Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімер Падгол: Заклікаю вас, спадар Лукашэнка, увядзіце як мага хутчэй наркакантроль на мяжы з Расеяй


Уладзімер Падгол

Уладзімер Падгол

Дацэнт, кандыдат філязофскіх навук Уладзімер Падгол 8 cакавіка зьвярнуўся зь лістом да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, каб той усталяваў наркакантроль на мяжы з Расеяй.

«Матывацыяй майго ліста стала паведамленьне на прэзыдэнцкім тэлеканале АНТ пра адсутнасьць наркакантролю на мяжы з Расеяй ды той факт, што падчас судовай справы над наркабандай стала вядома пра сыстэмны наркатрафік з Масквы», — распавёў карэспандэнту Свабоды Ўладзімер Падгол.

На гэты ліст ужо 10 сакавіка даслаў адказ намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб спадар Побаль. У ім паведамляецца, што электронны зварот, які паступіў у Адміністрацыю прэзыдэнта, накіраваны Міністэрству ўнутраных спраў «з даручэньнем паведаміць пра вынікі разгляду».

Уладзімер Падгол адзначае, што пісаў асабіста Лукашэнку, а не ў Адміністрацыю:

«Хто фільтруе лісты да Лукашэнкі і пазбаўляе яго магчымасьці ведаць пра звароты грамадзянаў аб дзяржаўна важных пытаньнях і, адпаведна, пра сытуацыю ў рэспубліцы? Які прафэсійны ўзровень фільтравальшчыкаў Адміністрацыі прэзыдэнта, што яны ліст пра праблему мяжы дасылаюць у МУС? Калі ўжо і футболіць ліст аб праблемах мяжы, тады трэба было дасылаць яго ў Памежны камітэт, Мытны камітэт, КДБ, Раду дзяржбясьпекі. Хто кіруе нашай краінай? Відаць, шмат хто бачыў, як Аляксандар Лукашэнка падпісвае дакумэнт аб ахове дзяржаўнай мяжы. У сваім лісьце я стаўлю пытаньні аб ахове нашай мяжы. Хто адціскае функцыю Аляксандра Лукашэнкі кіраваць рэспублікай? У сваім лісьце я пісаў пра тое, што ёсьць кадры, якія маюць свой інтарэс, каб наркотыкі бесьперашкодна ішлі ў Беларусь. Запуск майго ліста з Адміністрацыі прэзыдэнта ў МУС — гэта якраз спроба завалакіціць праблему. Бо прадбачу адказ з МУС, што яны ня маюць дачыненьня да мяжы. І правільна зробяць.

Дык што, у Адміністрацыі прэзыдэнта працуюць кадры, якія зацікаўленыя ў адсутнасьці наркакантролю на мяжы з Расеяй?»

Не задаволены адказам з Адміністрацыі прэзыдэнта, Уладзімер Падгол зьвярнуўся зь лістом да старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, якому задае наступныя пытаньні:

«Ці ня лічыце вы неабходным разабрацца з кадрамі Адміністрацыі прэзыдэнта, якія важную праблему абароны Беларусі ад наркатрафіку з Расеі спрабуюць завалакіціць і заблякаваць? Ці ня лічыце вы неабходным разабрацца з тымі, хто фільтруе інфармацыю па праблемах нацыянальнай бясьпекі да кіраўніка дзяржавы? Урэшце, ці не жадаеце ініцыяваць перад Аляксандрам Лукашэнкам увядзеньне наркакантролю на мяжы з Расеяй?»

Падставай для зваротаў Ўладзімера Падгола да кіраўніцтва краіны сталі заявы карэспандэнта ў перадачы АНТ «Контуры» пра тое, што «амаль усе наркотыкі прыходзяць з усходу, надгляду на мяжы няма».

Паводле Падгола, падчас перадачы «не прагучала ніводнага слова ад міністра ўнутраных спраў Шуневіча, які браў удзел у перадачы, і вядоўцы пра аналіз такой сытуацыі, пра намеры ці неабходнасьць абараніць Беларусь ад расейскага наркатрафіку».

«Толькі чутно, што лятучыя атрады мытнікаў ловяць на неіснуючай мяжы з Расеяй рыбу — за тое, што перасолена ці недасолена, садавіну, гародніну, сыры зь перавышанай доляй кансэрвантаў... А наркотыкі з Расеі бесьперашкодна едуць», — піша да Лукашэнкі і старшыні КДБ Уладзімер Падгол.

У Менскім гарадзкім судзе разглядаецца цяпер адна з самых маштабных спраў аб наркотыках у гісторыі Беларусі. На лаве 17 падсудных, у тым ліку два былыя супрацоўнікі КДБ і былы супрацоўнік міліцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG