Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадзенцы патрабуюць ад міністра Жураўкова не абмяжоўваць навучаньне на польскай мове


© Shutterstock

© Shutterstock

1057 подпісаў паставілі гарадзенцы пад лістом да міністра адукацыі Беларусі Міхаіла Жураўкова з патрабаваньнем абараніць у іхнім горадзе польскамоўнае навучаньне ў школах і садках. Подпісы паставілі ня толькі палякі, але і людзі іншых нацыянальнасьцяў.

Збор подпісаў у абарону навучаньня на польскай мове арганізавала старшыня Рады непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс у межах акцыі «Вучымся польскай мове». Паводле Борыс, апошнім часам гарадзенскія ўлады розным чынам імкнуцца абмежаваць вывучэньне польскай мовы ў школах і садках.

Анжаліка Борыс

Анжаліка Борыс

«Факты гавораць самі за сябе. У дзіцячым садку № 83 зьліквідавалі групу з польскай мовай навучаньня, нягледзячы на тое, што бацькі зьвярталіся да ўладаў, — распавядае Борыс. — У адзінай школе з польскай мовай навучаньня штучна абмяжоўваюць колькасьць першых клясаў: ахвотных шмат, але ўсіх не прымаюць з-за таго, што нібыта няма месцаў. Летась у Ваўкавыску таксама не задаволілі просьбы ўсіх бацькоў адкрыць у польскамоўнай школе дадатковыя першыя клясы. Думаю, што тая ж гісторыя паўторыцца і сёлета».

Паводле Борыс, гарадзенскія ўлады арыентуюцца толькі на палякаў, якія жывуць у Горадні, а ў школы з польскай мовай навучаньня ахвотна аддаюць сваіх дзетак і беларусы, а таксама бацькі іншых нацыянальнасьцяў. Борыс кажа, што нельга дзяліць у такім выпадку людзей па нацыянальнасьцях: калі людзі жадаюць, каб іх дзеці вучыліся на польскай мове, то ўлады павінны задаволіць іх жаданьні.

«У 1996 годзе, калі адчынялі польскую школу ў Горадні, то на ўзроўні прэм’ер-міністра было заяўлена, што другую школу з польскай мовай навучаньня пабудуюць на беларускія грошы. Аднак абяцаньні засталіся абяцаньнямі, і пра гэта цяпер ужо ніхто ня ўзгадвае», — кажа Борыс.

У Ваўкавыску старшыня мясцовага аддзяленьня непрызнаванага Саюзу палякаў пані Марына кажа, што летась у школу з польскай мовай навучаньня не прынялі 12 вучняў. Адкрываць дадатковую першую клясу адмовіліся на падставе таго, што гэта забараняе санэпідэмстанцыя — маўляў, школа павінна працаваць у адну зьмену.

Шыльда на школе № 8 у Ваўкавыску

Шыльда на школе № 8 у Ваўкавыску

«Сёлета сытуацыя паўтараецца, бо ў дзьве першыя клясы набіраюць толькі па 18 вучняў, а ахвотных ёсьць яшчэ на некалькі клясаў. У Ваўкавыску толькі адна польская школа, і астатнія дзеці папросту нідзе ня змогуць навучацца па-польску», — кажа пані Марына.

Ігар Банцар — адзін з тых бацькоў, хто дамагаўся, каб у гарадзенскім садку № 83 існавала група з польскай мовай навучаньня. Ён кажа, што на пачатку 90-х гадоў падобная група існавала ў гэтым садку. Бацькі хацелі яе аднавіць, але адміністрацыя садку на гэта не пайшла, спаслаўшыся на розныя фармальныя прычыны.

Ігар Банцар

Ігар Банцар

«Я асабіста і многія іншыя бацькі размаўлялі з кіраўніцтвам садку наконт таго, каб існавала група з польскай мовай навучаньня, але яны на месцы нічога самі не вырашаюць. Казалі нам, што няма выхавацеляў, адмысловай праграмы і г.д. Тады мы напісалі ліст у Ленінскае РАНА, а нам адтуль прыйшоў адказ, дзе таксама толькі фармальныя прычыны пра тыя ж адмысловыя праграмы і выхавацеляў. Але з гэтага ўсяго вынікае, што там не прыслухоўваюцца да просьбаў бацькоў», — лічыць Банцар.

Актывіст СПБ Андрэй Пачобут сёлета напісаў заяву ў польскую школу, каб ягонае дзіця прынялі ў першую клясу. Кажа, што прастаяў у чарзе зь іншымі бацькамі ўсю ноч, каб аддаць гэтую заяву адміністрацыі школы.

«Заяву я аднёс. Праўда, вынікаў пакуль ня ведаю, бо ахвотных больш, чым будзе месцаў у першай клясе. Сам факт сьведчыць, што праблема існуе, насамрэч нестае месцаў для ўсіх ахвотных. Ведаю, што многія бацькі, даведаўшыся, што трэба стаяць у чарзе ўсю ноч, не панесьлі заявы наагул, хоць і жадаюць, каб іх дзеці навучаліся ў польскай школе», — кажа Пачобут.

Кіраўнік непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Мечыслаў Яськевіч сказаў Свабодзе, што праблема гэтая ўжо ня новая, але вырашаць яе ніхто ня хоча:

Мечыслаў Яськевіч

Мечыслаў Яськевіч

«Мы ўсе тут грамадзяне Беларусі і маем канстытуцыйнае права на тое, каб нашы дзеці навучаліся на мове сваіх продкаў. Законы Беларусі гэта дазваляюць, але ў нашай справе відавочна, што закон наўмысна парушаецца».

Анжаліка Борыс сказала Свабодзе, што перад тым як адправіць ліст да міністра Жураўкова, асабіста спраўдзіла ўсе подпісы бацькоў. Паводле яе, кожны вельмі выразна напісаў сваё прозьвішча і хатні адрас. Гэта, на думку спадарыні Борыс, сьведчыць пра тое, што гэтая праблема бацькоў насамрэч турбуе і яны не баяцца пад гэтым падпісацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG