Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Östgruppen: рашэньне па Танкачовай мае выразны палітычны матыў


Алена Танкачова
Алена Танкачова

Прадстаўнікі швэдзкай арганізацыі «Östgruppen» камэнтуюць пастанову менскага суду, які адмовіўся скасаваць ранейшае судовае рашэньне аб дэпартацыі праваабаронцы Алены Танкачовай зь Беларусі.

Неўзабаве Танкачову павінны выслаць зь Беларусі. Östgruppen называе прысуд «выразна палітычна матываваным рашэньнем» і заклікае ЭЗ і Швэцыю «адрэагаваць на яго»

Паводле кіраўніка швэдзкай праваабарончай ініцыятывы Марціна Углы, вельмі важна, каб Швэцыя ды Эўразьвяз адрэагавалі на рэпрэсіі беларускага рэжыму.

«Аляксандар Лукашэнка хоча пазбавіцца ад крытычных галасоў напярэдадні восеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў, і дэпартацыя Tанкачовай — яскравы прыклад гэтага. Міністар замежных спраў Маргот Вальстром павінна публічна скрытыкаваць рашэньне, а таксама падштурхнуць ЭЗ да афіцыйнай крытычнай заявы», — перакананы Марцін Угла.

Як вынікае з заявы швэдзкіх праваабаронцаў, Алена Танкачова і праваабарончы цэнтар Lawtrend, які яна ўзначальвае, пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году адыгрываюць актыўную і важную ролю ў беларускім жыцьці. Яны дакумэнтавалі і маніторылі судовыя пазовы супраць апазыцыйных кандыдатаў і іншых крытыкаў беларускага рэжыму, іншыя дзеяньні ўладаў, калі людзей беспадстаўна кідалі ў турмы, абвінавачваючы іх ва ўдзеле ў беспарадках.

Таксама сябры Östgruppen хацелі б убачыць ад ЭЗ ня толькі афіцыйную заяву, але і пэўныя канкрэтныя дзеяньні. Яны прапануюць уключыць асобаў, адказных за судовае рашэньне па Tанкачовай, у тым ліку судзьдзяў, у сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якія нясуць адказнасьць за парушэньні правоў чалавека і супраць якіх Эўразьвяз увёў санкцыі..

«Адна з мэтаў санкцыяў — паказаць, што парушэньні правоў чалавека маюць адмоўныя наступствы для вінаватых. Гэта выдатная магчымасьць прадэманстраваць падобнае на практыцы», — лічыць Марцін Угла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG