Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Пальчыса: як працуе беларуская адліга


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

28 кастрычніка быў абнародаваны прысуд па справе блогера Эдуарда Пальчыса — год і 9 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя установы. У прастамоўі — «хімія», асуджаны быў вызвалены ў зале суда ў свой дзень нараджэньня.

Самым інтрыгуючым ў справе Пальчыса было адрозьненьне паміж тым, што прасіў пракурор, і прысудам. Раней у Беларусі па справах з палітычнай подбіўкай бывалі прысуды суровыя, бывалі мякчэйшыя, аднак не бывала, каб пракурор прасіў абвінавачанага рэальна пасадзіць, а суд не саджаў.

Прысуд блогеру ўпісваецца ў агульную палітычную лінію апошняга году.

У цэлым прысуд блогеру ўпісваецца ў агульную палітычную лінію апошняга году, ва ўмовы нефармальнага джэнтэльмэнскага пагадненьня паміж беларускай ўладай і Эўразьвязам — палітвязьняў, прынамсі, гучных палітвязняў у Беларусі быць не павінна. Удзельнікаў хоць і не занадта шматлюдных, але даволі частых вулічных палітычных акцыяў за апошні год не саджалі. Штрафавалі, маёмасьць апісвалі, але не саджалі.

Два тыдні таму тэрмін з адтэрміноўкай прысуду (гэта значыць ізноў жа без пазбаўленьня волі) атрымаў фігурант яшчэ адной справы з палітычнай подбіўкай — Дзьмітры Паліенка.

Не павінна быць палітвязьняў — дык не павінна.

Вынесем за дужкі пытаньне аб тым, па які бок мяжы паміж рэзкай палітычнай крытыкай і мовай нянавісьці знаходзіліся тэксты Пальчыса. Беларускія праваабаронцы кваліфікавалі яго падчас папярэдняга сьледзтва і суду як палітвязьня, гэта значыць палічылі, што яго публіцыстыка — гэта ўсё ж вострая крытыка, а не распальваньне варожасьці. Да аргумэнтаў беларускіх праваабаронцаў прыслухаліся і іх калегі з міжнародных праваабарончых арганізацыяў. З гэтага беларускія ўлады пры прыняцьці рашэньня і зыходзілі.

Безумоўна, прымаліся пад увагу і іншыя аспэкты справы. Вастрыня інвэктываў блогера Пальчыса было накіраваная ня на беларускія, а на расейскія ўлады, на расейскую палітыку ў мінулым і сучаснасьці. Аднак расейскія ўлады невыпадкова, арыштаваўшы Пальчыса, перадалі яго Беларусі. Маглі і самі судзіць і асудзіць. Яго справа апынулася своеасаблівым тэстам — наколькі Менск гатовы ўлічваць, адстойваць інтарэсы Расеі, абараняць яе ад крыўдаў.

Ну, як паказаў працэс і прысуд, да пэўнай ступені гатовы — Пальчыса правёў за кратамі агулам 9 месяцаў, што зусім ня мёд, суд прызнаў яго вінаватым. Але менавіта да пэўнай ступені, прынцып — палітвязьняў быць не павінна — спрацаваў і ў гэтым выпадку.

Магчыма, лёс Пальчыса была вырашаны, і, зразумела, не юрыстамі, у апошні момант.

Прычым, у дадзеным выпадку, мяркуючы па ўсім, не без барацьбы. Аб чым сьведчыць патрабаваньне пракурора, агучанае 26 кастрычніка, ўсё ж пасадзіць блогера на рэальны тэрмін. Магчыма, лёс Пальчыса была вырашаны, і, зразумела, не юрыстамі, у апошні момант.

У артыкуле «Гамбіт Эўропы — Беларусь бяз санкцый» у лютым я пісаў: «Санкцыі, па ідэі, павінны былі падахвочваць беларускія ўлады паводзіць сябе больш-менш прыстойна дзеля адмены санкцый ці дзеля іх непашырэньня. Зараз да прыстойнасьці будуць заахвочваць пазытыўныя стаўкі, іншымі словамі, мяркуецца, што ўмоўныя «галубы» у беларускім кіраўніцтве будуць казаць умоўным «каршакам»: «Вы там акуратней, а то ў нас тут крэдыт ЭБРР намячаецца, эўрабонды зьбіраемся разьмясьціць, прэзыдэнт з візытам у Брусэль едзе, а вы сваімі дубінкамі ня толькі па галовах крамольнікаў, але і па гэтых важных дзяржаўных інтарэсах лупіце».

Хто менавіта каму менавіта казаў нешта падобнае ў сувязі з пажаданьнямі пракурора ў справе Пальчыса — ня буду будаваць гіпотэз. Але хутчэй за ўсё дзіўныя рознагалосьсі паміж пракурорам і судом у гэтай справе тлумачацца рознагалосьсямі зусім не паміж імі.

Ці ж гэта такі спэктакль для адчувальнай заходняй публікі: маўляў, бачыце, якія тытанічныя бітвы даводзіцца весьці «галубам» у беларускай улады для выкананьня нашай з вамі зьдзелкі.

Напал гэтай барацьбы — сапраўднай або ўяўнай — выгадна зацяняе то немудрагелістае меркаваньне, што ў дэмакратычных краінах за словы наогул не судзяць. Ну дык тое ў дэмакратычных...

Новыя парадкі — гэта адліга, а не вясна і ня лета, не кардынальныя зьмены, а паслабленьні, дадзеныя вярхоўнай уладай.

Але, як ужо адзначалася многімі, новыя парадкі — гэта адліга, а не вясна і ня лета, не кардынальныя зьмены, а паслабленьні, дадзеныя вярхоўнай уладай. Якія так жа лёгка могуць быць і адабраныя.

Зь якіх прычынаў? Уяўляецца, што, як ні дзіўна, зьнешнія прычыны, якія могуць прывесьці да гэтага, другасныя.

Вядома, беларускай уладзе будзе крыўдна, калі ўзнагароджаньне за яе больш ці менш прыстойныя паводзіны ня будзе мець рэальнага грашовага вымярэньня. Але ліквідацыя ізаляцыі, кантакты, палітычная процівага любімаму саюзьніку — таксама актывы, хай і не вымяральныя наўпрост у грошах. Іншымі словамі, уяўляецца сумнеўным, што беларуская ўлада зладзіць палітычныя замаразкі толькі таму, што Захад акажацца не надта шчодрым.

Гэтак жа малаверагодным уяўляецца, што замаразкаў у Беларусі запатрабуе і даможацца Масква. Яна можа шмат чаго запатрабаваць і таго-сяго з гэтага дамагчыся, але палітычны клімат у саюзьніка яе па вялікім рахунку мала цікавіць. Напэўна, камусьці ў Маскве было б прыемна, калі б такі «прыхільнік» Расеі, як Пальчыс, адправіўся з залі суду не дадому, а на зону. Але не настолькі, каб рабіць дзеля гэтага колькі-небудзь сур’ёзныя намаганьні. Ну а ўжо спосабы, якімі беларуская ўлада разьбіраецца дома зь яе, а не Расеі, нядобразычліўцамі, Расею наогул не займаюць.

Паслабленьні ня выклікалі сур’ёзнага пашырэньня грамадзянскай актыўнасьці.

А вось з ўнутранымі фактарамі справа іншая. У акцыях салідарнасьці каля будынку суду, дзе судзілі Пальчыса, удзельнічалі пару дзесяткаў чалавек. Акцыі пратэсту зьбіраюць некалькі сотняў, але не больш за тое. Іншымі словамі, паслабленьні ня выклікалі сур’ёзнага пашырэньня грамадзянскай актыўнасьці. Што робіць больш верагодным далейшыя паслабленьні.

Яны, дарэчы, не абавязкова саслабляюць сыстэму ў цэлым. Маюць звычай выбухаць катлы з старанна залітаваныя выхадамі. Сыстэма з мэханізмамі страўліваньня пары на самай справе больш устойлівыя.

Як толькі ўладзе здасца, што яна губляе кантроль, менавіта тады можна чакаць згортваньня цяперашняй лібэралізацыі.

Зрэшты, улада, хутчэй за ўсё, апэруе менш філязофскімі меркаваньнямі. Як толькі ёй здасца, што яна губляе кантроль, менавіта тады можна чакаць згортваньня цяперашняй лібэралізацыі. Тады, дарэчы, і ўмоўным «каршакам» у кіраўніцтве будзе што сказаць паважаным апанэнтам: «Ну што — даскакаліся са сваім лібэралізмам, распусьцілі народ, забыліся, як пры Гарбачове было?».

Можа і так быць. Але такі варыянт — не адзіны. Магчыма і праўда паслабленьні прывядуць і да большай свабоды, і да большай устойлівасьці.

Пры гэтым варта нагадаць, што гэтыя варыянты спароджаныя той самай зьдзелкай паміж Менскам і Захадам.

А, дарэчы, калі б не было яе — сядзеў бы яшчэ доўга Эдуард Пальчыс.

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG