Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль ёсьць сьцяг, ёсьць мы» — у цэнтры Менску зьбіраюць подпісы за вяртаньне нацыянальнай сымболікі


Сёньня а 12-й гадзіне каля «Цэнтральнага» ўнівэрсаму ў Менску распачаўся пікет па зборы подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Не абышлося бяз спрэчак зь мінакамі і складаньня пратаколаў на ўдзельнікаў.

Арганізатар акцыі, лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч, падкрэсьліў, што сёньняшняе мерапрыемства — ягоная «ўласная ініцыятыва». Яшчэ да пачатку Дашкевіч паведаміў у Фэйсбуку: у двары ягонага дому дзяжураць асобы ў цывільным, аднак пагрозаў затрыманьня не было. 24 верасьня лідэр МФ таксама плянаваў пікет, але быў прэвэнтыўна затрыманы ў раёне Камароўскага рынку.

Сёньня Дашкевіч прынёс на пікет банэр з заклікам ставіць подпісы за вяртаньне бел-чырвона-белага сьцяга. Ужо праз 10 хвілін зьявіўся міліцыянт у форме і склаў на Дашкевіча адміністрацыйны пратакол.

Неўзабаве да акцыі далучыліся актывісты і палітыкі. Кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка, былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, мастак Аляксей Марачкін ды іншыя прыйшлі на пікет, каб пакінуць свае подпісы.

«Мы яшчэ не сфарміраваліся канчаткова як нацыя, пакуль не жывём пад нацыянальнымі сымбалямі, — кажа Марачкін, — Мы мусім вярнуць бел-чырвона-белы сьцяг, бо пакуль ёсьць ён, ёсьць мы. Менавіта таму я цяпер тут».

Дзясятак чалавек са сьцягамі на ўваходзе ў мэтро непазьбежна прыцягваюць увагу мінакоў.

«Мы падпісаліся, бо нам падабаецца гістарычны сьцяг проста з эстэтычнага пункту гледжаньня», — тлумачаць дзяўчаты, якія праходзілі міма. У кожнай на заплечніку па стужцы зь беларускім арнамэнтам.

Міліцыянт тым часам складае пратакол на маладую сямʼю з маленькім дзіцём.

«У жонкі дзень народзінаў, і мы вырашылі адсьвяткаваць вось такім чынам — зь бел-чырвона-белым сьцягам у руках. Цяпер атрымаем за гэта штраф, хаця ў нас сёньня сьвяточны дзень і мы нічога не зьбіраліся парушаць...» — разгублена камэнтуе мужчына.

Пажылая пара незадаволена пазірае:

— Зьнікніце адсюль! — кідае жанчына ў бок пікетоўцаў.

— Самі зьнікнеце! Не падабаецца — зьяжджайце ў Маскву! — гучна парыруе рэжысэрка Вольга Мікалайчык.

Як зазвычай, людзі ў цывільным вялі апэратыўную здымку. Усьміхаючыся паміж сабой, час ад часу яны выдавалі зьняважлівыя камэнтары. У прысутнасьці карэспандэнта Радыё Свабода Вольга Мікалайчык уступіла ў дыскусію з праваахоўнікамі, каб патлумачыць свае меркаваньне наконт сымболікі.

— Варʼятка, ідзі рабі сваю справу! — зьвярнуўся да Мікалайчык міліцыянт.

«Фактычна за паўгадзіны пікету мы сабралі дзясяткі подпісаў, а колькі было сабрана за мінулы тыдзень у розных кропках гораду — нават цяжка падлічыць. Нягледзячы на тое, што сёньня ўжо былі складзены як мінімум тры пратаколы, каля „Цэнтральнага“ мы будзем стаяць да вечара», — апавёў Свабодзе Зьміцер Дашкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG