Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танкачова: Такога не было з савецкіх часоў

абноўлена

Алена Танкачова ў Першамайскім РУУС Менска ў чаканьні рашэньня аб дэпартацыі
Алена Танкачова ў Першамайскім РУУС Менска ў чаканьні рашэньня аб дэпартацыі

Праваабаронца Алена Танкачова будзе абскарджваць і рашэньне беларускіх уладаў пра ануляваньне яе віду на жыхарства, і пастанову аб высылцы з краіны з забаронай вяртаньня цягам трох гадоў.

Праваахоўныя органы Беларусі прынялі рашэньне дэпартаваць Алену Танкачову бяз права вяртаньня ў Беларусь цягам трох гадоў. Пакінуць Беларусь яна павінна цягам месяца.

Пасьля азнаямленьня з тэкстам пастановы Алена Танкачова зьвярнулася да журналістаў у будынку Аддзела па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага раёна Менска:

«У пастанове ўказана, што не прынятыя пад увагу хадайніцтвы, якія прадстаўленыя з месца працы, і хадайніцтвы сваякоў. Ніводнае з хадайніцтваў грамадзян не ўказана ў якасьці крыніцы звароту да органаў улады. Такім чынам пры вынясеньні рашэньня ігнараваныя 7 100 пэтыцый. Усе подпісы, якія былі сабраныя апроч электронных пэтыцый, таксама праігнараваныя. Фактычна меркаваньні грамадзян адносна маёй асобы не прынятыя пад увагу.

Улічваючы тое, што дакумэнт, які мне ўручылі цяпер, складае агулам 5 старонак, я думаю, што ён быў падрыхтаваны з самога ранку. Уся працэдура, якая адбывалася на працягу дня, была імітацыяй працэсу ўзважанага прыняцьця рашэньня.

Самае сьмешнае, на што я прашу зьвярнуць увагу, — абгрунтаваньне маёй грамадзкай небясьпекі. З гэтай прычыны я мушу пакінуць Беларусь цягам месяца, за свой кошт і за тры дні да выезду я мушу паведаміць у органы міграцыі, калі і ў якім парадку я буду пакідаць краіну. Даслоўна яно гучыць так:

„У адпаведнасьці з артыкулам 948 Грамадзянскага Кодэкса аўтамабіль зьяўляецца крыніца падвышанай небясьпекі. Кіраваньне грамадзянскай РФ Танкачовай А.Б. крыніцай падвышанай небясьпекі магло прывесьці да прычыненьня грамадзянам цялесных пашкоджаньняў ці пацягнуць іхную сьмерць“».

Праваабаронцу Алену Танкачову дэпартуюць зь Беларусі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:05 0:00

Алена Танкачова адзначыла, што зафіксаванымі парушэньнямі зьяўляюцца выключна нязначныя перавышэньні хуткасьці. Яна зьвярнула ўвагу, што гэтыя спагнаньні таксама будуць абскарджвацца ў судовым парадку, бо няма аніякіх доказаў таго, што менавіта яна знаходзілася за стырном аўтамабіля ў момант зафіксаванага парушэньня.

«Такога забаўнага абгрунтаваньня мне цяжка згадаць з пэрыяду высылкі савецкіх часоў», — заявіла Танкачова.

Праваабаронца будзе абскарджваць і рашэньне пра ануляваньне віду на жыхарства і пастанову аб высылцы.

Танкачова адзначыла сувязь паміж рашэньнем аб яе высылцы і дзейнасьці праваабарончай арганізацыі Lawtrend, якую яна ўзначальвае:

«Наконт гіпотэзы аб падрыхтоўцы да прэзыдэнцкіх выбараў і ролі нашай арганізацыі па фіксаваньні парушэньняў з боку праваахоўных органаў падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў. Мне дадаткова паведамілі, што ў іх ёсьць падставы меркаваць, што тэрмін маёй забароны на ўезд у краіну можа быць скарочаны па маім дадатковым хадайніцтве на адзін год», — заявіла Танкачова.

«Нікому не расстройвацца, перажывем, непрыемна, абскардзім, будзем працаваць далей», — такімі словамі Алена Танкачова разьвіталася з журналістамі.

6 лістапада а 12 гадзіне у офісе праваабарончай арганізацыі «Вясна» адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя Алены Танкачовай. Радыё Свабода плянуе весьці онлайн-трансляцыю гэтай падзеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG