Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падаткавікі прапануюць амністыю за інфармацыю пра заробкі ў канвэртах


Згодна з праектам указу, калі грамадзянін паведаміць, што атрымлівае заробак у канвэрце або прадаставіць дакумэнты, якія сьведчаць аб прыкметах такога парушэньня, то плаціць падаходны падатак з шэрых сум яму не давядзецца.

Яшчэ адна ўмова такой падатковай «амністыі» — наўянасьць пісьмовай згоды на дачу паказаньняў сьведкі.

Таксама праектам указу прадугледжана, што пра факты атрыманьня заробку ў канвэрце можна будзе паведаміць у падатковыя органы, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама ў «Белдзяржстрах». Сюды ж неабходна будзе прадставіць згоду на дачу паказаньняў сьведкі.

У межах сваёй кампэтэнцыі падаткавікі, ФСАН, «Белдзяржстрах» будуць прымаць меры для пацьверджаньня факту выплаты заробку ў канвэрце. Калі спатрэбяцца дадатковыя праверкі, то імі зоймуцца органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю і Міністэрства ўнутраных спраў.

Працадаўцы, віна якіх будзе даказаная, будуць несьці адказнасць. Прадугледжаныя штрафы ад 1 да 100 базавых велічынь (цяпер адна базавая складае Br180 тыс.). За паўторнае парушэньне цягам году штрафы падвойваюцца.

Праект указу «Аб мерах па прадухіленьні выплаты ўзнагароджаньня за працу з ухіленьнем ад выплаты падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў» будзе ўнесены ва ўрад у бліжэйшы час, паваедамілі БЕЛТА ў Міністэрстве па падатках і зборах.

Раней інспэкцыя Міністэрства па падатках і зборах па Менску заклікала грамадзянаў паведаміць інфамрацыю пра нелегальную здачу ўнаём кватэр у Менску.

Яна апублікавала адмысловыя тэлефоны ў Менску, па якіх грамадзяне маглі «здаць» такую інфармацыю ў межах адмысловай кампаніі.

XS
SM
MD
LG