Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даводзіцца штомесяц пазычаць каля ста рублёў — інакш ня выжывеш...»



У Беларусі ў гэтыя дні ў разгары выбарчая кампанія, але немагчыма сьцьвярджаць, што ў грамадзтве да яе колькі-небудзь значная цікавасьць. Вынікі верасьнёўскіх так званых «выбараў» загадзя ўсім добра вядомыя. Нашмат большую ўвагу і трывогу сярод большасьці людзей выклікае тое, што адбываецца ў беларускай эканоміцы і ўплывае на іхны штодзённы побыт.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Аляксей Былінскі з Рэчыцы піша:

«Ніхто сёньня ў беларускім кіраўніцтве не заклапочаны тым, чаму Беларусь у даўгах, а яе будучыня — у тумане. Чаму за мінулую пяцігодку ня выкананы ніводзін з асноўных паказьнікаў самімі ж уладамі зацьверджанай эканамічнай праграмы.

Перад маімі вачыма — тэлефонны даведнік прадпрыемстваў і ўстаноў Рэчыцы і Рэчыцкага раёну 1993 году выданьня. Цікава прайсьціся па тых адрасах. Дык вось, нават паводле самых павярхоўных падлікаў, больш за 70 працэнтаў прамысловых прадпрыемстваў за мінулыя 23 гады разваленыя. Сям-там захаваліся толькі ліквідацыйныя камісіі, якія існуюць за кошт здачы ў арэнду некалькіх памяшканьняў альбо рэшткаў маёмасьці. І нікога гэта не турбуе.

Паглядзіце, якія загалоўкі на першых старонках галоўных друкаваных выданьняў краіны. Бяру выпадковы нумар прэзыдэнцкай „Советской Белоруссии“. Галоўная падзея — „Фэстывальныя сюрпрызы. Славянскі базар у Віцебску“. Наступная газэта — абласная „Гомельская праўда“. Для яе галоўнае — „Пачынаецца фэстываль народнага гумару ў Аўцюках“. Не дзяржаўная палітыка, а нейкая мыльная бурбалка — такая ж яркая і такая ж пустая.

І ўсё ж у мяне ёсьць падставы для радасьці: не міне і 30 месяцаў, як гэтая бурбалка лопне, шматпакутны беларускі народ ачысьціцца ад гною і зажыве іншым жыцьцём», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Аляксей Былінскі з Рэчыцы.

Чаму спадар Аляксей адводзіць на радыкальныя перамены 30 месяцаў? Таму што, паводле ягоных разьлікаў, менавіта за гэты тэрмін беларускаму грамадзтву стане відавочна, што яго падманулі. Пасьля дэнамінацыі, як лічыць слухач, улады будуць індэксаваць заробкі ды пэнсіі, але не праіндэксуюць уклады. І праз 30 месяцаў сумы ўкладаў будуць увогуле абнуленыя — як гэта здарылася з укладамі празь некалькі гадоў пасьля дэнамінацыі 2000 году.

Нават калі гэтак і здарыцца, спадар Аляксей — адкуль у вас такое перакананьне, што большасьць беларускага грамадзтва будзе надта ўзрушана гэтым? Адкрываючы сёньня ўклады ў беларускіх рублях пад 20 працэнтаў гадавых, большасьць людзей выразна ўсьведамляе, чым рызыкуе. І мала хто разьлічвае на тое, што ў выніку магчымай чарговай дэвальвацыі нехта будзе кампэнсаваць яму страты. Высокі даход — гэта і ёсьць плата за рызыку.

Аўтар наступнага ліста Алесь Гагін са Смаргоні распавядае пра тое, як так званая «аптымізацыя» ў сыстэме сацыяльнай абароны адбілася на становішчы шараговых пэнсіянэраў ды інвалідаў. Слухач піша:

«Чыясьці дужа разумная галава ў Міністэрстве сацыяльнай абароны даўмелася выдаць загад пра скарачэньне сацыяльных работнікаў, якія дапамагалі пэнсіянэрам ды інвалідам. І ў якім становішчы мы ў выніку апынуліся? Вось, напрыклад, мне, інваліду другой групы, за лета трэба мінімум тройчы абкасіць свой прысядзібны ўчастак — 10 сотак. Раней, калі гэта выконваў сацыяльны работнік, плата была прымальная. Цяпер жа трэба зьвяртацца да камунальнікаў або да пабочных асобаў. Гэта і клопатна, і дорага. За адзін пакос мусіш выкласьці мінімум 300 тысяч рублёў (а гэта мільён за ўсё лета). Вось такія клопаты ўлады пра сацыяльна неабароненую частку насельніцтва. Пэнсіянэры ды інваліды абураныя, патрабуюць аднаўленьня ранейшага парадку. Ды толькі хто нас слухае?

...А яшчэ шмат гавораць пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Пэнсіянэры ж напачатку гэтаму ўзрадаваліся: думалі, раз скароціцца колькасьць пэнсіянэраў, дык ім адразу падвысяць пэнсіі. Ага, як жа, дачакаліся. Ніхто і не зьбіраецца іх падвышаць.

Здавалася б, гэтулькі крэдытаў набралі ў Расеі, Кітаі; хваляцца, што вытворчасьць разьвіваецца... А пэнсіі не растуць. Вось у мяне, інваліда 2-й групы, пэнсія 260 рублёў новымі. Даводзіцца штомесяц пазычаць каля ста рублёў — інакш ня выжывеш», —


— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Алесь Гагін са Смаргоні.

Пэнсійная сыстэма ў Беларусі такая, што памер пэнсіяў залежыць не ад таго, колькі грошай унёс у гэтую сыстэму на працягу жыцьця цяперашні пэнсіянэр, а толькі ад сёньняшняга стану эканомікі. А паколькі беларуская гаспадарка ў глыбокім заняпадзе і хуткага выйсьця з тупіку не прадбачыцца — спадзяваньні на высокія пэнсіі ў блізкай пэрспэктыве нічым не абгрунтаваныя.

Вядома, з сацыяльнай справядлівасьцю гэта мае мала агульнага. Калі б грамадзянін на працягу працоўнага жыцьця рабіў адлічэньні на будучую пэнсію на сваім асабістым рахунку — карціна была б зусім іншая. Але ўлада ўжо чвэрць стагодзьдзя не пагаджаецца на такую рэформу. Чаму? Ці не таму, што значная частка прывілеяваных слаёў (чыноўнікі і сілавікі) карыстаюцца льготамі, якія аплочваюцца з агульнай кішэні? На пэнсію яны выходзяць раней за іншых, а памер іхных пэнсіяў значна вышэйшы, чым у простых грамадзянаў. Калі б пэнсіі ім плацілі за кошт іхных асабістых адлічэньняў — сытуацыя кардынальна зьмянілася б.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG