Прэзыдэнт ЗША Барак Абама на сваёй апошняй прэсавай канфэрэнцыі 18 студзеня сказаў, што Злучаныя Штаты не павінны забывацца чаму яны ўвялі санкцыі супраць Расеі пасьля анэксіі Крыму і расейскай падтрымкі сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.
Заява Абамы прагучала празь некалькі дзён пасьля заявы абранага прэзыдэнта ЗША, Дональда Трампа, які сказаў, што ЗША ў будучыні могуць зьняць санкцыі, калі Расея «вельмі значна» скароціць свае ядзерныя запасы.
Абама адзначыў, што варта аддзяляць ад іншых пытаньняў санцыі, уведзеныя супраць Расеі пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе. «Гэта пэўна найлепш паслужыла б ня толькі амэрыканскім інтарэсам, але таксама інтарэсу захаваньня міжнародных нормаў, калі б мы былі ўпэўненыя, што ня блытаем з цэлым шэрагам іншых пытаньняў, чаму былі ўведзеныя гэтыя санкцыі».
Трамп, які мае зьмяніць Абаму 20 студзеня, казаў, што хоча палепшыць адносіны з Расеяй, якія сапсаваліся ў сувязі з канфліктамі ва Ўкраіне і Сырыі.
Барак Абама таксама пракамэнтаваў адносіны з Расеяй на сваёй апошняй прэсавай канфэрэнцыі на пасадзе прэзыдэнта ЗША. Паводле яго, ЗША заўсёды імкнуліся да канструктыўных амэрыканска-расейскіх адносінаў. «Я думаю што ў інтарэсах ЗША, у інтарэсах усяго сьвету, каб у нас з Расеяй былі канструктыўныя адносіны», — сказаў прэзыдэнт ЗША.
Пасьля вяртаньня Ўладзіміра Пуціна на пасаду прэзыдэнта ў Расеі пачалася эскаляцыя антыамэрыканскай рыторыкі, сказаў Абама. Вяртаньне да духу суперніцтва часоў халоднай вайны ўскладніла адносіны паміж краінамі, адзначыў прэзыдэнт ЗША.
Абама таксама сказаў, што Расея не прадэманстравала зацікаўленасьці ў працягу перамоваў па скарачэньні ядзерных арсэналаў пасьля апошняй дамоўленасьці ў гэтай сфэры. Абама выказаў надзею, што абраны прэзыдэнт Дональд Трамп зможа дасягнуць прагрэсу ў пытаньнях ядзернага раззбраеньня.