Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Лукашэнкі пытаньне палітвязьняў важнае таму, што яно пра ягоны прэстыж, і таму, што яно пра Беларусь, якой ён кіруе. Для Эўразьвязу яно важнае таму, што яно пра яго, Эўразьвязу, прэстыж, што для яго значна важней, чым Беларусь.

Падчас нядаўняга візыту ў Хойніцкі раён Аляксандар Лукашэнка ў чарговы раз паўтарыў сваю ўлюбёную мантру пра палітвязьняў: маўляў, хто такія, ведаць ня ведаю, ў нас і артыкулаў палітычных няма, ўсе сядзяць за крымінальныя злачынствы. Насамрэч гэтая дэмагогія мае ўжо сталы век, менавіта тое самае казалі савецкія і іншыя камуністычныя правадыры пра вязьняў сацыялістычных гулагаў.

Але Лукашэнку, відаць, вынаходніцтва вельмі падабаецца, на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі ён разыгрываў той жа спэктакль, адказваючы на пытаньне журналісткі з «Нашай нівы». Зразумела, тое чыстая гульня на публіку, наўрад ці сам прэзыдэнт ці, напрыклад, міністар Макей валяюць такім чынам дурня з заходнімі партнэрамі. Тым ня менш у інфармацыйнай плашчыні свае законы і байку пра «крымінальнікаў», мяркую, мы пачуем яшчэ ня раз. Між тым ёсьць адказ, які гэтую дэмагогію прыбівае.

Якія такія палітвязьні? А дакладна такія ж, якія былі ў 2008 годзе. Зараз палітычных артыкулаў няма? Дык і тады не было. Зьдзьвіжкоў, Дашкевіч, Клімаў, Парсюкевіч, нарэшце, Казулін былі банальнымі крымінальнікамі? Дык чаго ж іх тады вызвалялі да тэрміну? І хіба ўсе яны пісалі прашэньні пра памілаваньне? А ці можна паглядзець на прашэньне, напрыклад, Казуліна? Калі тады можна было вызваліць названых «крымінальнікаў», чаму немагчыма зараз? Можа прычыны таго ў беларускай улады і ёсьць, але яны абсалютна не зьвязаныя са статусам вязьняў, вызваленьня якіх дамагаецца Захад — гэты статус зараз дакладна такі ж, якім быў тады, да жніўня 2008 году.

Хаця ня выключана, што гэтыя пэрлы красамоўя — насамрэч падрыхтоўка свайго электарату якраз да хуткага вызваленьня палітвязьняў. Гэта, як бы то ні было, саступка і ёсьць жаданьне яе як мага лепш завуаляваць, падаць адпаведнае патрабаваньне, як дзіўны капрыз заходніх палітыкаў, а крок афіцыйнага Менску насустрач — як праяву незямной дабрыні кіраўніка дзяржавы.

Але застаецца праблема рэабілітацыі. Вызваленьне можна патлумачыць вярхоўнай дабрынёй і гуманнасьцю, рэабілітацыя — гэта прызнаньне невінаватасьці вязьняў ад пачатку, прызнаньне ў самым спрыяльным для ўладаў выпадку судовай памылкі. Тут захаваць твар значна больш складана, калі наагул магчыма.

Але і другі бок знаходзіцца дакладна ў такой жа сытуацыі. Тут ёсьць, зразумела, і маральная лёгіка — рэабілітацыя цяперашніх палітвязьняў дае пэўную гарантыю, што іх месца ў хуткім часе не зоймуць новыя. Але несувымерна большае значэньне мае тое, што Эўразьвяз паставіў на гэта свой прэстыж.

Эўразьвяз не заяўляў, напрыклад, што ня будзе мець ніякіх справаў з Масквой ці Пэкінам, пакуль тыя не вызваляць, скажам, Міхаіла Хадарокоўскага ці Лю Сяобо — ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру за 2010 год. Таму Эўропа без асаблівых пакутаў сумленьня і палітычных стратаў і можа падтрымліваць з РФ і КНР шчыльныя рабочыя стасункі, адно заклікаючы пры нагодзе да вызваленьня гэтых асобаў. Маглі і да беларускіх палітвязьняў паставіцца гэтак жа. Доўгая размова, чаму паставіўся інакш, але зараз гэта насамрэч другасна. А першасна — той факт, што паставіліся так, як паставіліся.

Варта сказаць, што беларускія палітыкі — прычым як з боку ўлады, так і з боку апазыцыі — часам не ўсьведамляюць практычна, што Эўразьвяз, ЗША, Расея вядуць глябальную палітыку. Вось у заяве Някляева-Мілінкевіча-Янукевіча ўтрымліваецца заклік да Эўропы скасаваць у аднабаковым парадку візы для беларусаў. Выдатная ідэя, але яе ініцыятарам, відаць, не прыходзіць у галаву, што зрабіўшы гэта, Эўразьвязу будзе надзвычай цяжка тлумачыць, ня толькі, скажам, Азэрбайджану і Расеі, але найперш Альжыру і Марока, чаму такі шчодры жэст ня робіцца ў адносінах да іх, і чым яны горшыя за Беларусь.

Сытуацыя зь беларускімі палітвязьнямі для Эўразьвязу ў нечым падобная. Паўтаруся, няважна ўжо насамрэч, чаму Брусэль палічыў патрэбным жорстка зьвязаць нармалізацыю стасункаў зь Менскам зь лёсам палітвязьняў. Але за паводзінамі ЭЗ глядзіць шмат уважлівых вачэй на ўсіх кантынэнтах. І калі раптам высьветліцца, што слова Эўразьвязу нядорага каштуе ў стасунках з краінай, пра існаваньне якой на тых кантынэнтах можа і не падазраюць, то для Эўразьвязу гэта можа мець непрыемныя наступствы ў самых нечаканых месцах плянэты. І наяўнасьць гэтага мэханізму ўраўноўвае стаўкі: для Лукашэнкі пытаньне важнае і таму, што яно пра ягоны прэстыж, і таму, што яно пра Беларусь, якой ён кіруе.

Для Эўразьвязу яно важнае таму, што яно пра яго, Эўразьвязу, прэстыж, што для яго значна важней, чым Беларусь.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG