Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раварыста Паліенку перавялі ў жодзінскае СІЗА


Дзьмітры Паліенка, 2013 год

Дзьмітры Паліенка, 2013 год

Затрыманага ўдзельніка заезду раварыстаў «Крытычная маса» Дзьмітрыя Паліенку перавялі ў СІЗА Жодзіна.

Раней яго ўтрымлівалі ў менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Раварыста падазраюць у гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да супрацоўніка ДАІ, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». Аднак пакуль невядома, ці было яму прадʼяўленае абвінавачаньне.

5 траўня пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы адносна назіральніка БХК Кірыла Кажэнава, які прысутнічаў на «Крытычнай масе». Суд перанесьлі на 11 траўня. Кажэнава вінавацяць у парушэньні правілаў дарожнага руху.

У сувязі з заявай удзельніка «Крытычнай масы» Максіміліяна Бойчанкі аб прыцягненьні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да адказнасьці будзе зроблены агляд месца здарэньня і дадатковы допыт.

Жорсткае затрыманьне ў Менску раварыстаў — удзельнікаў масавага заезду «Крытычная маса» адбылося ўвечары 29 красавіка. Амапаўцы затрымалі 6 чалавек, якіх моцна зьбілі і адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну.

Пазьней чацьвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэньні правілаў дарожнага руху і аказаньні супраціву супрацоўнікам міліцыі. Адносна двух распачатыя крымінальныя справы.

Раней бацька Дзьмітрыя Паліенкі Аляксандар сказаў карэспандэнту Свабоды, што ягоны сын не прызнае сябе вінаватым у гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі.

«Крытычная маса» — сустрэча ў адным месцы значнай колькасьці раварыстаў з далейшым арганізаваным рухам групы па горадзе. Першы сумесны заезд быў праведзены ў 1992 годзе ў Сан-Францыска. З таго часу рух стаў папулярны ў больш як 300 гарадах сьвету. Мэты «Крытычнай масы» — прасоўваньне ровара як транспарту, папулярызацыя здаровага ладу жыцьця, барацьба за правы раварыстаў на дарозе.

XS
SM
MD
LG