Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька затрыманага раварыста Паліенкі: Сын сябе вінаватым не прызнае


Дзьмітры Паліенка, фота 2013 году
Дзьмітры Паліенка, фота 2013 году

Актывіст Дзьмітрый Паліенка, які быў затрыманы 29 красавіка падчас спыненьня прабегу раварыстаў «Крытычная маса», зьмешчаны ў менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага.

«На гэтым тыдні яму зьбіраюцца выставіць абвінавачаньне ў аказаньні супраціву міліцыі, пагражае да 6 год зьняволеньня», — паведаміў карэспандэнту Свабоды бацька актывіста Аляксандар Паліенка.

Паводле Паліенкі-страшэйшага, ягоны сын не прызнае сябе вінаватым у гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі.

«Наколькі мне вядома, там адбылося вось што. Дзьмітрый ехаў на ровары ў складзе гэтай „Крытычнай масы“ і заступіўся за раварыста, якога спыніў супрацоўнік ДАІ. Нібыта той ужываў фізычную сілу адносна раварыста, а Дзьмітрый спрабаваў гэта спыніць, дапамагчы. Магчыма, спрабаваў адцягнуць. У міліцыянта, як той кажа, нібыта надарвалася куртка, і ён кажа, што быў супраціў. Вядуцца сьледчыя дзеяньні. Дзьмітрыя дапытвае сьледчы ў прысутнасьці адваката. Гэта ўсё, што я ведаю. Трымаецца ён добра, пра ўмовы ў СІЗА нічога не казаў», — паведаміў Аляксандар Паліенка.

29 красавіка ў Менску была затрыманая група раварыстаў, якія праводзілі акцыю «Крытычная маса», мэта якой — прадэманстраваць праблему непрыстасаванасьці вуліц гораду да роварнага руху. Паводле ДАІ, раварыстаў затрымалі таму, што яны ехалі па праежджай частцы дарогі і не адрэагавалі на загад ДАІ спыніць рух. Пасьля складаньня пратаколаў аб адміністрацыйным парушэньні большасьць затрыманых вызвалілі, але Дзьмітрыя Паліенку і Станіслава Канавалава зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Стала вядома, што ім пагражаюць крымінальныя справы паводле артыкулу аб супраціве міліцыянтам. 30 красавіка Станіслава Канавалава вызвалілі з ІЧУ пад падпіску, абвінавачаньне яму яшчэ не выстаўленае.

Дзьмітрый Паліенка ў красавіку быў завочна аштрафаваны за ўдзел у пікеце супраць аб’яднаньня Расеі і Беларусі, які прайшоў 2 красавіка каля амбасады Расеі ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG