Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рубель: зацяжное падзеньне


Па выніках біржавых таргоў даляр умацаваўся яшчэ на 250 рублёў, афіцыйны курс цяпер складае 14310 за даляр. Эўра гэтаксама на піку абсалютнага максымуму, яно спынілася ўсяго за 40 рублёў ад круглай лічбы ў 17000. Прыблізна ў гэткіх жа парамэтрах вагаюцца паказьнікі куплі і продажу амэрыканскай і эўрапейскай валютаў у абменных пунктах. Але ў вольным абароце даляраў і эўра не хапае, банкі прадаюць толькі тое, што здае насельніцтва.

За месяц беларускі рубель страціў да даляра больш як 30% і працягвае падзеньне. Калі да апошняй дэкады мінулагодняга сьнежня рубель абясцэньваўся амаль незаўважна, па 10 пунктаў на дзень, то пачатак 2015-га адзначаны абвальнымі тэмпамі: па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы ў пятніцу і панядзелак агулам ён патаньнеў на 550 рублёў.

Пры гэтым улады пазьбягаюць прызнаваць відавочнае і падмяняюць фактычную дэвальвацыю размовамі пра камісійны збор, а пасьля ягонай паэтапнай адмены — «выбудоўваньнем раўнаважнага курсу ва ўсіх сэгмэнтах валютнага рынку». Аднак казаць пра поўную перамогу над панічнымі настроямі і ажыятажным попытам не выпадае: ахвотных канвэртаваць рублі шмат нават пры курсе ў 14500 за даляр, а банкам загадана працаваць толькі з «абароткай» — валютай, якую здаюць кліенты.

Тым ня меней, перакананы фінансіст, эканаміст-мэнэджэр Уладзімер Карагін, улады робяць слушныя крокі, даючы беларускім грашам ураўнаважыцца зь іншымі валютамі:

Уладзімер Карагін
Уладзімер Карагін

«Пакуль гэта толькі першыя крокі, але, у прынцыпе, гэта тое, чаго чакае ўся дзелавая супольнасьць Беларусі. У сумесным лісьце ад 24 сьнежня мінулага году мы прапанавалі цэлы шэраг пасьлядоўных крокаў і ўраду, і Нацыянальнаму банку, і адміністрацыі прэзыдэнта. Па вялікім рахунку, мы бачым, што нашы прапановы пачутыя і ўспрынятыя. Кожны дзень робяцца тыя захады, якія прыводзяць беларускі рубель у ягоны натуральны стан, што дазваляе ўсім удзельнікам рынку апынуцца ў больш справядлівых і адэкватных умовах».

Аляксандар Лукашэнка, прызначаючы ў апошнія дні мінулага году новага кіраўніка Нацбанку Паўла Калаўра, адной з галоўных задачаў для ведамства назваў скарачэньне далярызацыі эканомікі. Аднак ва ўмовах непрадказальнасьці курсу рубля і нястрымнай інфляцыі беларусы настроеныя зусім не патрыятычна і аддаюць перавагу правераным валютам. Так, на хвалі валютнай панікі чыстая купля замежнай валюты летась у сьнежні перавысіла лістападаўскую больш як удвая — 328 мільёнаў даляраў супраць 140 мільёнаў за месяц перад тым. Эканамічны аглядальнік Марк Бэрнштэйн лічыць, што ў цяперашніх умовах змагацца з далярызацыяй бессэнсоўна:

Марк Бэрнштэйн
Марк Бэрнштэйн

«З эканамічнага пункту гледжаньня, як мне падаецца, у Беларусі амаль што бессэнсоўна змагацца з далярызацыяй — хоць бы проста таму, што ў нас больш за палову валавога ўнутранага прадукту складае зьнешні гандаль, мы вельмі моцна залежым ад экспарту і імпарту. Таму з такой інфляцыяй, як у нас, і з такімі пастаяннымі рыўкамі рублёвага курсу людзі заўсёды будуць арыентавацца на больш цьвёрдую валюту. Змагацца з далярызацыяй трэба адсутнасьцю інфляцыі ў краіне і нармальнай, стабільнай валютай. І тады ня будзе гэтай праблемы».

Экспэрты папярэджвалі, што маштабны эканамічны крызіс у Расеі ва ўмовах татальнай прывязкі беларускай эканомікі да краіны-суседкі непазьбежна адаб’ецца на фінансавым рынку. Нягледзячы на гэта, улады намагаліся запэўніць, што сытуацыя пад кантролем, і пасьлядоўна аслаблялі курс расейскага рубля. Але ў першыя дні новага году Нацыянальны банк «ператасаваў» валютны кошык, зрабіўшы менавіта расейскую валюту асноўнай у прывязцы да курсу беларускага рубля. Наколькі апраўданае такое рашэньне — раўняцца на грошы, якія за некалькі месяцаў страцілі ў сваёй вазе палову? Меркаваньне выказвае эканаміст Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Гэта ўсё залежыць ад таго, якая ў вас мэта курсавой палітыкі. Калі расейскі рубель — значная частка разьлікаў з Расейскай Фэдэрацыяй, то, відавочна, варта да яго пэўным чынам прывязацца. Але, на маю думку, калі мы ставім стратэгічнае заданьне — забясьпечыць стабільнасьць нашай валюты, то лепш было б усё ж зрабіць акцэнт на меншую долю рубля і на большую долю тых валютаў, да якіх беларусы ўжо даўно прызвычаіліся. Адвязвацца ад расейскага рубля і выкідаць яго з кошыка я, канечне, ня стаў бы, але ягоную долю ў кошыку зрабіў бы меншую».

Змагацца з новымі пагрозамі і рызыкамі, якія пасьля правальнага 2011 году замаячылі перад Беларусьсю пры канцы 2014-га, прызначаныя новыя кіраўнікі фінансава-эканамічнага блёку. Але чаму чыноўнікі, на словах дэманструючы погляды, блізкія да лібэральных, страчваюць імпэт на «дыване» ў прэзыдэнта? У чым прынцыповая розьніца паміж беларускімі і заходнімі рэфарматарамі? Эканаміст Міхал Залескі ня думае, што пры цяперашнім характары вэртыкалі ўлады падначаленыя функцыянэры на нешта рэальна здольныя:

Міхал Залескі
Міхал Залескі

«Пачнём з таго, адкуль яны бяруцца на Захадзе, а адкуль на Ўсходзе. Першы прынцыповы момант — на Захадзе ёсьць партыі, якія маюць сваю пазыцыю адносна падзеяў у дзяржаве. У нас партыяў з пазыцыяй, акрамя КХП-БНФ, няма. Другое: там гэныя партыі ўдзельнічаюць у выбарах, у нас выбараў няма. Хто каго прадстаўляе ў нашым „парлямэнце“ — невядома, бо там няма прадстаўнікоў ад бізнэсу, няма прадстаўнікоў ад бедных, няма прадстаўнікоў беларусаў, няма нікога. Нарэшце, за мяжой тыя партыі фармуюць урад, наўпрост ці ўскосна. У нас партыі да фармаваньня ўраду ніякім чынам не датычныя, у нас усё замяняе адна фігура — Лукашэнка. Я наўмысна не кажу „прэзыдэнт“, у дадзеным выпадку гэта проста Лукашэнка. Ён прызначае і потым робіць выгляд, што тыя з задачай ня справіліся. Вось і ўсё».

Зусім мала часу запатрабавалася, каб чарговым разам разьвеяць міт пра ўнікальнасьць беларускай эканамічнай мадэлі: яшчэ ў сярэдзіне сьнежня амэрыканская валюта каштавала 10880 рублёў, а не прайшло і месяца, як рубель абваліўся да 14310 за даляр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG