Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе разглядаюць справу пра незаконнае паляваньне ў зоне радыяцыйнага адсяленьня


Суд Добрускага раёну разглядае крымінальную справу пра незаконнае паляваньне ў зоне радыяцыйнага адсяленьня Веткаўскага раёну. Адказчыкамі па справе выступаюць егер Веткаўскага спэцлясгасу і яго сын, былы намесьнік начальніка міжраённай дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага й расьліннага сьвету.

Іх абвінавачваюць у незаконным паляваньні з выкарыстаньнем транспарту і нанясеньні шкоды ў асабліва буйным памеры, а таксама ў незаконным захоўваньні боезапасаў.

У сьнежні мінулага году супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі затрымалі каля двух дзясяткаў заўзятых паляўнічых. Гэта былі адказныя супрацоўнікі Гомельскіх абласной і міжраённай дзяржаўных інспэкцыяў аховы жывёльнага й расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, міліцянты з Гомеля і Веткі, некаторыя цывільныя асобы. Разам яны палявалі ў радыяцыйнай зоне блізу вёскі Жалезьнікі нібыта на дзікоў — дзеля абмежаваньня іх колькасьці, каб тыя не разносілі небясьпечны вірус афрыканскай чумы сьвіней. Аднак забілі чамусьці і асьвежавалі 4 ласёў.

Сума шкоды, нанесенай навакольнаму асяродзьдзю, склала 540 мільёнаў рублёў.

У аднаго з браканьераў падчас ператрусу сканфіскавалі 8 паляўнічых стрэльбаў, 4 карабіны, пнэўматычную вінтоўку і звыш 300 патронаў да наразной зброі. Знойдзены таксама мэталёвыя «вожыкі» — дробныя канструкцыі з кавалкаў арматуры, каб раскідваць за сабой на дарозе на выпадак перасьледу.

Затрыманьне мела розгалас. У дачыненьні да трох супрацоўнікаў Дзяржінспэкцыі жывёльнага і расьліннага сьвету, пяці супрацоўнікаў УУС Гомельскага аблвыканкаму і егера Веткаўскага спэцлясгасу былі распачаты крымінальныя справы. Аднак крымінальны перасьлед у дачыненьні да бальшыні ўдзельнікаў незаконнага паляваньня быў спынены па амністыі — яны сплацілі нанесеную прыродзе шкоду. Справа яшчэ аднаго браканьнера вылучана ў асобную вытворчасьць з-за хваробы.

У выніку на лаве падсудных засталіся толькі егер ды ягоны сын, які на час незаконнага паляваньня займаў пасаду намесьніка начальніка Гомельскай міжраённай дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага й расьліннага сьвету. Яны прызнаны сьледзтвам арганізатарамі «сафары» ў радыяцыйнай зоне і будуць адказваць таксама за незаконнае захоўваньне баявых патронаў. Апроч таго, сын егера абвінавачваецца ў злосным хуліганцтве — ен зламаў сківіцу непаўнагадоваму падчас бойкі ў вясковым клюбе.

Прадстаўніца пракуратуры, якая падтрымлівае абвінавачваньне ў судзе, прасіла даць егеру шэсьць гадоў пазбаўленьня волі, а яго сыну, былому намесьніку міжраённай дзяржаўнай інспэкцыі, шэсьць з паловай гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і прымяненьнем амністыі на год. Знойдзеную падчас ператрусу зброю і аўтамашыну «УАЗ» з блатным нумарам «Сярога» прапанавана канфіскаваць у даход дзяржавы.

Цікава, што ўдзельнікі незаконнага паляваньня, у тым ліку былы начальнік ДАІ Веткаўскага РАУС, супрацоўнікі абласной дзяржаўтаінспэкцыі, выступаюць у судзе сьведкамі.

Прысуд па крымінальнай справе мае выць вынесены ў лістападзе.

XS
SM
MD
LG