Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагнозы і нечаканасьці 2015 году


Якія нечаканасьці прынёс 2015 год? Якія прагнозы спраўдзіліся, а якія не? Чым запомніцца 2015-ы? Якія сюжэты гэтага году будуць вызначаць падзеі ў 2016-м? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Сюрпрызы −2015

Дракахруст: На працягу году мы з вамі рабілі аналітычныя перадачы на Радыё Свабода. У гэтыя тыдні робім выніковыя перадачы, прыгадваем самыя важныя падзеі 2015-га, пытаемся ў нашых суразмоўцаў, што чакае Беларусь у 2016 годзе. Як рабілі гэта і раней, як рабілі гэта і летась.

Дык вось наконт леташніх прагнозаў — тых, што рабіліся і на працягу году, і напрыканцы году — якія сюрпрызы, нечаканасьці прынёс 2015 год? Што адбылося такога, чаго не прадказваў ніхто?

Высьветлілася, што ў грамадзтве даволі вялікі запыт на сьвежы твар

Карбалевіч: Абсалютных сэнсацыяў не было. Але былі пэўныя нечаканасьці, у прыватнасьці, для мяне. Збольшага яны былі зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі. Для мяне нечаканым быў фэномэн Тацьцяны Караткевіч. Невядомая грамадзтву жанчына, без біяграфіі, без заўважальнай харызмы раптам атрымала 19% галасоў паводле апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў. Высьветлілася, што ў грамадзтве даволі вялікі запыт на сьвежы твар.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Таксама зьдзівіла тая лёгкасьць, зь якой Лукашэнка атрымаў патрэбны вынік. Такой лёгкай прэзыдэнцкай кампаніі для дзейнага кіраўніка Беларусі, здаецца, яшчэ не было. Таксама для мяне нечаканымі былі лібэральныя ўмовы, у якіх праходзіла прэзыдэнцкая кампанія. Я думаў, што ўмовы будуць больш жорсткія, што будуць рэпрэсіі.

Трохі зьдзівіў глыбокі і амаль непераадольны раскол апазыцыі.

Калі казаць пра міжнародныя падзеі, то для мяне дзіўным было ўмяшаньне Расеі ў сырыйскую вайну.

Цыганкоў: Забягаючы наперад, скажу, што большасьць падзеяў былі спраўджанымі прагнозамі. Аднак мала хто мог прадказаць, што Менск стане месцам правядзеньня перамоваў па Ўкраіне на вышэйшым узроўні. Мала хто меркаваў напрыканцы 2014 году, што ў сталіцу Беларусі прыедуць кіраўнікі Францыі і Нямеччыны Алянд і Мэркэль і будуць разам з Лукашэнкам піць каву і прымаць кветкі зь яго рук.

Не было ніякіх прыкметаў таго, што Лукашэнка выпусьціць Статкевіча


Яшчэ адна падзея, якую мы зараз успрымаем, як норму, але яна не здавалася такой непазьбежнай напрыканцы 2014 году — гэта вызваленьне палітвязьняў.


Безумоўна, наконт гэтага ішлі спрэчкі, некаторыя лічылі, што перад выбарамі Лукашэнка можа вызваліць палітвязьняў. Але, здаецца, большасьць экспэртаў была перакананая, што палітвязьні будуць сядзець да апошняга. Не было ніякіх прыкметаў таго, што Лукашэнка выпусьціць Статкевіча, бо Статкевіч цьвёрда адмаўляўся пісаць прашэньне аб памілаваньні. У той момант, калі Лукашэнка вызваліў палітвязьняў, гэта было гучнай і яскравай сэнсацыяй.

Якія прагнозы спраўдзіліся?

Дракахруст: Ну, я б яшчэ дадаў Нобэля Сьвятланы Алексіевіч, хаця сёй-той гэта ў 2014 годзе і прадказваў. А якія прагнозы спраўдзіліся?

Экспэрты Свабоды казалі, што дэвальвацыя адбудзецца — яна і адбылася

Цыганкоў: У канцы 2014 году многія эканамісты ў нашых перадачах казалі пра тое, што курс беларускага рубля завышаны на 30-50% і неабходная яго дэвальвацыя. Фактычна дэвальвацыя пачалася напрыканцы 2014 году, але юрыдычна курс быў зьніжаны сёлета. Некаторыя думалі, што ён спыніцца на 14000 за даляр, але ён працягваў расьці да цяперашніх 18000. Тут той выпадак, калі можна сказаць: слухайце незалежных эканамістаў, якія даюць свае прагнозы ў эфіры Свабоды. Яны казалі, што дэвальвацыя адбудзецца — яна і адбылася.

Віталь Цыганкоў.
Віталь Цыганкоў.

Наконт прагнозаў на прэзыдэнцкія выбары я могу паспрачацца з Валерам. Для яго было нечакана, а для многіх было чакана, што Лукашэнка выйграе выбары гэтак лёгка. Чаканай была і разьяднанасьць апазыцыі. Яшчэ з канца 2014 году ўсё ішло да таго, што ня будзе ні адзінага кандыдата, ні адзінай пазыцыі.

І яшчэ хацелася б падзяліцца адным назіраньнем. Напрыканцы 2014 году ўсе прадказвалі, што Плошчы-2015 ня будзе, яе і не было. Напэўна, самы яскравы прыклад таго, што як прагназавалі, так і адбылося. І гэта паказала, што апазыцыйныя лідэры маюць сярод апазыцыйнай часткі грамадзтва пэўны аўтарытэт. У 2006 і 2010 годзе гаварылася, што народ, маўляў, сам выйшаў на Плошчу, а не на заклік лідэраў. Але сёлета атрымалася так, што ніхто зь лідэраў — ад самых памяркоўных да самых зацятых, як Статкевіч — на Плошчу не заклікаў. Дык на яе і выйшлі некалькі дзесяткаў чалавек.

Беларускае грамадзтва былі моцна траўмаванае тымі падзеямі, якія адбываліся ва Ўкраіне. Лукашэнка гэта выкарыстаў

Карбалевіч: Як звычайна робіцца прагноз? Бярэцца трэнд, які цяпер разьвіваецца, і экстрапалюецца ў будучыню. І той жа эканамічны крызіс, які пачаўся напрыканцы 2014 году, працягваўся і сёлета. Экспэрты прадказвалі, што эканамічнага росту ня будзе, дык так і адбылося.

Таксама было відавочна, што прэзыдэнцкія выбары пройдуць у звычайным рэжыме, як гэта шмат разоў адбывалася, калі выбары ператвараюцца ў рытуал, у тэхнічную працэдуру. Гэта няцяжка было прадказаць.

У 2014 годзе стаў відавочным уплыў украінскага крызысу на масавую сьвядомасьць у Беларусі. Беларускае грамадзтва былі моцна траўмаванае тымі падзеямі, якія адбываліся ва Ўкраіне. Лукашэнка гэта выкарыстаў, і сацыёлягі зафіксавалі, што, нягледзячы на пагаршэньне эканамічнага становішча, падтрымка Лукашэнкі ня падае. Гэта ж мы назіралі і сёлета.

Працягвалася палітыка нармалізацыі адносінаў з Захадам, якая прыкметна паскорылася ў 2014 годзе, пасьля пачатку ўкраінскага крызісу, калі беларускі бок заняў пазыцыю нэўтралітэту і прапанаваў міратворчыя паслугі. Гэты працэс даволі пасьпяхова працягваўся ў 2015 годзе.

Няправільны прагноз як люстэрка часу

Дракахруст: Неяк у мяне нарадзіліся такая формула: правільны прагноз — гэта ўсяго толькі правільны прагноз, няправільны прагноз — гэта люстэрка часу. Якія прагнозы на 2015 год ня спраўдзіліся і чаму, на ваш погляд?

Крызіс быў, а краху не было

Карбалевіч: Прагноз ня спраўджваецца тады, калі трэнд мяняецца. Лібэральны рэжым прэзыдэнцкай кампаніі быў не падобны на рэпрэсыўны рэжым кампаніі мясцовых выбараў 2014 году. У 2014 годзе калі нейкі пікет ня тычыўся выбарчай кампаніі, яго міліцыя разганяла і затрымлівала ўдзельнікаў. Я спрабаваў экстрапаляваць гэтую тэндэнцыю на прэзыдэнцкія выбары. І памыліўся.

У нас ёсьць экспэрты, якія штогод прагназуюць крах эканомікі Беларусі і існага рэжыму. Крызіс быў, а краху не было. Ёсьць сайты, якія ўвесь час пішуць пра агонію рэжыму. Гэтага таксама не адбылося.

Было шмат прагнозаў наконт паўтарэньня Расеяй украінскага сцэнару ў Беларусі. Гэтага таксама не адбылося. З гэтай жа сэрыі — прагноз наконт зьяўленьня моцнай прарасейскай апазыцыі, наконт прарасейскага Майдану ў дзень выбараў. Гэта ня спраўдзілася, бо Расея свой украінскі сцэнар спрабуе замарозіць і пераключыцца на іншыя аб’екты. І Беларусь пры гэтым апынулася на пэрыфэрыі цікавасьці Крамля, таму гэтыя апакаліптычныя прагнозы ня спраўдзіліся.

Ня спраўдзіўся прагноз пра масавыя пратэсты

Цыганкоў: Значную частку няспраўджаных прагнозаў Валер пералічыў. Я б дадаў яшчэ рэгулярны прагноз пра масавыя пратэсты. Падставы для іх ёсьць — гэта пагаршэньне эканамічнай сытуацыі, зьніжэньне заробкаў, рост беспрацоўя. Але сёлета не адбылося ніводнага значнага сацыяльнага пратэсту, адбываліся толькі традыцыйныя мітынгі апазыцыі ў традыцыйныя дні. Так што гэты прагноз ня спраўдзіўся чарговы раз.

Яшчэ адзін даволі забыты прагноз — наконт поўнага прызнаньня выбараў Захадам. Я прагназаваў, што ня будзе поўнага прызнаньня вынікаў выбараў, ня будзе нават адзначаны істотны прагрэс. А некаторыя экспэрты, занадта пэсымістычныя (ці занадта сьмелыя), казалі, што Захад цалкам прызнае гэтыя выбары, і заўтра ж Лукашэнка пачне езьдзіць па Эўропе. Адбылося замарожваньне санкцыяў, што было зьвязана ня з вынікамі выбараў, а з вызваленьнем палітвязьняў і агульным паляпшэньнем адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам. Але прызнаньня выбараў не было.

2015 год у беларускай гісторыі

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: На ваш погляд, якім увойдзе ў беларускую гісторыю 2015 год, што з таго, што адбылося за гэтыя 365 дзён, застанецца ў народнай памяці, у нашай з вамі памяці?

Цыганкоў: Адказ вельмі лёгкі. Кожны год, калі адбываліся прэзыдэнцкія выбары, мы запамінаем, як год выбараў. Бываюць гады, калі адбываюцца значныя падзеі, з выбарамі не зьвязаныя. Скажам, 2011 год — год маўклівых пратэстаў і год дэвальвацыі. Але некаторыя гады, згадзіцеся, нічым не западалі, не было на іх штампу, пячаткі, якой іх можна было адзначыць.

А ў 2015 году было дзьве пячаткі. Адна традыцыйная — год прэзыдэнцкіх выбараў. Другая — больш яскравая, больш гістарычная — гэта Нобэль Алексіевіч. Тут няма чаго спрачацца — гэтая падзея перабівае нават прэзыдэнцкія выбары. І калі гісторыкі ў будучыні будуць у двух словах прыгадваць 2015 год, першым словам будзе Алексіевіч, другое — прэзыдэнцкія выбары.

Карбалевіч: Да таго, што сказаў Віталь, я б дадаў эканамічны крызыс. Памятаеце, у 2011 годзе, калі была дэвальвацыя, калі развальвалася фінансавая сыстэма, Лукашэнка казаў — гэта не эканамічны крызіс, крызіс — гэта калі спыняюцца прадпрыемствы, калі крызіс перавытворчасьці. Словам, клясычны крызіс, як у падручніках пісалі пра Вялікую дэпрэсію 1920-1930 гадоў. Дык вось у 2015 годзе як раз такі крызіс і здарыўся. Нават афіцыйная статыстыка ўпершыню за шмат гадоў зафіксавала падзеньне ВУП.

Фактычна, упершыню з 1995 году ў Беларусі здарыўся клясычны эканамічны крызіс і гэтым 2015 год таксама ўвойдзе ў гісторыю.

Перамовы па Ўкраіне ў Менску, куды прыехалі кіраўнікі Нямеччыны, Францыі, Расеі і Ўкраіны — мяркую, што гэтая падзея таксама застанецца ў гісторыі.

Трэнды 2015 году ў 2016-м

Дракахруст: Якія сюжэты 2015 году будуць вызначаць разьвіцьцё падзеяў у 2016-м, якія тэндэнцыі пяройдуць у наступны год?

Карбалевіч:

Відавочны прагноз — працяг эканамічнай дэпрэсіі. Працягнецца раскол апазыцыі

. Нават паводле афіцыйных плянаў ураду эканамічны рост на 2016 год практычна не прадугледжваецца — толькі на 0.3%. Так што эканамічная сытуацыя ўвесь год будзе вельмі кепская. І вельмі важным пытаньнем наступнага году будзе пытаньне аб крэдыце МВФ. Адна сытуацыя, калі крэдыт будзе, і ўлады будуць вымушаныя рабіць рэформы, хай і ня ў тым выглядзе, як патрабуе Фонд, і іншая сытуацыя — калі крэдыту ня будзе. Я ацэньваю імавернасьць таго, што крэдыт дадуць, як 50:50.

Парлямэнцкія выбары, на мой погляд, пройдуць у звычайным рэжыме, і мне падаюцца трохі ўтапічнымі спадзяваньні апазыцыі, якая хоча праз Захад прымусіць Лукашэнку правесьці свабодныя выбары.

Я мяркую, што будзе працягвацца раскол апазыцыі, прынамсі, кампанія «Гавары праўду» ня хоча ўступаць ні ў якія саюзы. Але і ў другім лягеры адбываюцца даволі моцныя канфлікты і падзелы.

Таксама лёгка прагназаваць канфліктныя адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй. Такія прагнозы можна рабіць кожны год, і яны заўсёды спраўджваюцца.

Думаю, што будзе працяг працэсу нармалізацыі адносінаў з Захадам. Мяркую, што дзеяньне санкцыяў ня будзе адноўленае пасьля завяршэньня ў лютым чатырохмесячнага мараторыя, мараторый будзе працягнуты яшчэ на паўгода ці на год.

Рэцэсія надоўга, сытуацыя ня выправіцца за адзін год

Цыганкоў: Я скажу пра прыблізна тыя ж тэмы, пра якія сказаў Валер. Найперш гэта эканамічны крызіс. Афіцыйны прагноз — нулявы рост, стагнацыя — будзе найлепшым, аптымістычным варыянтам. Вядомы беларускі эканаміст Дзьмітры Крук напрыканцы 2014 году казаў, што адсутнасьць росту будзе добрым сцэнаром, а кепскім сцэнаром на 2015 год ён называў скарачэньне ВУП на 4-5%. Апошняе і адбылося.

Мы жывем у новай рэальнасьці, калі нафта ня 100 даляраў за барэль, а 40 — і гэта, відаць, надоўга. Таму і рэцэсія надоўга, сытуацыя ня выправіцца за адзін год.

Дракахруст: У сувязі з гэтым — як наконт прагнозу сацыяльных узрушэньняў? Вы сказалі, што ня спраўдзіліся падобныя прагнозы адносна 2015 году. А на 2016 год вы даяце такі прагноз?

Цыганкоў: Калі сыходзіць з нашай аналітыкі, то больш шанцаў на тое, што значных сацыяльных узрушэньняў ня будзе. Зараз усё менш рабочых на вялікіх заводах — хто зьяжджае ў Расею, хто сыходзіць у іншыя сфэры. Патэнцыял незадаволенасьці не ператвараецца ў актыўныя дзеяньні. Можна шмат сказаць пра тое, чаму 2015 і 2011 гады — гэта не 1991. Таму на вашае пытаньне пра сацыяльныя ўзрушэньні я б адказаў прапорцыяй: 20% за тое, што яны будуць, 80% — што не.

Варта чакаць далейшай асьцярожнай спробы адрыву афіцыйнага Менску ад Масквы

У 2016 годзе, на мой погляд, варта чакаць далейшай асьцярожнай (ці нават ня вельмі асьцярожнай) спробы адрыву афіцыйнага Менску ад Масквы. Лукашэнка назірае за расейскай палітыкай, якая некаторым нагадвае рэйс «Тытаніка», і ён разьлічвае варыянты, як бы не патануць разам з гэтым «Тытанікам», а апынуцца ў лодцы, на якой своечасова адплыць як мага далей. Гэта немагчыма зрабіць імгненна, але ён над гэтым разважае.

Парлямэнцкія выбары 2016 году зафіксуюць далейшы падзел апазыцыі. Раней такога не было. Зараз паўстала на канкрэтныя рэйкі зьяўленьне памяркоўнай, «неапазыцыйнай» апазыцыі. Гэта новая тэндэнцыя, якая ў той ці іншай форме будзе разьвівацца ў 2016 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG