Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Östgruppen патрабуе адстаўкі кіраўніка прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майры Моры

абноўлена

майра
майра

Швэдзкая праваабарончая арганізацыя Östgruppen мяркуе, што кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майра Мора дзейнічае ў парушэньне асноватворных каштоўнасьцяў і афіцыйнай палітыкі ЭЗ.

Таму яна павінна быць вызвалена ад пасады, лічыць Östgruppen. Швэдзкія праваабаронцы заклікаюць свой урад падняць гэтае пытаньне ў ЭЗ.

«Замест таго каб выразна выказаць афіцыйную лінію ЭЗ у падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, Майра Мора неаднаразова дзейнічала такім чынам, што гэта хутчэй служыла інтарэсу нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі. Таму яна вычарпала свой крэдыт даверу як прадстаўнік ЭЗ», — кажа старшыня Östgruppens Марцін Угла.

Майра Мора ня раз расчароўвала дэмакратычныя сілы ў Беларусі сваімі публічнымі выступамі. Мінулай восеньню яна ўзяла ўдзел, напрыклад, у ток-шоў «Дело принципа» на дзяржаўным тэлеканале, заклікаючы, каб усе беларусы падтрымалі прэзыдэнта Лукашэнку.

На днях Майра Mора ўзяла ўдзел у тым жа ток-шоў і пахваліла там Лукашэнку за ягонае ўменне «камунікаваць з народам». У той жа час яна не агучыла афіцыйныя патрабаваньні ЭЗ да беларускага рэжыму — вызваліць усіх палітычных зьняволеных, хоць у яе наўпрост спыталі, што ў цяперашняй сытуацыі перашкаджае супрацоўніцтву ЭЗ і Беларусі.

У той жа дзень адбываўся суд над самым вядомым палітычным зьняволеным у краіне, экс-кандыдатам у прэзыдэнты Мікалаем Статкевічам. Праваабаронцаў і прадстаўніка ЭЗ не дапусьцілі на паседжаньне суду, дзе Статкевічу прысудзілі больш жорсткія ўмовы адбыцьця пакараньня да канца тэрміну зьняволеньня.

Пры Майры Моры рэпутацыя прадстаўніцтва ЭЗ у Менску сярод беларускіх дэмакратычных сілаў значна пагоршылася. Адчуваецца відавочнае нежаданьне прадстаўніцтва ўдзельнічаць у кантэкстах, зьвязаных з дэмакратыяй і правамі чалавека.

Гэта хвалюе Östgruppen. Таму арганізацыя заклікае ўрад Швэцыі падняць гэтае пытаньне ў ЭЗ.

Швэдзкі міністар замежных спраў Маргот Валстрэм раней сказала, што палітыка Швэцыі і ЭЗ датычна Беларусі павінна выразна заняць пазыцыю за дэмакратыю і правы чалавека. Гэтае імкненьне павінна адносіцца і да прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі, кажа Марцін Угла.

Эўразьвяз і яго прадстаўніцтва ў Беларусі «засяроджвалі ўвагу на перашкодах»

У Прадстўніцтва ЭЗ у Беларусі пракамэнтавалі заяву швэдзкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen, якая мяркуе, што кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майра Мора дзейнічае ў парушэньне асноватворных каштоўнасьцяў і афіцыйнай палітыкі ЭЗ.

«Эўрапейскі зьвяз і Прадстўніцтва ЭЗ у Беларусі засяроджвалі ўвагу на перашкодах (у тым ліку на пытаньні палітычных зняволеных) на шляху да паляпшэньня адносін паміж Эўразьвязам і Беларусьсю пры шматлікіх нагодах, і яны будуць працягваць гэта рабіць, пакуль гэтыя перашкоды існуюць», — адзначылі карэспандэнту Свабоды ў Прадстўніцтва ЭЗ у Беларусі.

Праваабаронцы Östgruppen у сваёй заяве лічаць, што Майра Мора павінна быць вызвалена ад пасады і заклікаюць свой урад падняць гэтае пытаньне ў ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG