Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін падпісаў законы пра неданясеньне і татальнае праслухоўваньне


Фота: ТАСС

Фота: ТАСС

Уладзімер Пуцін падпісаў 8 ліпеня законы з так званага «пакету Яравой», раней прынятыя Дзярждумай і зацьверджаныя Саветам фэдэрацыі, паведамляе ТАСС.

Прынятыя папраўкі робяць значна больш жорсткімі цэлы шэраг законаў і абмяжоўваюць правы, гарантаваныя расейскім грамадзянам Канстытуцыяй.

Павышаюцца тэрміны і штрафы па некалькіх артыкулах, павялічваецца адказнасьць за заклікі да тэрарыстычнай дзейнасьці і апраўданьне тэрарызму ў інтэрнэце. Укараняецца шэраг забаронаў на місіянэрскую дзейнасьць. Па справах аб тэрарызьме зьніжаны ўзрост прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці да 14 гадоў. У крымінальны кодэкс уводзіцца артыкул аб неданясеньні.

«Пакет Яравой» таксама абавязвае апэратараў сувязі захоўваць тэлефанаваньні і перапіску кліентаў на працягу паўгода і падаваць іх праваахоўным органам — фактычна легалізуецца татальнае праслухоўваньне.

Разам з падпісаньнем «пакету Яравой» Пуцін даў ураду даручэньні сачыць за выкананьнем законаў, каб «мінімізаваць магчымыя рызыкі, зьвязаныя з выкарыстаньнем айчыннага абсталяваньня для захоўваньня зьвестак».

Апэратары сувязі, расейскія няўрадавыя арганізацыі і актывісты папярэджвалі, што нормы «пакету Яравой» у галіне праслухоўваньня і захоўваньня зьвестак патрабуюць нерэальных грашовых выдаткаў у мільярды даляраў на год.

XS
SM
MD
LG