаўлялі зь ім доўга: чаму ён вырашыў пайсьці на гэта? Ён ім тлумачыў. Ну, і ўсё, і мы чакалі станоўчага выніку ад гэтага прашэньня. Таму што раней не адзін раз зь ім адміністрацыя праводзіла такія гутаркі, што падпісвай прашэньне, і ўсё будзе нармальна.

Месяцы два не было ніякага адказу. Пасьля таго як паведамілі ў „Вясну“ пра чаканьне памілаваньня і яны зьмясьцілі ў сябе на сайце тую інфармацыю, літаральна ў той самы дзень, 17 красавіка, у пятніцу, Арцёму дазволілі пазваніць нам, і ён сказаў: мама, я працягваю сядзець, таму што мяне сёньня выклікалі, каб азнаёміць з адмоўным адказам. Я кажу: а прычыну адмовы яны пазначылі? — Не, нічога там не пазначана, проста адмоўны адказ. Далі толькі падпісацца».

«Каму гэта выгадна рабіць, ня ведаю, — працягвае маці Арцёма. — Казалі адно, а на справе атрымалася ўсё зусім інакш. Тым болей Сырамалотава, што па гэтай справе, у 2012 выпусьцілі. Чаму Арцёму адмоўлена, незразумела. А наш сын пяты год ужо сядзіць. Дзядку вось зрабілі, што ён замест вызваленьня будзе яшчэ год сядзець. Я думаю, яны баяцца моладзь гэтую выпускаць перад выбарамі. Каб нічога такога не было. Ведаю, што просьбу аб памілаваньні можна яшчэ раз падаваць. Я казала Арцёму, але ён кажа: а сэнс? Ужо цяпер сэнсу няма падаваць другі раз. Столькі разоў прапаноўвалі. Атрымліваецца, што падманулі з гэтым прашэньнем, і ўсё».

Анатоль Пракапенка: «Я думаю, што вось ня з той нагі нехта ўстаў, таму што які сэнс? Абяцаў, казаў „выпушчу“, а тут раз — „да пабачэньня“... Але Арцём ня той чалавек, якога можна ўзяць такім чынам — далей ціснуць, „прэсаваць“ і нешта зь яго ляпіць. Арцём — крэмень. Ён пайшоў насустрач толькі таму, што наша здароўе няважнае, вось і ўсё. А так ён сядзеў бы і сядзеў бы».

Віялета Пракапенка: «Гэта форменны зьдзек і зь яго, і з нас. У самога Арцёма таксама са здароўем нелады, і кроў ішла носам два разы. Але ж лічыў патрэбным сядзець. Таму што Васьковіч сядзеў. Як далей будуць ягоныя справы разьвівацца, невядома. Таму што як ён падаў гэтае прашэньне, было спакойнае да яго стаўленьне, асабліва яго ня тузалі, а што зараз будзе, пасьля гэтага, — хто ведае. Арцём таксама казаў, што напіша заяву на спатканьне. У яго працяглае спатканьне па тэрмінах павінна быць. Можа, на чэрвень удасца, калі там яшчэ ня ўсё будзе занята. Можа, на суткі, яму звычайна болей не даюць. Таму што са „злосьнікаў“ яго не выводзяць. Як толькі надыходзіць год (калі скасоўваюць) пакараньня, яны зноў на яго пачынаюць „вешаць“. За форму адзеньня, калі ён у гарачыню ў шлёпанцах, а трэба ў чаравіках, за не такое прывітаньне. Іншым усё можна, а яму нельга гэтага рабіць... У 15-й калёніі, дзе ён цяпер, умовы крыху лепшыя за тыя, што былі ў Шклове. Там у кубрыку чалавек дванаццаць, а ў Шклове былі баракі, дзе па восемдзесят чалавек. Але ў ПК-15 цяпер працы няма. Такое пустое баўленьне часу... »

Анатоль Пракапенка: «Але гэта мэтанакіраваная палітыка. Мы жывём у краіне, пабудаванай на ілжы, што там казаць. Арцём у мяне заўсёды казаў: тут ня будзе ніколі нічога нармальнага. На ўсход ад Прыбалтыкі і Польшчы. Раней, калі надзея была, што памілуюць, яшчэ жылі неяк. А цяпер зусім дрэнна. Ня ведаю, ці пражывем мы яшчэ гэтыя тры гады, скажам шчыра».

Андрэй Канчалоўскі: «Турма не абавязкова робіць чалавека горшым»

Андрэй Канчалоўскі
Андрэй Канчалоўскі

Адрозна ад Беларусі нават у турмах большасьці былых савецкіх рэспублік, ня кажучы пра заходнія краіны, зьняволеныя маюць магчымасьць атрымліваць завочную вышэйшую адукацыю. У Вялікай Брытаніі ды ЗША вельмі сур’ёзныя злачынцы, якія сядзяць па 20 і болей гадоў, праходзяць навучаньне даволі незвычайным спэцыяльнасьцям. Гадоў 15 таму, апынуўшыся ў шатляндзкай сталіцы Эдынбургу, я не магла не зьвярнуць увагі на мноства (у параўнаньні зь Менскам) сьляпых людзей. Іх паўсюль — на вуліцах, калі яны ішлі або ехалі на ровары (!), таксама ў грамадзкім транспарце — суправаджалі сабакі-праваднікі (у Менску такога ўвогуле не даводзілася бачыць). Потым ад тамтэйшых знаёмых пачула, што тых сабакаў дрэсіруюць асуджаныя за асабліва цяжкія злачынствы. Сабакаў ім прывозяць з прытулкаў для бяздомных жывёлаў. На працягу году гэтыя забойцы, рабаўнікі дрэсіруюць іх, каб потым аддаць у дапамогу інвалідам. Зэкі знаходзяцца з тымі сабакамі кругласутачна, няньчацца зь імі, выхоўваюць іх, хочуць, каб жывёла некаму прыносіла радасьць, навучылася носам уключаць і выключаць сьвятло, разумець каманды на ангельскай ды шатляндзкай, а таксама на мове жэстаў... Вось такі турэмны досьвед, які, акрамя ўсяго іншага, безумоўна, ператварае дэсацыяліязаваную асобу ў сацыялізаваную.

«Турма не абавязкова робіць чалавека горшым», — сказаў неяк у інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Масквы» вядомы расейскі рэжысэр Андрэй Канчалоўскі. Паводле яго, ён мае пэўны досьвед кантактаў з былымі зьняволенымі, у тым ліку і ў ЗША — у гэтай краіне ён доўга працаваў.

Канчалоўскі: " У мяне шмат было такіх знаёмых. У тым ліку і ў ЗША. Напрыклад, Дэні Трэха, мэксыканец, які потым стаў героем амэрыканскіх фільмаў. Ён быў наагул гандляром наркотыкамі і сядзеў у турме. А потым у яго пачалася іншая кар’ера, ён стаў выдатным артыстам. Яшчэ пісьменьнік, які пісаў дыялёгі, — Эдзі Банкер — сядзеў 15 гадоў у турме, стаў выдатным пісьменьнікам. Вы ведаеце, усё залежыць яшчэ ад індывідуальнасьці. Турма не абавязкова робіць чалавека горшым. Некаторыя людзі выкарыстоўваюць турму для таго, каб стаць лепшымі, больш адукаванымі, чытаюць кніжкі, якіх яны ня мелі магчымасьці чытаць раней, і гэтак далей. Ведаеце, можна паглядзець на чалавека і думаць, што ён адседзеў, а на самой справе ён ніколі і не сядзеў. А ўжо думаеш: не, лепш зь ім ніякіх спраў ня мець«.

Ігар Аліневіч: «Тыя, хто ўжывае грубае брыдкаслоўе, сапраўды застаюцца ўнізе сацыяльнай піраміды»

Асуджаны Віцебскай калёніі Ігар Аліневіч, як і іншыя зьняволеныя анархісты, таксама належыць да злосных парушальнікаў. Паводле ягонай маці Валянціны, за апошнія некалькі месяцаў яго ўжо другі раз пазбавілі прадуктовай перадачы. Улічваючы, што як парушальнік ён абмежаваны вельмі малой сумай на набыцьцё прадуктаў у краме, такія захады адміністрацыі Валянціна Аліневіч інакш як галодным катаваньнем не называе. Аднак, як кажа жанчына, сам Ігар, як вынікае зь ягоных лістоў ды размоваў падчас спатканьняў, успрымае пытаньні турэмнага побыту як нейкую драбязу.

Валянціна Аліневіч
Валянціна Аліневіч

«Скардзіцца на жыцьцё наагул дрэнна. Гэта актывізуе тыя нэўронныя сеткі ў мозгу, якія адказваюць за адмоўныя вобразы і эмоцыі, што перажываюцца зноў і зноў, а гэта, у сваю чаргу, выклікае псыхасаматычныя захворваньні», — напісаў ён у лісьце да маці. Пра тое, што стала нагодай для гэтага ліста, расказвае Валянціна Аліневіч.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:57 0:00
Наўпроставы лінк

Зь ліста Ігара Аліневіча:

«Перачытаў ліст наконт культуры мовы падрабязна і выявіў масу пацьверджаньняў таго на аснове псыхааналізу ды асабістых назіраньняў. Так, тыя, хто ўжывае грубае брыдкаслоўе, сапраўды застаюцца ўнізе сацыяльнай піраміды. Іх разьвязнасьць узьдзейнічае

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

на звычайную шушару. Ня больш. На парадак вышэй успрымаюцца людзі, якія гавораць выразна і цэльна. Кантроль над эмоцыямі, выразнасьць маўленьня зачароўваюць публіку. Бо кожны адчувае жаданьне сказаць ці няўпэўненасьць гэта зрабіць. Таму здольнасьць утаймаваць унутраныя жарсьці наглядна дэманструе ўнутраную сілу і волю. Скардзіцца на жыцьцё, пераліваць нэгатыў наагул дрэнна. Гэта актывізуе тыя нэўронныя сеткі ў мозгу, якія адказваюць за адмоўныя вобразы і эмоцыі, што перажываюцца зноў і зноў, а гэта, у сваю чаргу, выклікае псыхасаматычныя захворваньні. Акцэнтаваць дрэнныя якасьці іншых — гэта тоіць у сабе пастку праекцыі ўласных сумневаў у адносінах да сябе самога. А потым ідзе рацыяналізацыя — калі яны такія, дык і я буду. Так чалавек умацоўвае ў сабе якасьці, якія сам жа крытыкуе. Да рацыяналізацыі належыць і самаапраўданьне. Гэта нішто іншае, як спроба зьмяніць каардынатную сетку ўспрыманьня рэальнасьці, дабудаваць карціну абставінаў такім чынам, каб учынак выглядаў прымальным для цябе самога. З-за самападману нараджаецца неўсьвядомленае напружаньне, якое будзе тачыць, як чарвяк. Падобны эфэкт выклікае і хвальба, то бок падмена сапраўднага разьвіцьця асобы фіктыўным падвышэньнем уласнай значнасьці ў вачах іншых. Аўтаматычна прыходзіць залежнасьць ад думкі астатніх. Чалавек гоніцца за больш таннай папулярнасьцю, а не за рэальным самасьцьвярджэньнем...»

Арцём Троіцкі: «Нічога добрага турма нікому не прынесла»

Так сказаў у адным зь інтэрвію РС вядомы на постсавецкай прасторы музычны крытык ды блогер, у якога сярод знаёмых нямала былых зэкаў.

Арцём Троіцкі
Арцём Троіцкі

Троіцкі: «У мяне вось быў прыяцель Яша, ён у турме звар’яцеў, палез на ахоўніка, і яго застрэлілі. Яшчэ былі некаторыя, якія вярнуліся з турмы людзьмі зламанымі. Некаторыя, вярнуўшыся з-за кратаў, нават спынілі ўсялякія кантакты з сваім былым атачэньнем. Разам з тым я сустракаў людзей, якія таксама адседзелі, але захавалі сябе ў выдатнай форме, прычым ня толькі фізычнай, але і маральнай. Вось, напрыклад, Юра Шаўчук неяк пазнаёміў мяне са сваім прыяцелем, які быў адным з топ-мэнэджэраў у ЮКАСе. Ён адседзеў дзесьці гадоў шэсьць ці сем. Нават калі выйшаў, выглядаў выдатна, цікава расказваў пра зону. Гэта быў лесапавал. Дык ён ператварыў яго ў нейкае ўзорнае прадпрыемства. І начальнік калёніі нават не хацеў яго адпускаць, бо разумеў, што вось гэтага чалавека выпусьцяць, і ў яго там зноў усё разваліцца. Калі я чую, што чалавек быў у турме, для мяне гэта ні ў якім разе ня чорная пазнака, бо многія мае знаёмыя ў тых мясьцінах бывалі. І па палітычных артыкулах, і па валютных, і як фарцоўшчыкі. Уласна кажучы, некаторыя мае вядомыя знаёмыя там апынуліся таму, што былі музыкамі».

Як вы ставіцеся да тых, хто сядзеў за кратамі, ці пабойваецеся вы былых ЗК? Такое апытаньне наш карэспандэнт правёў на вуліцах Магілёва.

Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG