Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падгол выйшаў з БНФ. Янукевіч: Гэта было непазьбежна


Уладзімер Падгол з нагамі, якімі ён прапаноўваў галасаваць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў

Уладзімер Падгол з нагамі, якімі ён прапаноўваў галасаваць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў

Былы кандыдат у дэпутаты Ўладзімер Падгол заявіў пра выхад з Партыі БНФ. Прычынай, паводле ягоных словаў, стала «акцыя асуджэньня ягоных публічных выступаў падчас выбараў на Сойме некаторымі сябрамі БНФ і падтрымка гэтых асуджэньняў кіраўніком партыі Аляксеем Янукевічам».

У адкрытым лісьце, які распаўсюдзіў Падгол, гаворыцца, што на Сойме Партыі БНФ, які адбыўся 8 верасьня, нечакана прагучала крытыка ягоных акцыяў і публічных выступаў, а «Аляксей Янукевіч зазначыў, што трэба яшчэ пільна паглядзець, чаго для БНФ было больш ад гэтых выступаў — плюсаў ці мінусаў».

Таксама Падгол піша, што на Сойме «гучалі абвінавачваньні ў сыстэматычным выкарыстаньні на тэлевыступах і ў пікетах сьцяга ЗША. Аргумэнты былі такія: нашы бізнэсоўцы, пабачыўшы сьцяг ЗША ў прадстаўнікоў БНФ, не дадуць нам грошай».

Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што сыход Уладзімера Падгола з партыі — нэгатыўная, але прагназаваная падзея:

«Нэгатыўны і сам факт выхаду Ўладзімера Падгола з Партыі БНФ, і тое, у якой форме і зь якім пасылам ён гэта робіць. Аднак у мяне было разуменьне, што гэта можа адбыцца — спадар Падгол ёсьць асобай, якой цяжка ўтрымлівацца ня толькі ў межах партыйнай лініі, але і ў рамках здаровага сэнсу».

Янукевіч адзначыў, што на Сойме адбывалася шчырая размова, і самая вострая крытыка гучала ў бок кіраўніцтва Партыі, а ня ў бок асобных кандыдатаў. Старшыня Партыі БНФ дадаў, што выбарчую кампанію Падгола ацэньвае як «яркую»:

«Парлямэнцкая кампанія Ўладзімера Падгола была яркая. Я гэта ацэньваў пазытыўна. Ні я, ні іншыя сябры Партыі БНФ не выказвалі яму публічных заўвагаў. Аднак на Сойме 8 кастрычніка такія заўвагі прагучалі, хоць нейкага адмысловага цкаваньня ў дачыненьні да асобы Падгола не было і блізка. Выказвалася вострая крытыка ў бок кіраўніцтва Партыі БНФ, крытыкавалі і Падгола. Лічу, гэта абсалютна нармальна, калі пасьля кампаніі адбываецца шчырая размова, падчас якой аднапартыйцы крытыкуюць адно аднаго. Спадар Падгол абвінавачвае Сойм у панаваньні духу ЦК КПСС, аднак сваімі дзеяньнямі сам сьведчыць, што дэмакратычныя працэсы непрымальныя якраз для яго».

Кандыдат у дэпутаты Ўладзімер Падгол дэманструе фота будучай дэпутаткі Ірыны Дарафеевай падчас тэледэбатаў

Кандыдат у дэпутаты Ўладзімер Падгол дэманструе фота будучай дэпутаткі Ірыны Дарафеевай падчас тэледэбатаў

Камэнтуючы словы Падгола пра сьцяг ЗША, які той актыўна выкарыстоўвае на пікетах, Янукевіч сказаў, што Партыя БНФ не вітае неабгрунтаванае выкарыстаньне любых сьцягоў, апроч бел-чырвона-белых:

«Уладзімер Падгол сьцьвярджае, што Партыя БНФ не падтрымала выкарыстаньня ім на пікетах амэрыканскага сьцяга. Я магу сказаць, што Партыя БНФ была і ёсьць партыяй абароны беларускіх інтарэсаў, таму большасьць сябраў Сойму, і я асабіста, лічым недарэчным сыстэматычнае неабгрунтаванае выкарыстаньне сьцягоў любой краіны, калі гэта не зьвязана з выказваньнем салідарнасьці, спачуваньня ці падтрымкі. Пры гэтым Партыя БНФ застаецца безумоўным прыхільнікам эўраатлянтычнай інтэграцыі. Спадзяюся, што Ўладзімер Падгол, ужо ня будучы сябрам Партыі БНФ, сваімі экспэрымэнтальнымі і экзальтаванымі мэтадамі таксама будзе працаваць на прамоцыю такога шляху для Беларусі».

Уладзімер Падгол падчас выбарчай кампаніі запомніўся і незвычайным тэлевыступам — у шаломе танкіста, бронекамізэльцы і з «кулямі для прэзыдэнта», — і шэрагам вулічных акцыяў супольна зь іншым кандыдатам ад БНФ, Алесем Таўстыкам: з забінтаванымі галовамі, з кулямі, з вулічнымі «званкамі Лукашэнку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG