Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я з ЗК: быць ці ня быць шчасьцю?


Жанчыны-асуджаныя праходзяць строем у сталовую ў жылой зоне Гомельскай жаночай калёніі
Жанчыны-асуджаныя праходзяць строем у сталовую ў жылой зоне Гомельскай жаночай калёніі

Як паказвае практыка, жанчыны ахвотней ідуць на саюз са зьняволенымі ды былымі асуджанымі, чым мужчыны. Пры гэтым рэдкія шлюбы мужчын з так званымі зэчкамі аказваюцца больш трывалымі. Чаму?

Меркаваньні ўдзельнікаў апытаньня ў Гомелі. Жанчына: «Не хапае ў жыцьці адрэналіну!» Мужчына: «Зэчкі таксама людзі»


...Некалькі тыдняў таму, напярэдадні дня сьвятога Валянціна, у Магілёве, непадалёк ад будынку турмы № 4, мы пацікавіліся ў міначак-жанчын: ці ўзялі б яны шлюб з тымі, хто за кратамі? Меркаваньні падзяліліся. Прыкладна палова выказалася за тое, што з ЗК можна стварыць сям’ю — галоўнае, каб было пачуцьцё. Другая палова скептычна паставілася да пэрспэктывы такога шлюбу. Яны лічаць, што людзям з-за кратаў няма веры. Некаторыя адзначалі, што ў турме могуць быць і невінаватыя...

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:14 0:00
Наўпроставы лінк


Рэакцыя чытачоў артыкула ў гэтай сувязі аказалася таксама неадназначнай. Sava зь Менску, напрыклад, палічыў невыпадковым, што такое апытаньне мы правялі выключна сярод жанчын. На яго думку, «пайсьці на шлюб з ЗК могуць толькі яны», «бо яны на такое здольныя. Чаго ня скажаш пра мужчын. Яны амаль ніколі не чакаюць сваіх жанчын з зоны, кідаюць іх. Тым больш мужчыну і ў галаву ня прыйдзе завязваць „раман“ ці браць шлюб зь незнаёмай і нават з добра знаёмай зэчкай. Сябе ён любіць нашмат больш».

«Ці сапраўды падобны саюз — гэта выключна жаночы ўчынак? Чаму вольныя жанчыны ахвотней ідуць на сувязь з зэкамі, чым вольныя мужчыны — з зэчкамі?» — пацікавіліся мы напярэдадні 8 сакавіка ў мінакоў на вуліцах Гомеля (як у мужчын, так і ў жанчын). Нагадаем, што ў гэтым абласным цэнтры месьціцца адна зь дзьвюх, якія ёсьць у Беларусі, жаночых папраўчых устаноў.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:28 0:00
Наўпроставы лінк


Як вынікае з апытаньня, рэспандэнты-мужчыны дапускаюць магчымасьць шлюбу з былой зэчкай. У сваю чаргу, апытаныя жанчыны вельмі стрымана глядзяць на пэрспэктыву сямейнага зьвязу з зэкам. Пры гэтым, адказваючы на пытаньні, большасьць рабіла агаворку: усё залежыць ад чалавека і ад таго, за што ён сядзіць.

Тым ня менш, як пацьвярджаюць псыхолягі, жанчыны і сапраўды нашмат часьцей за мужчын гатовыя на стасункі з былымі крымінальнікамі... Аднак больш трывалымі ў выніку аказваюцца шлюбы вольных мужчын з зэчкамі. Абраньніцамі прадстаўнікоў «моцнага полу» становяцца, як правіла, вельмі ўпэўненыя ў сабе жанчыны, якія потым дамінуюць у сям’і.


«У жаночай зоне кожная марыць пра нейкую апору»


«Калі расказаць пра рэальныя гісторыі каханьня зэчак, то чалавек, далёкі ад турэмных рэаліяў, скажа, што гэта сэрыял „Санта-Барбара“. Але ж у вязьніцах такое здараецца, хоць і рэдка», — кажа былая асуджаная гомельскай ПК № 4 Даша.

Вось, напрыклад, love story адной Дашынай сяброўкі. Галіна — назавем яе так — па-ранейшаму сядзіць у «чацьвёрцы». Засталося гадоў шэсьць. Усяго ж, як і першы муж, зь якім яна праходзіла па адной справе, Галіна атрымала дзевяць гадоў турмы. Па сутнасьці, ужо ў першы год адседкі, калі сужонцаў разьмеркавалі па розных зонах, стала ясна, што ім нават і пісаць адно аднаму няма пра што.

Цяпер у Галіны другі муж. Удалося неяк пазнаёміцца на этапе. Малады мужчына атрымаў два гады няволі. Пачалі ліставацца. Пасьля адседкі мужчына прыехаў да Галіны на кароткае спатканьне. Неўзабаве там жа, у «чацьвёрцы», і расьпісаліся. Муж імкнецца ўсяляк падтрымліваць жонку, як маральна, так і матэрыяльна. У сваю чаргу, Галіна амаль у кожным лісьце да мужа піша, якая яна шчасьлівая, бо нарэшце зразумела, што значыць жыць.

Дашы, якая расказвае гэтую гісторыю, 20 зь нечым. Адседзеўшы два гады за наркотыкі, яна ўжо два гады на волі. Апошні год жыве разам з былым асуджаным Іванам. Пазнаёміліся да яе пасадкі і паміж ягонымі адседкамі.

Дашын абраньнік на 10 гадоў старэйшы за яе.
Дагэтуль не было такога, акрамя прымусовых умоваў — у турме, на зоне — каб я не ўжывала наркотыкі

Даша: Калі я апынулася за кратамі, сувязь абарвалася. А потым, калі я ўжо вызвалілася, раптам — званок. Пачалі ліставацца... Напачатку — размовы ні пра што і пра ўсё. Паступова мне пачалі падабацца ягоныя погляды на жыцьцё, краіну, сьвет. Раптам адкрыла для сябе, што ў жыцьці можна цікавіцца шмат чым дый жыць ня толькі ўласнымі інтарэсамі. Бо для мяне на той час галоўным ужо сталі наркотыкі. Дагэтуль у мяне ніколі не было такога, акрамя прымусовых умоваў — у турме, на зоне — каб я іх не ўжывала. Я вярнулася да наркаты ледзь ня ў першы дзень, як выйшла. На словах адмовіцца вельмі лёгка, а вось на справе, калі амаль у руку табе даюць... А тут вось ужо год як абсалютна добраахвотна ўсё атрымліваецца і без наркотыкаў.

Пра сумеснае жыцьцё дамовіліся ў ліставаньні. Хто ведае, як будзе далей, аднак пакуль усё, дзякуй Богу, добра...»

Рэгістраваць свае стасункі пара не сьпяшаецца.

«У жаночых зонах, — працягвае дзяўчына, — кожная марыць мець нейкую апору побач. Там, дарэчы, хапае і жаночага каханьня, і, адрозна ад мужчынскай зоны, там такія людзі ня лічацца ізгоямі. Такія сем’і жывуць сваім адасобленым жыцьцём. Найчасьцей усё гэта з-за адзіноты. Там як нідзе важна ведаць, што ты камусьці яшчэ патрэбны. Бо ад многіх — і ад нарказалежных, і ад асуджаных — адмаўляюцца сябры, родныя. Калі ў чалавека хранічная адзінота, адчуваньне поўнай непатрэбнасьці, такі чалавек пачынае „дзівачыць“ яшчэ больш».


Псыхоляг: «Лічаць, што зэк — гэта сынонім мужыка»


Пецярбурскі этнапсыхоляг Стася Буёнак, якая выкладвае ў інтэрнэце размовы на актуальныя жыцьцёвыя тэмы, некалькі гутарак прысьвяціла пытаньню шлюбаў ці грамадзянскіх саюзаў з асуджанымі. Яна перакананая, што ў сьвядомасьці большасьці народжаных у СССР людзей захавалася так званая «зонаўская рамантыка», навеяная, з аднаго боку, рознымі фільмамі, літаратурай, шансонам, а з другога — такім паняцьцем як ГУЛАГ. Менавіта гэтая карная сталінская сыстэма стварыла незвычайную пароду чалавека, не пазбаўленую пэўнай прывабнасьці.

Паводле Стасі Буёнак, асабліва «западаюць» на асуджаных жанчыны, бо ў жаночай постсавецкай сьвядомасьці зэк — гэта сынонім, так бы мовіць, сапраўднага «мужыка». Апошнім часам у шмат якіх мужчынскіх калёніях на тэрыторыі былога СССР ня толькі рэгіструюць шлюбы, але нават ладзяць царкоўнае вянчаньне. Такая ініцыятыва найчасьцей паходзіць ад нявест...


Вясельле ў армянскай турме



Буёнак: «Што нас, жанчын, вабіць у гэтых мужчынах? Узгадаем вядомы сэрыял «Бандыцкі Пецярбург». Ён — «злодзей у законе», а яна — супрацоўніца Эрмітажу. Яна звышсацыялізаваная, а ён звышантысацыялізаваны. І яны — разам. Яна паважае яго, а ён паважае яе. Праз кіно, літаратуру, розныя творы масавай культуры ў галовы ўведзенае пэўнае саўдэпаўскае клішэ: гэта сапраўдныя мужыкі, якія, адрозна ад «офісных мужчынак», маюць нейкую вонкавую ды ўнутраную сілу. А жанчынам менавіта такая сіла і патрэбная. Выбар падсьвядома робіцца на карысьць такіх людзей. Жанчыне падаецца, што яна выбірае тое, што трэба. Хоць насамрэч — гэта зусім ня так. Дадам, што на зонах цяпер адпрацаваныя вельмі жорсткія схемы грашовых заробкаў. Калі ты «ў ланцугу», то табе жанчына проста неабходная, каб дасягаць нейкіх мэтаў. Гэта хлопцы вельмі высокага ўзроўню, што да пошуку лахоў ды лахушак. Таму цалкам зразумела, чаму жанчыны на гэта ахвочыя».


«Акрамя як за зэка, ісьці замуж няма за каго»


Лічыцца, што найчасьцей шлюбы са зьняволенымі ды былымі асуджанымі бяруць вяскоўкі або жыхаркі малых райцэнтраў. Адсутнасьць мужчын — гэта галоўная праблема малых паселішчаў, дзе выжываць трэба за кошт прыватнай гаспадаркі...

32 гады таму жыхарка райцэнтру Круглае на Магілёўшчыне Зінаіда Мілешчанка, якой і належаць словы, што «акрамя як за зэка, ісьці замуж няма за каго», пазнаёмілася празь перапіску з будучым мужам. На той час мужчына адбываў 11-гадовае пакараньне на лесапавале ў адным зь лягераў тады яшчэ Савецкага Саюзу. Жанчына прызнаецца, што ёй было вельмі цяжка зжыцца з чалавекам, які ўвабраў у сябе дух і звычаі савецкай турмы. Пра тое, як складалася яе жыцьцё з былым зэкам, Зінаіда Ўладзіміраўна апавяла «Свабодзе ў турмах».

Зінаіда Мілешчанка
Зінаіда Мілешчанка
«Ліставаньне пачалося ў далёкім 1981 годзе, а пабачыла я яго ўпершыню, прыехаўшы ў калёнію, калі ён рыхтаваўся да вызваленьня. У лістападзе 1982 году пажаніліся», — кажа Зінаіда Ўладзіміраўна.

Перад тым як узяць шлюб, жанчына пазнаёмілася зь сям’ёй свайго абраньніка і зрабіла з тых адведзінаў выснову, што «родным ён абсалютна не патрэбны». Гэта, кажа яна, пазьней пацьвердзіла і сумеснае жыцьцё:

«Зразумела, што ён родным зусім не патрэбны быў, акрамя мяне і цяпер ужо нашых дваіх дзяцей. І трэцяга дзіцяці, што ў мяне ад першага шлюбу. Я яго тады пашкадавала. Пажаніліся мы дужа хутка, у вёсцы, бо нам трэба было чакаць месяц, а ён тады быў пад наглядам», — згадвае Зінаіда Ўладзіміраўна. Пра мужава нявольніцтва яна кажа: «Ён адседзеў 11 з паловай гадоў. Сядзеў яшчэ ў савецкі час на лесапавале. Апошнія тры гады працаваў на складзе».

Зінаіда Ўладзіміраўна адзначае, што ў мужавым характары намяшана ўдосталь і пазытыўнага, і нэгатыўнага. І з гэтым усім, кажа яна, даводзіцца і яму не салодка, і тым, хто побач зь ім.

«Ён чалавек пісьменны, дужа разумны. Дужа хітры. З добрым пачуцьцём гумару. Я ня ведаю, чаму яго навучыла сям’я, бо я мала зь імі жыла, але турма выкавала ягоны характар. У турме, як я разумею, ёсьць строгая герархія. Ёсьць людзі, якія наверсе, і ёсьць людзі, якія ў самым нізе. Ён адносіўся да „мужыкоў“. Сядзеў ён за кулак. Ён нічога ні ў кога ня скраў. Ён любіць проста, калі вып’е, павыхваляцца».
Нібыта ён вызваліўся, а я трапіла ў тую турэмную абстаноўку

Зінаіда Мілешчанка кажа, што дужа цяжка было з мужам першыя васямнаццаць гадоў. Усе гэтыя гады, адзначае яна, муж паволі пазбаўляўся ўсяго турэмнага. «Нібыта ён вызваліўся, а я трапіла ў тую турэмную абстаноўку», — усьміхаючыся, згадвае тагачасныя адчуваньні жанчына.

«Тады дапамагала мне выжыць тое, што дзеці нарадзіліся — сын і дачка. А яшчэ я зразумела, што перавыхоўваць дарослага чалавека бессэнсоўна. Калі яго ня выхавала ягоная сям’я, калі яго не перавыхавала турма, то я яго не перавыхаваю якімісьці гвалтоўнымі дзеяньнямі. Я тады пачала глядзець, ці магу я падладзіцца пад гэтага чалавека, каб ён паступаў у адносінах да мяне мякчэй і лепей».


Парада жонкам ЗК: «Калі хочаш, каб цябе слухалі, будуй выхаваўчую фразу сама болей зь дзесяці словаў»


Зінаіда Ўладзіміраўна доўга апавядае пра мэтады ўзьдзеяньня на мужа. Прызнаецца, што не заўжды ейныя вынаходкі дапамагалі. Найбольш дзейсная зь іх — вось гэтая, заяўляе спадарыня Зінаіда. Сваё правіла яна падае нібыта вынятку з інструкцыі, як абходзіцца з былымі зэкамі:

«Калі ты хочаш, каб ён да цябе прыслухаўся, то ты павінна выхаваўчую фразу сказаць, каб яна ўклалася ў дзесяць-дванаццаць словаў. Усё, што будзе больш — успрымецца агрэсіўна, і ён тады ўспыхне. А ўспышкі бываюць дужа непрадказальныя і зь вялікімі наступствамі».

Ці хацелася зьмяніць жыцьцё? — пытаюся ў Зінаіды Ўладзіміраўны. Падумаўшы, яна адказвае:

«Я не магла зьмяніць свой лёс, бо ў Круглым я жыла гэтак, што вакол мяне было варожае атачэньне. Так сталася. Мне трэба было на некага абаперціся. А ў яго дужа шмат добрых якасьцяў. Ён ня здольны на здраду. Гэтую падтрымку я заўжды адчувала. Калі мяне акружалі з усіх бакоў і, здавалася, заганялі ў кут — першым, хто прыходзіў мне на дапамогу, быў ён. Ён не дэманстраваў гэтага. Ён непрыкметна падтрымліваў».
Кожны раз, калі я яго аддавала супрацоўнікам міліцыі, то ведала, што яго паб’юць

Зінаіда Мілешчанка прызнаецца, што ёй даводзілася, ратуючыся ад мужа, выклікаць міліцыю. Тая прыяжджала, забірала мужа-дэбашыра, а назаўтра ён прыходзіў пабіты. Такая дапамога мала ратавала. Зінаіда Ўладзіміраўна наважылася на развод і разьвялася ўрэшце.

«Ён разводу не хацеў. У яго дагэтуль стаіць штамп, што ён жанаты са мной, а я значуся — свабоднай жанчынай. Я зразумела, што міліцыя не выхоўвае. Кожны раз, калі я яго аддавала супрацоўнікам міліцыі, то ведала, што яго паб’юць».

Зінаіда Ўладзіміраўна і пасьля разводу працягвае жыць разам з мужам. У іх вялікая гаспадарка. Пасьля доўгіх гадоў нішчымніцы ў сям’і зьявіўся дастатак. Абое на пэнсіі. У іхных дзяцей ужо свае дзеці. Унукаў, кажа спадарыня Зінаіда, муж дужа любіць. Свае пачуцьці да яго яна апісала і ў адным з сваіх вершаў:

Як любяць неразумнае дзіця,
так я люблю свайго нязграбу мужа.


Псыхоляг: «Нічога страшнага ў раманах ды шлюбах з ЗК няма»


Так лічыць этнапсыхоляг Стася Буёнак. Іншая справа, што ў выніку няўдачы, а збольшага такія раманы ды шлюбы сапраўды няўдалыя, ня трэба ліць сьлёзы, рваць на сябе валасы і гаварыць: «Ах, ён мяне ашукаў!»

Буёнак: «Гэта ня ён, гэта вы ўпісаліся ў зададзеную схему. У большасьці жанчын (нават і ў іхніх раманах з вольнымі) — велізарны запас жалю. Трэба пашкадаваць яго. І няважна, што падлюга або рэцыдывіст з 3—4—5 ходкамі. Ён шмат каго абакраў, змахляваў, забіў некалькіх, а жанчына кажа сваё: „Дык ён добры — проста яму не пашанцавала па жыцьці“. І тут трэба толькі зьняць капялюш перад ЗК — як яны ўмеюць абвесьці вакол пальца: „Гэта ня я такі. Гэта жыцьцё такое“. Але ж ніхто ні з кога адказнасьці за ўчынкі не здымае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG