Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згадаем пра Ніну Мацяш


Ніна Мацяш
Ніна Мацяш

Ала Петрушкевіч

19 сьнежня — дзень памяці Ніны Мацяш. Яе ня стала ў 2008 годзе. Ніна сышла, каб застацца. Бо таго вартая. І як Паэтка, і як незвычайна сьветлая Асоба, пра што памятае кожны, хто меў шчасьце не разьмінуцца зь ёю ў жыцьці.

Пра тое, што Ніны не стала, паведаміла Данута Бічэль. Яна ж і пазнаёміла зь Нінаю летам 1996 году. Тыя тры дні ў яе Белаазёрску запомніліся назаўсёды.

Быў гарачы жнівень. І ў першы, і ў апошні дзень езьдзілі на яе азёры, Белае і Чорнае. У першы дзень і яна езьдзіла. Ня ведаю, ці гэта праўда, але расказвалі пазьней, што ўжо ня ходзячы, Ніна па возеры плавала. На сьпіне. Вадзіца трымала яе, а ў руках на вадзе сілаў прыбаўлялася. Часта сабе гэта ўяўляю: Ніна плыве па возеры Белым.

Згадваецца, як чакалі каля дому на той вуліцы Леніна, пакуль прыбірала яе сяброўка-памочніца. Купка дзетак бегала. Дзеці як дзеці, нечым сваім занятыя. Аказваецца, яны чакалі, калі Ніна зьявіцца. Калі ўрэшце згледзелі, адразу адно аднаму перадалі вестку:

Бяжыце сюды! Ніна Мацяш выходзіць!

Не было ў тых словах ані нясьціплае цікаўнасьці, ані нетактоўнага шкадаваньня, што ня ходзіць. Пачулася мне глыбокая павага, імкненьне яшчэ раз угледзець знакамітую Асобу. Сьцішыліся, пасталі і моўчкі глядзелі, пакуль Ніна па тым пандусе, што спэцыяльна для яе пабудаваны быў, зьяжджала. Такая шчырая павага ў нашым часе — вялікая рэдкасьць. Менавіта такою, шанаванаю ўсімі, яна і была для свайго Краю. Нат уладамі ў Белаазёрску, пра што ў лісьце пісала.
Была ў той дзень мілая сябрына ля роднае хаты, дзе гаспадарыла сястра Алена, якая нядаўна з далёкае Афрыкі настала ў Беларусь вярнулася. Жывы быў і тата паэткі, якога яна так пяшчотна называла Сівым Галубком. Засталіся здымкі.

А да хаты бацькоўскае ішлі пешшу. Бо ж блізенька зусім. Задавальненьнем было прайсьціся ўсім разам. І Ніна з намі. У сваім вазку.

Некалькі гадоў запар яна прыяжджала ў Гародню. Не захацела пажыць у нас. Хоць мелі мы тады жыльлё ў інтэрнаце, але месца там хапала. Мела надзею, што на ногі ўстане. Казала адна яе сяброўка, што абавязкова дачакаюцца таго дня, калі зь Нінаю ў лес пойдуць. Быў у Гародні лекар, які тую надзею пасеяў. І мы ўсе таксама спадзяваліся.
Ліставаліся некалькі гадоў, ажно пакуль не настала ў маім жыцьці Максімкава эра, калі ўсё: і час, і сілы — былі яму аддадзеныя.

Прыадкрыў глыбіню яе таленту і яе болю мой Настаўнік Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч. Вельмі даўно. У студэнцтве, у 1980 годзе. Чытаў нам курс «Тэорыя літаратуры». Тлумачыў прынцып мантажу, спалучэньня зьяў, які ў паэзіі валодае асаблівымі магчымасьцямі. Пастаўленыя ў нечаканы кантэкст, словы ў лірычным творы даюць цалкам новы зьмест, чым ужытыя паасобку. У якасьці прыкладу дэклямаваў верш:

Лёс мой — цяжкі колас,
часам — цяжкі камень...
Мне люляць цябе да скону
кволымі рукамі.
Мне з табою быць сам-насам
і несьці ў людзі...

А для таго, каб паразважалі мы пра сэнс твора, каб кожны знайшоў сваё, прапаноўваў верш «Памяці Леаніда Якубовіча»:

Я — камень, кінуты ў раку.
Кругі, расходзяцца кругі,
Усё шырэй, шырэй, здаецца.
Ды раптам зыркне бліскавіца,
І ўжо ня вочы ўбачаць — сэрца:
Усё шчыльней, шчыльней кругі...

Папярэджваў, што кожны такі верш — гэта цуд, яго нельга «расшыфраваць» да канца, растлумачыць, перакласьці на мову звычайных словаў. Можна толькі адчуць і перадаць сваё адчуваньне, напісаць свой твор.

І мы імкнуліся адчуць, нешта тлумачылі, ведаючы, што не растлумачым. Колькі ўсяго бачылася за гэтымі ляканічнымі, але такімі глыбокімі радкамі. Шкада, што запісаў тых студэнцкіх не засталося.

Зразумела, што за ўсім, што з-пад пяра паэткі выйшла — яе лёс, яе вобраз бачыцца. Таму і камянёў тых — вялізная крушня.

Пасьля і я неаднойчы чытала гэтыя вершы сваім студэнтам.

Калі ж пяшчотная бель нарэшце ападала на змакрэлую Гародню, абавязкова чытала яе «Першы сьнег». І было гэта якраз у тым часе сутак, што і ў вершы, — на сутоньні, бо заняткі ў філёлягаў звычайна ў другую зьмену.

Пішу і наноў тое перажываю. І паэтычныя хвілінкі ў часе лекцый, і тое, што за вершам Ніны чыталася:

Над даляглядам вечар устае,
У шыбы вецер апантана ляскае,
І сьнег, і сьнег, як спозьненая ласка!
...I гэтак жа, як ласка, растае.

Чулася ў ім такая пяшчотнасьць, кволасьць і безнадзейнасьць, бо зразумела ж, які лёс першага сьнегу. Не дадзена яму часу даўжэйшага. Няма яму, занадта далікатнаму, месца ў сьвеце, зусім недалікатным, як няма красе і сьветласьці між апантанае, жорсткае цемені.

Насупраць вокнаў аўдыторыі звычайна былі высокія дрэвы, што расьлі пры Гараднічанцы. Глядзела на іх і чытала Нініны шчымлівыя радкі:

Яшчэ лісты самотныя гараць,
Яшчэ ня ўся трава ў зіму ўмарожана.
Не гавары са мной неасьцярожна,
Пяшчотай выпадковаю не рань.

Але яе гераіня заўсёды знаходзіла ў сабе сілы вытрываць, адмовіцца ад таго, у што і верыць ня варта, адрозьніць ману, адчуць фальш.

Зразумець, што пяшчота першага сьнегу бывае вельмі запозьненаю, усяго толькі дэкарацыяй нязбытнаму пачуцьцю. Таму — няхай растае:

На недавер мне сіл яшчэ стае.
Не веснавосьць зь вясёлкавымі краскамі —
А сьнег, а сьнег, як спозьненая ласка,
І гэтак жа, як ласка, растае...

Калі ў кастрычніку 1997 году выпаў першы сьнег, заміж звычайнага, разьвітальнага напісала мне Ніна: «З чыстым сьнегам!» Лісты яе, як вершы, чытаюцца.

А пазьней, калі пачыналіся завеі, абавязкова гучаў яе «Сьнегапад». Ачышчальная моц сьнегавое замеці, яе шырыня вялі за сьцены аўдыторыі, кудысьці на бяскрайнія прасторы:

Замець —
Зь белага сьвету ды з чыстага поля.
Як дзівосна туліцца гарачай шчакою
Да шалёна-вясёлага твару завеі...

Тут так дарэчы абрыў. І дзеля таго, каб перавесьці дыханьне, і каб перанесьціся з тае прасторна-бязьмежнае далечыні ў сваё, асабістае. Абавязкова шчасьлівае. І паверыць, што яно такім і ёсьць. Або абавязкова такім будзе. Бо хіба ж можна жыцьцё на няшчасьці марнаваць? Бо хіба ж можна жыць без пяшчоты, без сяброўства, каханьня? А што бяз гора і сьмерці жыцьця не бывае, і гэта зразумела, то ўдавалася неяк празь Нінін верш іх далёка адвесьці. І паверыць, што студэнты паэтцы і табе вераць, бо так хораша, не зварухнуўшыся, слухаюць, такімі чыстымі вачыма на тую белую замець глядзяць:

Зноў, як некалі, толькі ў харошае веру.
Зноў, як колісь, пяшчотай заходзіцца сэрца.
Толькі белая замець. Ні гора. Ні сьмерці.
Белы вір раўнавагі. Ні здрады. Ні звады.
Не канчайцеся, вейце, мае сьнегапады...

У фінале мне заўсёды чулася Багдановічава: «Навошта ў сьвеце сваркі і звадкі...» Мо таму, што згадвалася, як Данута Бічэль назвала Ніну ягонаю сястрою. Зьбірала вершы, Максіму ахвяраваныя, Ніну намаўляла напісаць. І яна напісала. Галоўнае ў тым вершы было пра іх крэўную зьнітаванасьць праз боль. І праз слова, зразумела ж.

Мала ў нас ведаюць паэзію. І тыя, што філялёгію абралі. Бо, відаць, што абіралі яе не як лёс. Таму ня дзіва, што рэдка якія імёны паэтаў сучасных са школы памятаюць. Але ніколі не было такога, каб не адгукнуліся студэнты на верш Ніны Мацяш «Люблю». І што чыталі яго, памяталі, і што сьпявалі на вечарынах паэтычных, таксама, бо прадвызначана было гэтаму твору стаць рамансам. Так высока прагучаў тут матыў, цалкам пазбаўлены сьлязьлівае сэнтымэнтальнасьці, чыстаю лініяй, калі нішто ня здольнае засмуціць, калі ўсё і так зразумела:

На Ваша «ты» сказаць Вам «ты» ня сьмею,
І калі позірк позіркам злаўлю,
Як птушанё, спалохана нямею.
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.

Колькі чытаю, думаю пра гэты верш, столькі лаўлю сябе на думцы, што ня чую асобных словаў, настолькі натуральна яны пакладзеныя ў радок, зьнітаваныя між сабою ў цэласны мастацкі ўзор:

Сьвятла, што падарылі, не растрачу.
І шчырых слоў ніколі не згублю.
... Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?..
Я не кахаю Вас. Я вас люблю.

Яе сьветлы сьлед жыве. Засталіся ў яе горадзе тыя верныя сяброўкі, што былі пры Ніне, што адбыліся як Асобы дзякуючы Ніне. Ладзяць яны паэтычныя чытаньні «Бабіна лета ў Белаазёрску зь Нінай Мацяш». Прыяжджаюць паэты з розных мясьцінаў, зьбіраюцца людзі. Наведваюць месца яе спачыну. Абавязкова на тых імпрэзах гучаць яе вершы. Ніна заўсёды прысутная там сваім словам, сваім сьветлым пажаданьнем: «Хай вам сьветла будзе, // усім, каго люблю». Так, праз словы любові, яна прысутная з тымі, хто яе памятае.

З трыпціху
Па адляцелых птахах
І
Па Ніне Мацяш

Ніна там, дзе часу няма,
Ніна там, дзе пануе вечнасьць.
Дзе ніколі не ўстане сьцяна
і мяжа, бо там — пазамежнасьць.

Даравана трываньня і болю
ёй было на ўвесь шлях і час.
Ды праменьне яе любові
сагравае кожнага з нас.

Хай зноў восень, зноў сыпле імжа,
ды, набраўшыся ўдосталь сілаў,
яе птаха з яе крыжа
адлятае ў вечны вырай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG